хво́я, ‑і, ж.

1. Вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых з высокім прамым ствалом і доўгай ігліцай; сасна. Люблю я лес, адвечны бор, Дзе ўзносяць хвоі ўгору шапкі. Колас. Стромкія хвоі ўзнімалі свае вяршыні над лесам, нібы яны сябравалі з Вялікай Мядзведзіцай. Краўчанка.

2. зб. Абл. Ігліца. Крайнія хаты стаялі амаль пад самымі соснамі, так што шышкі і хвоя заляталі ў двары. Шамякін. // Пра пах ігліцы. Пахла хвояй. Чырвоныя мурашкі паўзлі па сухім моху, па пнях. Бядуля.

3. Галінка хвойнага дрэва. Чырвань, хвоя на дамах, Лозунгі, вядома. Броўка. // Хваёвы лес; сасняк. Зялёны ранак сонечнай нядзелі Не можа радасць цішыні ўтаіць. Відаць, субота добра пагудзела, Калі ў хвоях шум яшчэ стаіць. Чэрня.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лес / на вялікім абшары: пушча / на вялікім абшары ў Сібіры, пераважна хвойны: тайга / малады лісцевы: гай / хваёвы: бор, сасняк, сасоннік, хвойнік / яловы: ельнік / дубовы: дуброва, дубняк / бярозавы: бярэзнік / асінавы: асіннік / альховы: алешнік

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

мясці́на, ‑ы, ж.

1. Пэўная частка, участак якой‑н. тэрыторыі. Уперадзе, на высокай лясной мясціне, паказалася прасторная круглая паляна. М. Ткачоў. У лесе кожная мясціна — Лужок, палянка, баравіна — Асобны твар і выраз мае. Колас. Мясціна была нізкаватая, па абодва бакі рос аер, пракідаліся лазовыя кусты. Лобан. // Прастора, выдзеленая, прызначаная для чаго‑н. Непадалёк ад клуба хлопцы аблюбавалі добрую мясціну для футбольнага поля. Дадзіёмаў. Сцёпка стаў разглядацца, дзе б выбраць лепшую мясціну для адпачынку. Колас.

2. звычайна мн. (мясці́ны, ‑цін). Якая‑н. мясцовасць. Балоцістыя мясціны. Партызанскія мясціны. Глухія мясціны. □ Мясціны вакол прыгожыя: густы хваёвы лес, яшчэ не крануты блізкасцю горада, абрывістыя ўзгоркі. Шыцік. // Край, раён, акруга. Пласкадонка, якая і ў гэтых мясцінах называецца чайкай, ад рання стаяла ў ціхай завадзі Быстранкі, прымкнутая ланцугом да вярбы. Брыль. З тых я мясцін, з тых цяністых абшараў, Дзе спакон веку шумела трысцё. Смагаровіч.

3. Асобны ўчастак, пункт на якім‑н. прадмеце. Над ракою, над балоцістымі мясцінамі лугу збіраўся туман. Шамякін. Калі [Касцевіч] устаў, адчуў, што пячэ мясціна на правай шчацэ — баліць вострым болем. Пестрак.

4. Разм. Тое, што і месца (у 4 знач.). Ф. Скарына ў сваіх прадмовах і заўвагах выдзяляе і падкрэслівае тыя мясціны, дзе ёсць звесткі аб свабодных навуках. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праско́чыць, ‑скочу, ‑скочыш, ‑скочыць; зак.

1. што і без дап. Хутка прабегчы, праехаць якую‑н. адлегласць ці прамінуць каго‑, што‑н. Мы праскочылі хваёвы лясок, і да самых Круцілавіч конік ішоў подбегам. Адамчык. Коні шпарка праскочылі праз хмызняк і вынеслі санкі на адкрытае поле. М. Ткачоў. // без дап. Вельмі хутка прайсці, мінуць (пра час). Месяц праскочыў, як адзін дзень, і мая Неаніла павінна была ехаць дадому. Новікаў.

2. што і без дап. Хутка прайсці праз вузкае месца, праз якую‑н. перашкоду. Праскочыць у дзверы. □ Букрэй загадаў заваліць дарогу за грэбляю, каб конніца [палякаў] не магла праскочыць. Колас. Яраш не даехаў да бальніцы. Ён рабіў так часта, каб потым непрыкметна праскочыць прахадную і цераз скверык, абышоўшы галоўны корпус, трапіць у хірургічны. Шамякін. Пасты мы праскочылі на вялікай скорасці, паліцаі і не паспелі разгледзець, хто праехаў. Новікаў. // Прабрацца, прайсці незаўважаным або непашкоджаным. Бомбы сыпаліся, як той град, але мы неяк праскочылі. Рамановіч. — Таварыш камандзір, — нечакана парушыў маўчанне Кукарэка, — а можа нам правей узяць: там лужком ды кустамі, якраз і праскочым. Шчарбатаў. // Лёгка прайсці, упасці і пад. праз якую‑н. адтуліну. Шарык праскочыў праз кальцо.

