Тма ’цемра, змрок, туман; мноства, безліч’ (Нас.), ст.-бел. тма ’цемра’, ’мноства, процьма’ (XV ст., КГС), сюды ж тмець (тмѣць) ’цямнець’, тміць ’марочыць’: не тми моей головы (Нас.), тму́шчы (тму́щий) ’шматлікі’: тмущее стадо погнали воловъ (там жа). Параўн. укр. дыял. тма ’цемра’, тми́ти ’зацямняць, рабіць цёмным’, чэш. tma ’цемра; 10 тысяч’, славац. tma ’цемра’, палаб. tåma ’тс’, славац. tema ’цемень; мноства’, tmina, tma ’цемра’, серб.-харв. та́ма ’мгла, цемра; мноства’, tmȁ ’тс’, балг. тъма́ ’тс’, макед. тмурен ’пахмурны; хмурны’, ст.-слав. тъма ’мноства, процьма’. Гл. цьма.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ме́ркнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. меркнуў, ‑нула і мерк, ‑ла; незак.
1. Траціць паступова яснасць; цямнець. У прагаліне паміж дрэў відно было неба. Яно меркла і з кожнай секундай здавалася глыбейшым. Чорны. Водбліскі ад агню то ўспыхвалі, то раптам мерклі, знікалі, праглынутыя цемрай ночы. Лынькоў.
2. перан. Траціць сілу, значэнне; слабець. Мінаюць гады, а веліч нашай рэвалюцыі не меркне. «ЛіМ». У яго [Стафанковіча] душы меркла і траціла сэнс усё іншае, што жыло ў людзях і не належала да тых спраў, якія поўнілі ўсю яго істоту. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
засу́нуць, ‑суну, ‑сунеш, ‑суне; зак., што.
1. Памясціць, усунуць у што‑н., пад што‑н., за што‑н. Засунуць сякеру за пояс. Засунуць чамадан пад ложак. □ Як толькі пачало цямнець, я засунуў пісталеты ў кішэню, паклаў туды ж запасныя магазіны з патронамі. Карпюк. // Зачыніць, усунуўшы што‑н. на месца. Засунуць шуфляду.
2. Разм. Зачыніць, закрыць на засаўку. Міроніха, правёўшы мужа, зайшла на двор, засунула на засаўку дзверы ў хляве. Гурскі.
3. Разм. Пакласці, схаваць так, што цяжка знайсці; падзець, задзець. Куды гэта ты засунуў нож?
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Блудзі́ць. Рус. блуди́ть, укр. блуди́ти, польск. błądzić ’блукаць, блудзіць; грашыць, памыляцца’, чэш. blouditi, ст.-слав. блѫдити, балг. блъдя́, серб.-харв. блу́дити і г. д. Прасл. blǫditi (ітэратыўная форма да blęsti blędǫ ’памыляцца’: ст.-слав. блѧсти блѧдѫ, ст.-рус. блясти бляду і г. д. І.‑е. *bhlendh‑: *bhlondh‑ ’цямнець; вечарэць; змяркацца; бянтэжыць, памыляцца’. Параўн. літ. blandùs ’хмуры’, blañdas ’хмурасць; пацямненне розуму’; blandýtis ’хмурыцца; блукаць’, гоц. blandan ’перашкаджаць, мяшаць’, ст.-в.-ням. blentan ’асляпляць’ і г. д. Слаўскі, 1, 36; Траўтман, 34; Буга, РФВ, 70, 100; Бернекер, 61; Махэк₂, 56–57; Фасмер, 1, 177. Параўн. яшчэ блудзя́га ’хітрун; уцякач’, блу́дны ’бадзяжны (пра скаціну)’ (Нас.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
вечарэць, цямнець, цямнецца, змрачнець, змяркацца, шарэць; сутонець, сутанець, сутоньвацца (абл.) □ брацца на вечар, брацца на змярканне
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)
закаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.
1. Коцячыся, апынуцца дзе‑н., за чым‑н. Шпулька нітак закацілася ў куток. Кола закацілася за вугал. □ Дзмітрый нагнуўся, адкінуў гарачую гільзу, якая нейкім чынам закацілася пад тармазны педаль. Беразняк. // перан. Імкліва ўвайсці, убегчы куды‑н. Раптам дзверы расчыніліся і ў хату з гоманам, піхаючы адзін аднаго, закацілася пяцёра хлапчукоў. Дубоўка.
2. Зайсці, схавацца за гарызонт (пра нябесныя свяцілы). Сонца закацілася за лес, і адразу стала цямнець. Галавач. Месяц яшчэ свяціў усё такі ж вялізны і медна-чырвоны, але вісеў нізка, вось-вось збіраўся закаціцца. Дамашэвіч. // перан. Скончыцца. Яго слава хутка закацілася.
