эне́ргія, ‑і, ж.

1. Адна з асноўных уласцівасцей матэрыі — агульная колькасная мера руху і ўзаемадзеяння ўсіх яе відаў. Закон захавання энергіі. □ Дзяленне ядзер урану суправаджаецца выдзяленнем вялікай колькасці энергіі. «Маладосць». // Здольнасць якога‑н. цела, рэчыва і пад. выконваць якую‑н. работу або быць крыніцай той сілы, якая можа выконваць работу. Шмат часу забірала .. вырашэнне такіх пытанняў, як выкарыстанне энергіі марскіх прыліваў і адліваў або атрыманне яе з арктычнага холаду. Шахавец. Невядомых скарбаў і энергій у прыродзе вельмі многа. Бядуля. // Разм. Электрычны ток. Свая электрастанцыя давала энергію. Гурскі.

2. Дзейная сіла, спалучаная з настойлівасцю ў дасягненні пастаўленай мэты. Усе гэтыя дні Сузан хадзіў вясёлы і ўзрушаны. Ён праявіў нават пэўную энергію і заклапочанасць. Лынькоў. — Аса! аса! — дружна крычалі студэнты, пляскаючы ў далоні і захапляючыся хараством і нястрымнай энергіяй дзяўчыны. Дуброўскі. Многа трэба было энергіі і старання, каб кожная група была зацікаўлена ў сваёй рабоце, каб увесь час трымаць школу на вышыні таго ці іншага настрою. Колас.

•••

Ядзерная (атамная) энергія — унутраная энергія атамнага ядра, якая вылучаецца пры ядзерных рэакцыях.

[Ад грэч. enérgeia — дзеянне, дзейнасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́са, ‑ы, ж.

1. Цела ва ўсім сваім аб’ёме, колькасць матэрыі, якая складае цела; мера інерцыі цела ў адносінах да сілы, якая дзейнічае на яго. Маса атамнага ядра. Маса планеты.

2. Вялікая колькасць, мноства чаго‑н. Рухаючыся з поўначы на поўдзень, вялікія масы лёду драбнілі цвёрдыя пароды, цягнулі іх з сабою і пакідалі на сваім шляху буйныя валуны, дробныя каменні, гліну і пясок. В. Вольскі. Вільготнасць залежыць ад тэмпературы паветра і ўласцівасцей паветраных мас. Прырода Беларусі.

3. Цестападобнае рэчыва, якое не мае пэўнай формы; густая або студзяністая сумесь чаго‑н. Паблізу агрэгата ўжо роўнымі стосікамі ляжаць дзесяткі арматурных каркасаў, якія на наступных аперацыях запаўняюцца бетоннай масай і ў залежнасці ад форм прасуюцца пад розныя жалезабетонныя канструкцыі. «Беларусь».

4. Пра вялікі прадмет, прадметы, якія выступаюць у агульных рысах і ўспрымаюцца як цэлае. На шэрым фоне ўваходу [у пячору] вызначылася нейкая вялікая цёмная маса, спынілася, быццам здзіўленая, — пачуўся грозны, хрыплы рык. Маўр. Цемра ўсё згушчалася і згушчалася, зліваючы дрэвы ў адну суцэльную масу. Сіняўскі.

5. Шырокія колы працоўнага насельніцтва; народ. Народныя масы. // Пра групы, калектывы людзей, для якіх характэрны асаблівыя прыметы. Студэнцкая маса. □ Усе [хлопцы] набіраліся новых, свежых сіл, каб ноччу перайсці фронт і зноў уліцца ў чырвонаармейскую масу. Нікановіч.

•••

Зялёная маса — травяністая расліннасць, якую выкарыстоўваюць у свежым выглядзе як корм для хатняй жывёлы і птушак.

Пластычная маса — сінтэтычны або прыродны матэрыял, які пры награванні добра фармуецца, а потым устойліва захоўвае сваю форму.

[Ад лац. massa — кавалак, камяк.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штурмава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; незак., каго-што.

1. Рабіць, праводзіць штурм (у 1 знач.). Барашкін быў ва ўдарнай групе, і гэтая група першай штурмавала варожыя ўмацаванні. Савіцкі. У сям’і павага ў нас мужчынам: Дзед тапіў дзянікінцаў у Доне; Бацька ўзводзіў горад на Амуры, Брат старэйшы штурмаваў Берлін. Гілевіч. // перан. Праводзіць актыўныя, рашучыя дзеянні для авалодання чым‑н., асваення чаго‑н. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя дала ў рукі чалавека магутныя сілы: ён пранік у глыбіню атамнага ядра, пачаў штурмаваць касмічныя далі. «Звязда». Каб штурмаваць нямую вышыню, Бывае мала аднаго імкнення. Грачанікаў. // перан. Працаваць з празмерная паспешнасцю, каб нагнаць упушчанае. Не знае адпачынку, зморы Калгаснікаў ліхая раць, Калі з упартасцю, напорам Прарыў выходзім штурмаваць. Чарот. // перан. Актыўна паступаць, старанна, настойліва вывучаць з мэтай дабіцца жаданых вынікаў. Не шмат застаецца таварышаў-сведак, Што разам з табой [ветэран] стары свет штурмавалі. Чарнушэвіч. Вось ён, гулкі, шырокі ганак [школы], і дзве пары калон сасновых, хлопцы тут, пасля кніг-чытанак, штурмавалі навук асновы. Русецкі.

2. Разм. Асаджваць, акружаць каго‑, што‑н. бязладным, неарганізаваным натоўпам. Улетку мінулага года масквічы літаральна штурмавалі касу тэатра імя Вахтангава. «ЛіМ». Вялікі натоўп штурмаваў вагоны. Ус. // перан. Настойліва дабівацца чаго‑н. Радня Пахомава не траціць часу, Адміністрацыю саўгаса Штурмуюць грамадой на ўсе лады. Корбан.

3. Лятаючы на малой вышыні, бамбіць і расстрэльваць з самалёта сілы праціўніка. Прылятаюць яны [знішчальнікі] штурмаваць, Зніштажаць лютых ворагаў смела. Танк. [Пішчыкаў:] — Калі ляталі штурмаваць нямецкія аэрадромы? [Хукін:] — Летась вясною часта, ляталі на Бранск. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)