рагавы́ 1, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да рога ​1 (у 1 знач.). Рагавыя адросткі. Рагавое рэчыва. // Зроблены з рога ​1 (у 1 знач.). Рагавыя акуляры. □ Асобны параграф.. [Шчакаціхін] прысвячае арнаментыцы неалітычнай эпохі, якая знайшла выяўленне на рагавых і каменных сякерах. Ліс. // Які складаецца з таго самага рэчыва, што і рог ​1 (у 1 знач.). Рагавы кіпцюр. Рагавое покрыва.

•••

Рагавая абалонка — тое, што і рагавіца.

рагавы́ 2, ‑ая, ‑ое.

Які знаходзіцца на рагу, вуглавы. Турэмная стража пад моцным канвоем павяла.. [Нявіднага] ў адзіночную камеру, што змяшчалася ў ніжнім этажы рагавой турэмнай вежы. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгалінава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разгаліноўваць — разгалінаваць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. разгаліноўвацца — разгалінавацца. // Месца, дзе што‑н. разгаліноўваецца ў розныя бакі. На разгалікаванні дарог.. [Пеця] павярнуў на бальшак, які вёў да вёскі, і прыбавіў кроку. Сіняўскі.

2. Частка ствала, сцябла, дзе разыходзяцца ў розныя бакі галіны, парасткі. // Пра тое, што нагадвае частку ствала з галінамі. Гледзячы на густое разгалінаванне рэк і рачулак, нельга было не здзівіцца той мудрасці, з якой прырода паклапацілася аб гэтым краі. Данілевіч.

3. Адгалінаванне, галіна чаго‑н. (якой‑н. установы, арганізацыі і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

салаўі́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да салаўя (у 1 знач.), належыць яму. Салаўіны пошчак. □ Плыве салаўіная песня, Ноч зорная спіць у гаі. Ляпёшкін. Ліся, шчаслівая Ноч салаўіная, Покуль каханы са мной. Карызна. // Які з’яўляецца месцам, дзе жывуць салаўі. Салаўіны гай, густы і цёмны, Многа бачыў радасці і слёз. Бялевіч.

2. Уласцівы салаўю; такі, як у салаўя. Пад мурог-мяжою, над калыскай сына Спевам салаўіным Песню папявала [жняя]. Глебка. Расла яшчэ за князем на ўзбярэжжы Дзвіны-ракі дзяўчына-красуня, разумніца і рукадзельніца, з голасам салаўіным, з косамі, як чысты лён. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саніта́р, ‑а, м.

Асоба малодшага медыцынскай персаналу ў лячэбных установах, якая даглядае хворых і раненых, сочыць за чысцінёй у палатах і пад. На парозе прыемнага пакоя з’явіўся санітар. Каліна. Калі ў карцэр прыйшоў лекар з санітарам, Андрэй нават не звярнуў на іх увагі. Машара. // У арміі — радавы медыцынскай службы, які аказвае рапеным першую дапамогу і выносіць іх з поля бою. — Саніта-ар! — голасна крыкнулі паблізу. «Алёша?» — мільганула ў Антанюка, але затрымлівацца нельга было — рота атакавала. Хадкевіч. // перан. Пра таго або тое, што дапамагае захаванню здароўя, чысціні каго‑, чаго‑н. Дзятлы і мурашкі — лясныя санітары.

[Лац. sanitas — здароўе.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сілавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які выпрацоўвае або перадае электрычную энергію для якіх‑н. работ. Сілавая станцыя. Сілавы кабель. Атамная сілавая ўстаноўка. // Які пераўтварае электрычную энергію. Сілавая падстанцыя. Сілавы трансфарматар.

2. Спец. Які выкарыстоўваецца для атрымання якой‑н. энергіі або выканання якой‑н. работы. Сілавы электрамагніт.

3. У тэхніцы — які ажыццяўляецца пры павялічанай скорасці падачы рэжучага інструмента. Сілавое рэзанне. Сілавое фрэзераванне.

4. У спорце — звязаны з прымяненнем значнай фізічнай сілы. Комплекс сілавых практыкаванняў. Сілавы трук. Сілавы прыём.

5. У фізіцы — звязаны з праяўленнем якіх‑н. сіл (магнітных. электрычных і пад.). Сілавыя лініі. Сілавое поле.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суме́жны, ‑ая, ‑ае.

