Труск ‘дробныя галінкі, ламачча’ (ТС, Ласт.), trusk ‘ігліца, шыгалле’ (АБ, 7); сюды ж, відаць, і тру́сок ‘тонкія галінкі, трэскі’ (ТС), тру́сак (trusok) ‘сухія галінкі, трэскі’ (Тур.), ‘трэскавае смецце’, ‘дробязь, драбяза’ (Нас., Некр. і Байк.), ‘попел, прысак’ (полац., Стан.), трусо́к ‘пілавінне’ (Касп.), тру́сачкі ‘трэскі, смецце’ (Гарэц.), трусо́чык ‘дробны хвораст’ (Бяльк.). Параўн. укр. труск ‘дробна пабітыя, паламаныя галінкі, лаза’, ‘сухія галіны дрэў’, в.-луж. trusk ‘пацяруха’, ‘пыл’, ‘параскіданыя кавалкі’. Магчыма, да прасл. *truskъ ці *trǫskъ (ЕСУМ, 5, 659), генетычна звязаных з *trǫskati ‘аддзяляць’, ‘разрывацца, трэскацца, трашчаць’ (Фасмер, 4, 110), параўн. трускаць (гл.), а таксама рус. труск ‘трэск, хруст’, стараж.-рус. трускъ ‘тс’, польск. trusk, trzusk ‘тс’, якія, паводле Брукнера (579), звязаны чаргаваннем з *trysk‑, *trosk‑, а таксама з *trěsk] і са звонкім варыянтам *druzga ‘дробныя кавалачкі чаго-небудзь разбітага ўшчэнт’, *druzgati ‘ламаць, крушыць, разбіваць, раструшчваць, таўчы, сціскаць’ (SP, 4, 274–275), гл. друзгаць і наст. слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раба́к1 ’гліст’ (ТСБМ, Сцяшк., Сержп. Казкі; ашм., астрав., смарг., лях., баран., беласт., Сл. ПЗБ), ’чарвяк, вусень’ (воран., нясвіж., ЛА, 1; Бес., Сцяшк. Сл.; ашм., воран., смарг., іўеў., Сл. ПЗБ; віц., Жыв. НС), рабо́к ’вусень’ (Сцяшк.), роба́к ’вусень’ (бяроз., ЛА, 1), светлю́шчы роба́к ’светлячок’ (беласт., Ніва, 1979, 16 снеж.), ст.-бел. робак ’чарвяк’ (Ст.-бел. лексікон), хробакъ ’тс’ (Вярхоў, З жыцця, 64). Укр. роба́к, польск. robak ’тс’, харв. robak ’чарвяк, які грызе вінаградную лазу’. Выводзяць з *xrěb‑, *xrob‑ (гукаперайманне), параўн. польск. chrobak ’хрушч’, чэш. chrobák ’жук’, ’лічынка чарвяка’, ’чарвяк’, chrobot ’шоргат’, ’хруст’, ’трэск’, якое тоеснае *skreb‑, *skrob‑, з суфіксам ‑ak (Брукнер, 459, Трубачоў, ЭССЯ, 8, 99); параўн. таксама чэш., славац. chrobák ’чарвяк, матыль’, для якіх Махэк₂ (206) рэканструюе форму *rabākos з узмацняльным ch. Харвацкую форму Скок (3, 150) узводзіць да rob ’працаўнік’. Няясна. Усходнеславянскія формы, хутчэй за ўсё, запазычаны з польскай, параўн. у “Алфавите иностранных речей” (XVII ст.): робак, червь (Кохман, Polonica, 49).

Раба́к2 ’андарак з ільну’ (ст.-дар., мін., ДАБМ, камент., 934), ’спадніца з порту’ (шальч., Сл. ПЗБ). Ад рабы́ (гл.). Сюды ж рабаццё ’паласатая тканіна’ (ігн., Сл. ПЗБ), рабі́зна, рабакі́ ’тс’ (ЛА, 4).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труска́лкі, труска́ўкі, труска́вкы ‘клубніцы, Fragia viridis Duch.’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., ТС, Выг., Сл. Брэс., Скарбы, Жд. 2; карэліц., Янк. Мат.; гродз., маг., мін., Кіс.; зах.-бел., Сл. ПЗБ); труска́вчына ‘ягада клубніц’ (Клім.); труска́лка ‘тс’ (Нік., Оч.), труска́ўка ‘тс’ (Кіс.), тру́скаўкі ‘суніцы, Fragaria ananassa Duch.’ (маг., мін., гродз., Кіс.; бяроз., ЛА, 1). Этымалогія няпэўная, звязваецца з назвамі іншых раслін, параўн. укр. тру́скавка ‘суніца’, труск, траскавка ‘тс’, польск. truskawka ‘клубніца’, вял.-польск. truśkawki, tryśkawki ‘тс’, truskawiec, truskawice ‘птушыны драсён, Polygonum aviculare L.’, truskowie ‘палын палявы, Artemisia campestris L.’; в.-луж. truskalca ‘суніца’, ‘клубніца’, чэш. truskavec ‘драсён птушыны’, jahodník truskavec ‘клубніца’, ст.-чэш. truskavicě ‘тс’, славац. truskavica ‘тс’, drúzgavica ‘чарэшня’, druzgavec ‘суніцы’, truskavec ‘хваснік, пярыльцы, Hippuris vulgaris L.’, славен. tróska, trúskavica, truska(vka), tróskva ‘суніца’, серб. труска, харв. truska, trȍskot, druzgavac ‘тс’. Паўн.-слав. *truskavъka/*truskavica (паводле Борыся, 645). У паўднёвых славян можа выступаць галосная ‑o‑ ў аснове. Зыходзячы са славянскага матэрыялу, нельга растлумачыць матывацыю назвы. Дапускаюць, што назва абумоўлена: трашчаннем на зубах насення пладоў (ЕСУМ, 5, 659); спецыфічным шумам (трэскам) пры зрыванні пладоў (Махэк₂, 655; Шустар-Шэўц, 1539); трэскам пры ламанні сцяблінак з лістамі — аналогіі маюцца ў розных мовах: укр. хрускавка, хру́ставка ад хрускати, хрусті́ти ‘хрусцець’, чэш. praskavec < praskati ‘трэскацца, лопацца, трашчаць’, в.-луж. pruskelcy < pruskotać ‘трашчаць’, літ. braškė ‘клубніца’ < braškė́ti ‘трашчаць’, нова-в.-ням. Knackbeere < knacken ‘хрусцець’, польск. truskawka < trusk ‘трэск, хруст’, ст.-рус. трускъ ‘трэск’, рус. дыял. труск ‘тс’ (Брукнер, 578; Махэк, 104–105; Борысь, 645). У беларускай мове (як і ў іншых славянскіх мовах) назва клубніц была перанесена з назвы суніц у першай палове XVIII ст., калі шляхам перакрыжавання віржынскіх і чылійскіх суніц былі выведзены гатункі клубніц.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)