адча́й, ‑ю, м.

1. Стан крайняй безнадзейнасці, упадку духу з прычыны гора, непрыемнасці; роспач. «Што рабіць, што рабіць?» — у адчаі шаптала .. [Антаніна] і кінулася ў канюшню, што стаяла поруч, да Лявона. Васілевіч. Ах, як.. [Жэні] цяжка было сказаць апошнія словы! Яна вымавіла іх з горыччу і нават з адчаем. Мележ. Фінал .. большасці навел Мапасана — беспрасветны адчай. Галавач.

2. Рашучасць, адвага, вялікая рызыка, безразважная храбрасць. Адзін немец трымаў лескі, а другі, ускарабкаўшыся па іх пад самую страху, сцягваў з сена нейкую жанчыну. Жанчына з адчаем адбівалася. Колас. Вада ў лодцы ўсё прыбывала, і ніякая сіла ўжо не магла спыніць яе. Са злым адчаем выбіваліся з сіл Федзя і Ільюша. Каваль. Камандзір палка толькі дзівіўся адчаю і смеласці хлапцоў і Ганны. Нікановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́дацца, ‑дасца; ‑дадуцца; зак.

1. Утварыць выступ, выступіць за мяжу чаго‑н. Прыбудова выдалася на панадворак. □ Тонкія губы былі сцяты, а падбародак з ямачкай, здавалася, яшчэ больш выдаўся наперад. Дуброўскі.

2. Вылучыцца са звычайнага раду чым‑н., выпасці; здарыцца. Дзень, як на дзіва, выдаўся цёплы і прыгожы. Чорны. // Удацца. Каша выдалася на дзіва смешная. Быкаў. Калі ж ураджай не выдасца, дык і [жніўная] песня нейкая самотная. Сабаленка. // Аказацца на самой справе; трапіцца. На шчасце, бераг выдаўся вельмі ўтульны. Маўр.

3. Знайсціся; выпасці (пра вольны час). Ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам. А то на табе: скасілі ўсе сенажаці, застагавалі сена, ды яшчэ выдаўся вольны час. Асіпенка.

4. Разм. Надрукаваць сваю кнігу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́меркаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

1. Знайсці, сэканоміць шляхам дакладнага разліку; выгадаць, выкраіць. Вымеркаваць з бюджэту тысячу рублёў на рамонт. Вымеркаваць свабодную гадзіну. □ Ліпа са сваёй малою дачкою ехала з поўдня, дзе яны адпачывалі ля мора, і ўсё ж вымеркавала, колькі дзён, каб заехаць у Жыцькава. Сіпакоў.

2. Выбраць зручны момант. [Стафанковіч:] — Выбачайце, але калі я вас магу застаць дома? [Люба:] — Я сама не ведаю. — Калі так, то я ўжо як-небудзь вымеркую. Чорны.

3. У адпаведнасці з абставінамі ўлічыць усё неабходнае для ажыццяўлення якой‑н. мэты; правільна разлічыць. Як толькі сагнала з палёў снег, пан Зыгмусь сам зрабіў агляд зямлі, каб загадзя вымеркаваць, дзе што засеяць. Колас. [Павел Іванавіч:] — Вымеркуем так, што ў дні заняткаў у цябе будуць меншыя рэйсы. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абкла́сці, ‑кладу́, ‑кладзе́ш, ‑кладзе́; ‑кладзём, ‑кладзяце́; зак., каго-што.

1. Прыкладваючы што‑н. да чаго‑н., пакрыць з усіх бакоў. Абкласці печ кафляй. □ А галава кружылася. Здавалася, што ўсяго яго [Курта] абклалі мяккім цёплым пухам. Сабаленка. Кабана палажылі на дварэ, абклалі яго саломай, і бацька са здавальненнем запаліў запалку. Чарнышэвіч. // Загарнуць, абгарнуць. Абкласці кнігу газетай. // Пакрыць суцэльнай масай; зацягнуць. Чорныя хмары абклалі неба. / безас. Пакрыць (язык, горла) белым налётам пры хваробе. Горла абклала. // Абшыць што‑н. чым‑н. Абкласці каўнер футрам.

2. Акружыць войскам; асадзіць. Абкласці горад. // Абкружыць звера на паляванні. Касцы адразу паўскак[в]алі, Драпежніка з усіх бакоў абклалі. Валасевіч.

3. Абавязаць да выплаты натурай або грашыма каго‑н. Абкласці падаткам. Абкласці пошлінай.

4. Разм. груб. Вылаяць непрыстойнымі словамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

камі́сія, ‑і, ж.

1. Група асоб як орган, што ўтвараецца напастаянна або часова для выканання пэўных задач. Выбарчая камісія. Следчая камісія. Прыемная камісія. □ Трывожыліся не на жарты члены рэвізійнай камісіі, спяшаліся да кааператыва, правяралі замкі, накладвалі пячаці. Лынькоў. Ад імя камісіі Іван Паўлавіч зачытаў вынікі экзаменаў і павіншаваў вучняў са сканчэннем школы. Васілевіч.

2. Орган дзяржаўнага кіравання, які выконвае пэўныя функцыі. Дзяржаўная планавая камісія.

3. Дагавор, паводле якога адзін бок абавязваецца за ўзнагароду зрабіць пэўныя здзелкі ад свайго імя па даручэнню і за кошт другога боку.

•••

Канфліктная камісія — камісія, якая вырашае спрэчкі і канфлікты паміж адміністрацыяй і работнікамі прадпрыемства, паміж прадпрыемствамі і інш.

