ужо́, прысл. і часціца.
1. прысл. Указвае па наступленне, канчатковае завяршэнне якога‑н. дзеяння, стану, прыкметы. Ужо вечарэла, калі Міколка з дзедам патрапілі на незвычайную стаянку ў лесе. Лынькоў. Вось ужо і сонейка зайшло, птушкі сціхлі. Якімовіч. // Указвае на змены, якія адбыліся з прадметам, з’явай, месцам дзеяння. Хутка распаўсюдзіліся чуткі, што савецкія войскі ўжо каля Мінска. Дзюбайла.
2. прысл. Нарэшце. [Нехта са сходу:] — Сціхні ты ўжо! Чаго галёкаеш, як у лесе! Зарэцкі.
3. прысл. Зараз, цяпер. — Ешце ўжо вы, я пасля, — адказала Вера Мікалаеўна. Арабей.
4. часціца ўзмацняльная. Ужываецца для падкрэслівання якога‑н. слова. Не так ужо дрэнна. Ужо не раз яму казалі. □ Ужо ў дзвярах Нічыпар азірнуўся. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уклада́нне 1, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. укладаць 1 — укласці 1 (у 1–6 знач.).
2. Тое, што ўкладзена, змешчана ўнутр. Бандэроль з укладаннем.
3. Грашовая сума, укладзеная ў якую‑н. справу, якое‑н. прадпрыемства. Велізарныя ўкладанні іншаземнага капіталу ў рускую прамысловасць і вялікі рост дзяржаўнага доўгу іншаземнай буржуазіі ставілі царскую Расію ў залежнае становішча. «Полымя».
•••
Капітальныя ўкладанні — сродкі, якія дзяржава прызначае на капітальнае будаўніцтва.
уклада́нне 2, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. укладаць 2 — укласці 2.
2. Разм. Сачыненне. Укладанне [Веранікі] па рускай літаратуры зачытвалі перад усім класам. Навуменка. З кіпы сшыткаў [Мар’я Іванаўна] выцягнула Нінін сшытак і зачытала ўрыўкі з яе ўкладання. Сапрыка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
успе́рці, узапру, узапрэш, узапрэ; узапром, узапраце; пр. успёр, ‑перла; зак., каго-што.
Разм.
1. Падняўшы, ускласці што‑н. цяжкае, грувасткае на каго‑, што‑н., куды‑н. Усперці мяшок на спіну.
2. Надзець, абуць што‑н. цеснае. Боты цесныя, ледзь успёр на ногі.
3. Абаперці (рукі, ногі і пад.) на каго‑, што‑н. Лапы сам [заяц] На пень успёр, Азірнуў натоўп і бор. Калачынскі.
4. Узнесці. Усперці шафу на чацвёрты паверх.
5. перан. Пералажыць якія‑н. цяжкія абавязкі, віну і пад. на каго‑н. другога. Добра, што Лейкі не было. А каб была! Яна б завыла, залямантавала, вылаяла б увесь свет, а потым усю віну ўсперла б на Алтара. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хвалява́нне, ‑я, н.
1. Рух хваль на паверхні вады, гайданне яе. Хваляванне на моры.
2. Нервовае ўзбуджэнне, выкліканае адчуваннем трывогі, радасці і пад. Лабановіч пачуваў лёгкае хваляванне: у гэты дзень твар у твар спаткаецца ён з тымі дзецьмі, якія даручаюцца яму і маральны адказ за якіх ён павінен узяць на сябе. Колас. Адчыніўшы дзверы, .. [Тэкля] з нейкай нецярплівасцю і хваляваннем паглядзела на вароты. Краўчанка. І з хваляваннем кожны з нас Ступіў на бераг запаветны, Дзе вырашаўся ў грозны час У бітвах лёс усёй краіны. Танк.
3. звычайна мн. (хвалява́нні, ‑яў). Масавы рух, пратэст супраць чаго‑н. Хваляванні рабочых у капіталістычных краінах. Сялянскія хваляванні ў царскай Расіі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цвялі́ць, цвялю, цвеліш, цвеліць; незак., каго-што.
1. Дражніць, раздражняць. [Ілья Ільіч:] — Дзеці бегаюць па вуліцы, сабак цвеляць. Кулакоўскі. — Ой, сціхні хоць ты, Сяргей, не цвялі душу, — замахаў на Церахава Павел Кукушкін. Місько. // Выклікаць зайздрасць. [Мацвей] з першага разу адолеў араць і ўжо Андрушку паказваў, што ён ледзь не адной рукой можа трымаць плуг. А Андрушку гэта цвяліла. Лобан. // Хваляваць, расчульваць каго‑н. Частушкі аб каханні Мішка сабраў у папуры і так цвяліў імі хлопцаў і дзяўчат, так расчульваў, што рабіліся яны, як ліповыя — гні куды хочаш. Ермаловіч.
2. Выклікаць якія‑н. пачуцці, надзеі, жаданні. Мае сябры, Надзея цвеліць, Што не рассыплецца краса — Яна дажджом пялёсткаў белых Аквеціць новы зорны сад. Глебка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
часць, ‑і, ж.
