чума́, ‑ы, ж.
1. Вострая інфекцыйная хвароба, якая часта пашыраецца ў форме эпідэміі. А ў 1510 годзе на гарадок навалілася была страшэнная пошасць чумы. Лобан. А што, каб на свет нарадзіліся мы У стагоддзях да нашае эры У змрочнай паўдзікай пячоры На літасць звяроў і чумы? Чэрня. // Разм. Ужываецца як лаянкавае слова. Ажно ўзмаліўся барадаты [казёл]: — Браток, хоць паўжывым ты адпусці ў двор! Дальбог, не я, а козы вінаватыя... Няхай на іх чума і мор! Валасевіч.
2. перан. Пра вельмі небяспечную, згубную грамадскую, сацыяльную з’яву. [Глінскі:] Усё цягне мяне паглядзець, упэўніцца, сапраўды ўжо адхлынула ад нас гэтая чума-навала, назусім ужо ці яшчэ толькі да часу? Кулакоўскі. Мы павінны тут, у глыбокім тыле фашыстаў, рабіць усё, .. каб хутчэй знішчыць праклятую карычневую чуму, ад якой пакутуе столькі людзей. Даніленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
эпо́ха, ‑і, ДМ эпосе, ж.
1. Вялікі прамежак часу ў развіцці прыроды, грамадства, навукі і г. д., які вызначаецца якімі‑н. характэрнымі асаблівасцямі. Савецкая эпоха. Эпоха Адраджэння. □ Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя адкрыла эпоху пераходу ад капіталізму да сацыялізма ў сусветным маштабе. «Звязда». // Асобны перыяд у гісторыі, развіцці якой‑н. навукі, віду мастацтва і пад. Яго [Я. Купалы] творчасць складае цэлую эпоху ў мастацкім развіцці беларускага народа, з’яўляецца славутай старонкай у гісторыі беларускай культуры. Івашын. // Перыяд у развіцці грамадства, звязаны з жыццём і дзейнасцю выдатнага чалавека. Эпоха Скарыны. Эпоха Пятра I.
2. У геалогіі — падраздзяленне геалагічнага перыяду. Верхняя эпоха мелавога перыяду мезазойскай эры.
3. У астраноміі — момант, з якога пачынаюць адлік часу, звязаны з рухам якога‑н. нябеснага цела.
•••
Сучасная эпоха — гістарычны перыяд пераходу чалавецтва ад капіталізму да сацыялізма і будаўніцтва камуністычнага грамадства, крушэння каланіялізму і перамогі нацыянальна-вызваленчых рэвалюцый.
[Ад грэч. epochē — прыпынак.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
агнявы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае дачыненне да агню. Агнявыя ўспышкі. □ Густое воблака дыму, апярэдзіўшы агнявую лавіну і цяжка пераплыўшы па прыгнутых калоссях, раптам накіравалася да лесу. Кулакоўскі. Як высокае залатое жыта пад ветрам, хістаецца полымя, то сцелючыся над долам агнявымі пасмамі, то яркімі стужкамі ўзвіваючыся ўгору. Колас.
2. Які мае колер агню; ярка-чырвоны. І песня, і людзі, і агнявыя пад сонцам грывы коней — усё ляцела бурай-віхурай уперад ды ўперад. Лынькоў. Агнявыя валаконцы Ткуцца ў шоўк чырвоны — Гэта хмаркі ладзяць сонцу І дзяньку кароны. Колас.
3. перан. Які выпраменьвае яркае святло; бліскучы. Свеціць ласкай з высі агнявое сонца, Хараства красою свет ўвесь адзяе... Гурло.
4. перан. Палымяны, гарачы, парывісты. Гэта здарэнне, гэты агнявы пацалунак панны Ядвісі напоўніў.. [Лабановіча] шчасцем. Колас. У век наш крытыкі сур’ёзнай І самакрытык агнявых Мы падыходзім вельмі грозна Не да сябе, а да другіх. Купала. // Напоўнены напружанай барацьбой, бурнымі падзеямі. Паэт [Дудар] не можа без захаплення, без гордасці гаварыць аб «агнявой нашай эры». Ярош.
5. Звязаны з абстрэлам, стральбой. Яшчэ агнявы налёт артылерыі не скончыўся, як былі заўважаны танкі. Гурскі.
•••
Агнявая заслона гл. заслона.
Агнявая кропка гл. кропка.
Агнявая пазіцыя гл. пазіцыя (у 2 знач.).
Агнявы рубеж гл. рубеж.
Агнявыя сродкі гл. сродак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)