пстры́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Даваць пстрычку (пстрычкі) каму‑н., па чым‑н. У нядзелю .. [Піліп Чаравака] прыкінуўся хворым, ляжаў у спальні і пстрыкаў па кончыку тэрмометра.., «наганяў» тэмпературу. Нядзведскі. // Шчоўкаць, ляскаць (пальцамі). Пісар весела пазіраў на стол, часамі ўсміхаўся сам сабе, глянуўшы ў люстэрка, і пстрыкаў пальцамі каля самага вуха. Колас. Былі моманты, што Паддубны, здавалася, і не чуў, што гаворыць Апанас, падыходзіў да калыскі і бавіўся з дзіцём, — пстрыкаў пальцамі яму перад носікам. Пестрак.

2. Рабіць, утвараць кароткі, рэзкі гук (пра работу некаторых механізмаў). [Бухман] сядзеў і пстрыкаў запальнічкай: агеньчык то загараўся, то патухаў. С. Александровіч. За пераборкай, дзе працавалі майстры, мірна пстрыкалі начнічкі. Корбан.

3. Хутка і лёгка рухацца, пырхаць. Дробныя птушкі пстрыкалі навокал, грыбны водар цёк з зямлі, верасы цвілі скрозь над імхамі. Чорны. Пэўна, там на кожным дрэве птушынае гняздо, і пстрыкаюць з галіны на галіну вавёркі... Марціновіч.

4. Раптоўна ўспыхваць, пыхкаць, сыпаць іскрамі (пра агонь). [Вашыновіч:] — Падкруці, Юлік, агонь у лямпе, вельмі нешта пстрыкаць пачаў. Чорны.

5. перан. Разм. Злавацца, фыркаць, выказваць незадавальненне чым‑н. [Васіліса:] Чуеш, як .. [Наташа] пстрыкае? А чаго, каб хто спытаў? Не бачыла ты гора, мая ты дачушка. Гурскі. — Ты не пстрыкай тут, хлопец, — паглядзеў на Ваську і сур’ёзна гаворыць Коля Ламака. — На пенсію захацеў у такія гады!.. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што і без дап. Утвараць голасам музыкальныя гукі; выконваць вакальныя творы, пець. Спяваць песню. □ Над Нёманам, Беразіной Яе [песню] спяваюць партызаны. Танк. // Умець пець. Марцін добра спяваў, танцаваў, весяліў людзей вострым словам. Брыль. Бадай ніхто так з хлопцаў не спяваў у Ельнічах, як Ляткоўскі. Вітка. // Цёхкаць, шчоўкаць, свістаць (пра пеўчых і іншых птушак). Яны [салаўі] спяшаліся спяваць, Яны сябе не шкадавалі, Як быццам свет уратаваць Сваёю песняю жадалі. Дайнека. // перан. Гаварыць, чытаць нараспеў. — Вечар добры, вечар добры! — неяк асабліва ласкава спявае .. [Амэля] ў адказ на прывітанне Антака Мазалеўскага. Васілевіч.

2. каго-што і без дап. Выконваць оперную партыю; выступаць на сцэне, у тэатры спеваком, спявачкай. Спяваць Анегіна. □ Спяваў на сцэне млява Ленскі Пра залатыя дні вясны. Панчанка.

3. перан.; без дап. Быць прасякнутым пачуццём радасці, усхваляванасці, захаплення. Хіба можна злавацца, калі спявае ўся твая істота? Шамякін. Спявай ты, Беларусь, у радасці спявай! Купала. Ты скажы такое слова, Каб душа спявала, Ад каторага б на сэрцы Рана зажывала. Русак.

4. перан. Меладычна гучаць (пра музычныя інструменты). [Юра] трос грыф: гітара сама спявала і плакала. Васілевіч. Спявалі мяхі распісныя, Скакалі між пальцаў лады. Калачынскі. // Рыпець, пішчаць, свістаць (пра розныя прадметы). Над пшанічным полем спявалі кулі. Чорны. Калі ж ішоў у свіран ураджай, — Спявалі пілы і сякеры ў лад. Астрэйка. / Пра завыванне ветру, мяцеліцы і пад. Ой ты, вецер, не шумі, Не спявай так нудна! Колас. Віхура, відаць, яшчэ не зусім уляглася. Усю ноч спявала пад акном. Машара.

5. што. Усхваляць, услаўляць у вершах, песнях каго‑, што‑н. Пісьменнік хоча адгукнуцца на ўсё, што адбываецца ў савецкай краіне. [Максім Танк] спявае гімны вызваленню. Бугаёў. І паэт, як добры, пільны гаспадар, спявае славу працы. «ЛіМ». / у паэт. ужыв. Гімн чалавечай працы Спяваюць кельмы гучна. Аўрамчык.

6. Разм. Многа гаварыць аб чым‑н. з карыснай мэтай. Ён [Богут] перад ёю выдыгае, як закаханы, малады. «Мальвіна, жонка дарагая!» — Спявае ён на ўсе лады. І распытаў, як гасцявала. Колас. // Гаварыць іншае, чым раней. Пасля сходу ён пачаў інакш спяваць.

•••

Спяваць асанну (кніжн.) — узносіць, усхваляць каго‑н.

Спяваць на новы лад — а) пець новыя песні; б) гаварыць па-іншаму, не так, як раней.

Спяваць славу — расхвальваў, праслаўляць каго‑н. [Паходня:] — Ты з большым здавальненнем слухаў, як спяваў табе славу Бабейка: «Паважаны таварыш дырэктар», «таварыш Ваўчок распарадзіўся». Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)