Які размешчаны побач, паблізу; суседні. У гэтым годзе выйшла так, што і Пятрок, і Кузьма на сваіх сумежных палетках будуць сеяць жыта. Нікановіч. Адсюль, пад аховай закону, бабры распаўсюдзіліся і па іншых сумежных вадаёмах, асабліва па верхняму цячэнню Бярэзіны. В. Вольскі. // перан. Цесна звязаны з чым‑н.; падобны, блізкі. Кожны з .. [членаў брыгады] па прыкладу брыгадзіра асвоіў сумежныя прафесіі, а многія па яго ж прыкладу сталі рацыяналізатарамі. Лось. Паэт-эрудыт, Багдановіч у сваёй працы заўсёды кіраваўся яшчэ адным вельмі важным запаветам: паэзія не павінна развівацца ў адрыве ад сумежных відаў мастацтва. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узвы́сіць, ‑вышу, ‑высіш, ‑высіць; зак., каго-што.

1. Паэт. Узняць увысь, увышыню; падняць вышэй навакольнага. Праз дзесяць дзён будынак школы На голым дзікім пустыры З граніту ўзвысяць навасёлы. Астрэйка.

2. Надаць каму‑, чаму‑н. больш высокае грамадскае становішча або значэнне. Узвысіць па службе. // перан. Падняць чый‑н. аўтарытэт. Мне хацелася зрабіць нешта асаблівае, выключнае, што ўзвысіла б мяне ў вачах дзяўчыны, дазволіла стаць упоравень з ёй. Навуменка.

3. Павысіць, зрабіць больш моцным (пра голас). — Гаворыш абы-што! — узвысіў голас і Станкевіч. Арабей.

4. Павялічыць, павысіць (цану і пад.). Узвысіць цэны на прамысловыя тавары.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усцягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.

1. Цягнучы, падняць наверх або з цяжкасцю ўзнесці, узвезці на што‑н. высокае. Матросы доўгімі вяроўкамі ўсцягнулі трап на ніжнюю палубу. Савіцкі. Коннік нагнуўся, схапіў Міхася пад пахі і ўсцягнуў у сядло. Машара. Худыя коні не маглі усцягнуць конку на пагорак. П. Ткачоў.

2. Разм. Надзець, апрануць з цяжкасцю што‑н. Карніцкі.. спрабаваў усцягнуць на нагу бот і не мог. Паслядовіч. // Накрыцца чым‑н.; нацягнуць на сябе што‑н. Вецер быў неспакойны, халодны, як крынічнай вадою абліваў шыю — прыйшлося ўсцягнуць на сябе посцілку. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уяві́цца, уявіцца; зак., каму.

Узнікнуць, з’явіцца ва ўяўленні. Дзеці засмяяліся. Ім уявілася, як конь будзе есці траву ў цуглях. Васілевіч. Яму [студэнту Івану] уявілася, як праз год ці два яго прыбор, удасканалены ім самім або кім-небудзь іншым, будзе ўжо ў заводскім цэху. Шахавец. Гарачуну на нейкі міг уявілася, што паравоз адарваўся ад рэек і павіс у паветры... Васілёнак. // і безас. Здацца, паказацца. Не спаў [Якаў], здаецца, а ўявілася, нібы стаіць ён з мяшком пад пахай каля панскага свірна, чакае, можа пані ўбачыць з пакояў ды пашле пакаёўку загадаць усыпаць яму, беднаму чалавеку, пуд-другі мукі. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарпа́к, ‑а, м.

1. Коўш, пасудзіна для чэрпання якой‑н. вадкасці. Каля палявой кухні валяліся кацялкі і лыжкі, вялікі медны чарпак. Няхай. Алег узяў чарпак і стаў выліваць з лодкі ваду. Гамолка. // Колькасць, аб’ём вадкасці, які ўмяшчаецца ў такой пасудзіне. Мы трэція суткі ў дарозе, і толькі ўчора ўвечары нам далі па чарпаку цёплай баланды — мукі, размешанай у вадзе. С. Александровіч.

2. Частка машыны, механізма (экскаватара і інш.) у выглядзе каўша, які служыць для выбірання грунту, пароды і пад. Экскаватар уразаўся ў зямлю вялізным чарпаком з жалезнымі зубцамі. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)