На камісію — для продажу за пэўную ўзнагароду (здаць, прыняць).

[Ад лац. commissio — даручэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́муж,

1. прысл. У выразах: пайсці (выйсці, зайсці) замуж за каго — стаць чыёй‑н. жонкай. [Марына] друга мілага знайшла І выйшла замуж за Данілу. Колас; пайсці (выйсці, зайсці) замуж куды — пажаніўшыся, пераехаць у тую мясцовасць, дзе жыве жаніх. — Жыве .. [бабка Мар’яна] ў суседнім сельсавеце, у Забалоцці: выйшла некалі туды замуж. Якімовіч; выдаць (аддаць) замуж за каго — зрабіць чыёй‑н. жонкай, садзейнічаць уступленню ў шлюб жанчыны. Са старою паняй жыла адзіная дачка, якую з-за ваеннага ліхалецця і нецікавага выгляду не ўдалося выдаць замуж. Брыль; браць (узяць) замуж — жаніцца з кім‑н.

2. у знач. наз. за́муж, ‑а, м. Замужжа, шлюб. І Марфа — не маленькая. Сам чуў — яна прыходзіла да Кляновіча і з яго жонкай гутарыла. Няўдалы замуж, гаворыць. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зна́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Вялікі намерам, колькасцю, сілай і пад. Значная частка. У значнай ступені. □ Малыя варожыя заслоны, якія трапляліся на шляху, — знішчалі [байцы]. Ад сустрэчы са значнымі сіламі ворага ўхілялася, заходзілі глыбей у лясы. Шамякін. Няма патрэбы ўсяму ўзводу ісці пад Доўгі Брод, .. тым болей, што для гэтага трэба зрабіць значны крук. Колас.

2. Важны па значэнню; істотны. Значныя падзеі. Значная роля. □ Астаючыся верным сабе, Кашын не прапускаў ніводнага больш-менш значнага сходу. Карпаў. // Разм. Які займае высокае становішча ў грамадстве; уплывовы. Ну, калі ўжо сам таварыш Верашчака... — прамовіў я такім тонам, быццам мне вельмі добра было вядома, якая гэта значная птушка — Верашчака. Васілёнак.

3. Разм. Бачны, прыметны. Вусны дзедавы складаліся ў ледзь значную ўсмешку. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заці́шак, ‑шку, м.

1. Ціхае, затуленае ад ветру месца. Яблыні згіналі кучаравыя галіны пад платамі і стваралі заценены зацішак. Пестрак. Дзед з унукам стаіліся ў зацішку, каля прыбудоўкі. Даніленка. // перан. Ціхае, спакойнае, адасобленае месца. Са шпіталя [Аляксея] хацелі паслаць у тыл. — Каго, мяне? Як жа я буду сядзець недзе ў зацішку, калі мае таварышы ваююць? Мележ. Мы й самі жывём не ў зацішку — Вялікія змены і ў нас. Звонак.

2. Тое, што і зацішша (у 1 знач.). — Глядзі на мора. Шторм блізіцца. Такі зацішак звычайна перад штормам. Карамазаў. Перайшлі мы палі, Абышлі гарады, Разам зналі баі і хвіліны зацішку. Броўка. Звычайна ж зацішкі цягнуцца нядоўга, а тым болей зацішак у жывым людскім жыцці. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заяві́ць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; што, аб чым, пра што або са злучн. «што» і без дап.; зак.

Паведаміць, сказаць аб чым‑н. адкрыта, катэгарычна. Заявіць аб сваім намеры. □ Даведаўшыся ад Міхася, што ён .. збіраецца ў Адэсу, старая заявіла: — І я паеду з мужыкамі. Не кожны дзень такое бывае. Б. Стральцоў. — Трэба зразумець, хто намі кіруе і чаму, трэба голасна заявіць аб сваім праве і падтрымаць гэтае права сілаю. Колас. // Паведаміць у якія‑н. органы. Заявіць у міліцыю. □ Праз хвілін дзесяць .. [Міхал] быў ужо ў сельсавеце і заявіў, што бачыў каля рэчкі труп. Чорны. [У Зосі] зусім даспявае намер: «Усё роўна ж заяўлю. Скажу заўтра ў хаце, што пайду бацькі даведацца, а сама пайду і заяўлю». Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зво́нкі 1, ‑ая, ‑ае.

Гучны, гулкі; проціл. глухі. Звонкі крык. Звонкая песня. □ Звонкі голас пакаціўся па люстранай роўнядзі ракі і шматразовым рэхам адгукнуўся ў лесе. Шчарбатаў. // Здольны гулка, выразна гучаць. Звонкае шкло. □ А каля масткоў на чыгунцы стаяў вясёлы гоман звонкіх кропель, сцякаючых у ажыўшыя рачулкі і ручайкі. Колас. // Здольны гучна адбіваць гукі, даваць адгалоскі. Здароў, марозны звонкі вечар! Здароў, скрыпучы мяккі снег! Багдановіч. Паветра было, як шкло, празрыстае і звонкае. Шамякін. // Які ўтвараецца з удзелам голасу (пра гукі). Звонкі зычны.

•••

Звонкая манета гл. манета.

зво́нкі 2, ‑нак; адз. звонка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Картачная масць, якая абазначаецца чырвонымі ромбікамі. — Звонкі козыры, — здаў Паўлюк карты і абцёр пот са лба. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)