1. Асобная самастойная вайсковая адзінка. Танкавыя часці. Пяхотныя часці. □ Вайсковая часць.. атрымлівае заданне: выбіць фашыстаў з умацаванняў. «Звязда».
2. Доля, пай, якія належаць каму‑н. [Богушу] ўжо не да твару калупацца ў зямлі, ён прадае сваю часць і едзе ў свет. Скрыган.
3. з азначэннем. Разм. Галіна якой‑н. дзейнасці; спецыяльнасць. Пайсці па слясарнай часці. □ [Дзед:] — Праўда, на сына мала было надзеі: ударожыўся ён па лясной часці. Якімовіч. // Круг, сфера чыіх‑н. абавязкаў, інтарэсаў, дзейнасці. — А ты замест таго, каб тытунём сабе галаву тлуміць, пацешыўся б во прыродай! — кінуў Наркевічу.. Севасцьянаў. — Ну, гэта па тваёй часці, — засмяяўся Наркевіч, — ты ж паэт, а не я. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ша́рпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Утвараць сухі шум, дакранаючыся да чаго‑н. або ад дотыку чаго‑н.; шуршэць. На дварэ курылася замець. Шарпалі па шыбах голыя галінкі бэзу, нібы прасіліся ў хату пагрэцца. Шашкоў. Шарпае пад лёгкімі лапцікамі колкае і яшчэ поўнае соку ржышча. Гарэцкі.
2. што. З шумам дакранацца да чаго‑н., кратаць, драпаць што‑н. Чутно стала, як аб пясок разбіваюцца хвалі, нібы якісьці звер шлёпае лапамі па вадзе і шарпае гальку. Дуброўскі. // Шукаць. Мусатаў збялеў. — Вось якія справы. Калі ўжо шарпаць, то не ў Хаданоўскай пушчы, а ў Янавай. Ды і Кортаўскі востраў памацаць не шкодзіла б. Караткевіч.
3. што. Драць. Шарпаць адзенне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шука́льнік, ‑а, м.
1. Чалавек, заняты пошукамі чаго‑н. Нястомным шукальнікам і адкрывальнікам хараства з’яўляецца ў сваіх новых творах У. Дубоўка. Гіст. бел. сав. літ. У шукальнікаў папараць-кветкі І праўды; У мару, Што вечна жыве чаканнем, — Не кіну ніколі — Насмешкі каменем, Бо траплю ў сябе. Арочка. // Асоба, якая займаецца прафесійна адкрыццём, пошукамі радовішчаў, новых раслін і пад. Прайшоў я шмат па сушы і па вадзе, Дапытлівы шукальнік і геолаг. Звонак. Вось так прайшлі шукальнікі алмазаў Удоўж і ўшыр суровую тайгу. Калачынскі.
2. Спец. Прыбор, прыстасаванне, якія служаць для адшуквання якіх‑н. аб’ектаў. Запальваюцца кантрольныя лямпачкі. Недзе ўнутры пацокваюць шагавыя шукальнікі, прыглушана гудуць механізмы. «Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шыфр, ‑у, м.
1. Сістэма ўмоўных знакаў для тайнага пісьма, якое чытаецца з дапамогай ключа. Кастусь быў старшым радыстам: усе сакрэтныя шыфры знаходзіліся ў яго. Ваданосаў. Урэшце прыйшоў [вучоны] на навуковы сход і з гордасцю сказаў: — Я знайшоў ключ да шыфру! Я дабіўся свайго — прачытаў тайнапіс! Дубоўка. // Умоўнае абазначэнне або замена слоў і пад. чым‑н. Думалі, што.. [Луцкевіч] не ведае шыфру перастуквання. Машара.
2. Умоўны знак або знакі на кнігах, рукапісах. падшыўках і пад., якія прымяняюцца пры іх захаванні ў бібліятэцы, архіве і ўказваюць дакладнае месцазнаходжанне. // Умоўнае абазначэнне якога‑н. сакрэтнага дакумента, сакрэтнай работы. Шыфр наверсе стаяў адзін, а работа была розная — для розных цэхаў і гаспадарак. Скрыган.
[Фр. chiffre.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Кашнэ́ ’хустка, вузкі шалік, якімі закрываюць шыю пад паліто’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. кашне́, укр. кашне́. Першакрыніцай запазычання з’яўляецца франц. cache‑nez ’тс’. Франц. слова ўзнікла складаннем, на базе элементаў cacher ’хаваць’ і nez ’нос’. У рус. мове слова запазычана ў сярэдзіне XIX ст. (першая фіксацыя ў 1859 г.). Цікава, што яшчэ Даль у сваім слоўніку прапанаваў пераклад гэтага запазычанага франц. слова як носопрятка. У сувязі са слаба даследаванай канкрэтнай гісторыяй слова кашнэ (як, дарэчы, і многіх іншых культурных слоў) можна ставіць пытанне і аб мовах-пасрэдніках, якія маглі ўплываць на вымаўленне запазычаных лексем. У даным выпадку адзначым, што вымаўленне франц. cachenez выключна як kašine: уласціва толькі ням.-аўстр. вымаўленню (гл. Fremdwörterbuch. Leipzig, 1965, S. 105).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)