3. Разм. Пачаць закаціста смяяцца, рагатаць і пад. Хлопцы закаціліся дружным рогатам. Зарэцкі. — Ха-ха-ха! — зноў закаціўся смехам Дэвіс. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ме́ркнуць ’цямнець, паступова траціць яснасць’, ’слабець’ (ТСБМ, Яруш.). Укр. ме́ркнути, рус. ме́ркнуть, н.-луж. smerkaś, в.-луж. smjerkać, ст.-чэш. mrkati, mrknuti, чэш. smrknouti, славац. mrkať sa, mrknúť, славен. mŕkniti, mrkati, серб.-харв. мр̏кнути, макед. мркне се, балг. мръкне се, ст.-слав. мрькнѫти. Прасл. mьrknǫti (аснова merk‑/mork‑ > гл. марока). Самым блізкім і.-е. адпаведнікам будзе ст.-інд. вед. marka‑ ’зацьменне сонца’. Іншыя з асновай *merg‑ (ст.-ісл. myrkr, нарв. myrk, швед. märk, ст.-англ. mierce, ст.-сакс. mirki ’цёмны’, а таксама літ. mérkti ’міргаць, жмурыцца’, лат. mir̃klis ’погляд, імгненне’, гоц. maurgins ’ранак’, ст.-сакс. morgan ’тс’ (Махэк₂, 379; Фасмер, 2, 605; Скок, 2, 467–8; Бязлай, 2, 201). Куркіна (ОЛА, 1972, 215–218) гэту прасл. аснову перадае як mъrk‑, ставячы яе ў рад роднасных mъrg‑ і mъrd‑, якія развіліся з mъr‑ < і.-е. *mer‑.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тускне́ць ‘блякнуць, пагасаць, марнець’ (Некр. і Байк.), ‘губляць яркія фарбы, бляск, выразнасць (пра вочы)’ (Адм.), тусьне́ць, тусьні́ць ‘цямнець, траціць бляск’, ту́скнуць, ту́снуць ‘тс’ (Ласт.); ‘няярка гарэць’: Jak dròwa ŭ pièczy tùsknuć, to budzie abo adlèha, abo doždž (Пятк. 2). Параўн. укр. тускні́ти ‘рабіцца цьмяным, змрочным’, рус. тускне́ть, ту́скнуть ‘тс’, серб. натуштити ‘пакрыцца воблакамі’. Магчыма, сюды ж в.-луж. tusknyć ‘стукнуць, пляснуць’, якое Шустар-Шэўц (1561) лічыць заснаваным на гукаперайманні і вытворным ад tuskać ‘стукаць, пляскаць’, параўн. таксама ўкр. ту́сати ‘біць, калаціць’. Мяркулава (Этимология–1976, 96), разглядаючы серб. ту̏ска ‘выжаркі, вытапкі’, узводзіць яго да і.-е. *(s)teu̯‑ ‘біць, калаціць’. Лічыцца роднасным ст.-сакс. thinsti ‘змрочны, хмурны’, ст.-фрыз. thiūstere, англ.-сакс. đīestre ‘тс’, арм. t‘ux ‘чорны, карычневы, цёмны’ (< *tusk‑) (Фасмер, 4, 126; Арол, 4, 121). Гл. таксама туск.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
пазніка́ць, ‑ае; ‑аем, ‑аеце, ‑аюць; зак.
1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Знікнуць, перастаць існаваць — пра ўсё, многае. Ягады пазнікалі. □ Пазнікалі ночы суму, Зноў жаданні расцвілі. Броўка. // Згубіцца — пра ўсё, многае. Недзе пазнікалі патрэбныя рэчы.
2. Стаць нябачным — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Байцы пазнікалі ў цемры. □ З паўдня ў лесе пачало цямнець. І жалуды раптам пазнікалі: ці то ўжо ўсе пазбіраны, ці пахаваліся ў змроку пад лісцем... Якімовіч. // Пакінуць якое‑н. месца — пра ўсіх, многіх. Хлопцаў у Заграддзі амаль не засталося. Хто адразу пайшоў з арміяй, а каторыя не паспелі — пазнікалі з дому. Паўлаў.
3. Доўга не з’яўляцца куды‑н. — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Цяпер, калі.. [Ніна] ўжо сабралася галасаваць, усе машыны нібы пазнікалі. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сіне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Рабіцца сінім. Не колюць лёду шчупакі, А мы над рэчкай, хлапчукі, Нібыта лёд, сінелі. Бялевіч. Антось аж сінеў ад злосці. Гроднеў. // Світаць, віднець. Косця прачнуўся зацемна: у акне толькі пачынаў сінець блізкі дзень. Адамчык. Сінее мяккі прыцемак. Навуменка. / у безас. ужыв. За акном тым часам сінела — радзеў няўстойлівы світальны паўзмрок. Вышынскі. // Цямнець, вечарэць. Вялікае, ужо няцёплае сонца хавалася за недалёкім лесам. У лагчынах пачынала сінець, і вастрэй адчувалася восень. Карпаў.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Выдзяляцца сінім колерам, віднецца (пра што‑н. сіняе). Навокал рассцілалася поле, яшчэ даволі стракатае: за жаўтлявым спелым жытам зелянела бульба, з другога боку — сінеў лубін. Шамякін. Між спелага жыта Сінее валошка. Колас. Далёка на небасхіле сінеў лес, да якога вілася ледзь бачная дарога. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)