3. перан.; што. Разм. З’явіцца дзе‑н., ухіліўшыся ад чаго‑н., пераадолеўшы што‑н. Паэт па памяці аднавіў радкі і строфы, што былі ў свой час заняты, каб праскочыць цэнзурныя загарадкі. С. Александровіч. // Астацца, апынуцца дзе‑н. з-за недагляду, няўважлівасці. У карэктуры праскочыла некалькі памылак. □ Трэба быць вельмі пільным, каб ніякіх недакладнасцей пры мантажы не праскочыла. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыго́жы, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыносіць асалоду сваім знешнім выглядам, вызначаецца гармоніяй фарб, ліній, форм. Прыгожы від. Прыгожы дом. Прыгожая знешнасць. □ Мясціны вакол прыгожыя: густы хваёвы лес, яшчэ не крануты блізкасцю горада, абрывістыя ўзгоркі. Шыцік. На тумбачцы каля ложка хворага ў шкляным збанку стаялі прыгожыя свежыя кветкі — белыя і ружовыя астры, цёмна-карычневыя гваздзікі. Краўчанка. // Які вызначаецца сваёй гарманічнасцю, стройнасцю, зграбнасцю рухаў. Прыгожы танец. □ Усё .. рабіла .. [Таццяна], не спяшаючыся, скупымі і прыгожымі рухамі спрытнай гаспадыні. Шамякін. // Добры, пагодлівы; маляўнічы (пра час, пару). Прыгожы вечар. Прыгожы зімні дзень. □ Сухая, прыгожая восень не хацела аддаваць сваё хараство жудасным сілам вайны: дыму, копаці, смерці. Шамякін. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. // Які прыемна гучыць, добра ўспрымаецца на слых. Прыгожае імя. Прыгожая мелодыя. Прыгожая песня.

2. Які мае багаты ўнутраны змест, вызначаецца ўнутраным хараством. Сёння стары апавядаў пра мінулыя дні барацьбы, пра тое,.. як адданы былі [рэвалюцыянеры] сваёй небяспечнай, але прыгожай і слаўнай справе. Зарэцкі. Самая прыгожая ў свеце — У краіне нашай маладосць! Броўка.

3. Неадабр. Эфектны знешне, але беззмястоўны. — Сапраўдны чалавек мірнае жыццё плануе, — заўважыў Ягор і .. засароміўся, што словы выйшлі занадта ўжо прыгожымі... Кавалёў.

4. у знач. наз. прыго́жае, ‑ага, н. Тое, што адпавядае ідэалам прыгажосці, хараства. Пачуццё прыгожага. Праблема прыгожага. □ Так, прынцэса ў поўным росквіце маладосці. Яна прыгожая, і шукае прыгожага, і пакланяецца прыгожаму. Купала. Метад крытычнага рэалізму не выключае, а, наадварот, мае на ўвазе ідэал, прыгожае, якое сцвярджаецца, між іншым, праз адмаўленне агіднага. Конан.

•••

Прыгожае пісьменства гл. пісьменства.

Прыгожы пол гл. пол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Смуга́, дыял. сму́га́ ‘дымка, туман’ (ТСБМ; смарг., воран., Сл. ПЗБ), ‘ціна’, ‘нізкае месца; гразкае балота’ (віл., смарг., карэліц., гродз., іўеў., Сл. ПЗБ), ‘нанос пасля таяння снегу’ (віл., ашм., лаг., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ‘туман’; ‘копаць ад тытуню ў цыбуку’ (Шат.), ‘чорная плесня’ (Касп.), ‘самагон’ (Жд. 2), сму́га ‘імгла, туман; раса, шкодная збожжу’ (Байк. і Некр.), ‘паласа туману’ (стол., Нар. лекс.), ‘цёмная або светлая палоска на небе, пахмурнасць’ (ТС), ‘брудны налёт, паласа пены на вадзе’ (Жыв. сл.), ‘рудая вада на балоце’ (ЛА, 2), ‘смутак’, ‘вяршкі’ (Мат. Гом.), ‘брудная паласа на адзенні, на целе’, ‘мокрая вузкая нізіна’ (ТС), ‘непраходнае балота’, ‘няўдобіца на балоце’ (палес., падрабязна гл. Талстой, Геогр., 192 і наст.), смуг ‘паласа’ (ТС), ‘стаячая вада, забруджаная тванню’ (Сцяшк.), ‘гразь на траве пасля раставання снегу’ (Шатал.), ‘вузкая палоска зямлі’ (слонім., З нар. сл.), ‘паласа сенажаці’ (Тур.), ‘багністая пратока’ (лельч., Нар. лекс.), смужа́віна, смуга́віна ‘палоска на небе; пахмурнасць’ (ТС), сму́жнік ‘зараслі маладога лесу’ (ТС), смужня́к ‘гразкае балота’ (люб., Сл. ПЗБ), ‘невялікі хваёвы лес, які расце астраўкамі на балоцістых месцах’ (ваўк., Сл. ПЗБ), смужэ́ ‘багна, балота’ (Сцяшк. Сл.); ст.-бел. смуга, смугъ ‘вузкая і доўгая паласа зямлі; цясніна’ (Ст.-бел. лексікон), укр. сму́га ‘рыса; штрых; паласа’, рус. паўд. сму́га ‘пляма (напр., ад праса) у выглядзе паласы’, польск. smug, smuga ‘паласа; паласа поля, луга’, дыял. ‘балота’, каш. smug ‘вузкі вільготны лужок’, ‘стаячая вада; невялікая сажалка’, в.-луж. smuha ‘паласа, лінія’, н.-луж. smuga ‘тс’, чэш. šmouha ‘брудная паласа’, дыял. smuha ‘сухая паша’, ‘тс’, славац. smuha, šmuha ‘прадаўгаватая пляма’, славен. smúga ‘лінія, паласа’, серб.-харв. сму́га ‘від глебы; рачны нанос’, балг. дыял. сму́га ‘сцежка, след праз сенажаць або поле’. Прасл. *smuga/*smugъ ‘паласа, штрых, лінія’, ‘цёмная паласа на светлым фоне’ (Борысь, Etymologie, 219) роднаснае лат. smaugs ‘тонкі, стройны’, літ. sùsmauga ‘звужэнне’, ст.-ісл. smuga ‘паглыбленне, пралаз’, с.-в.-ням. sich smougen ‘туліцца’; гл. Фасмер, 3, 693 з літ-рай. Махэк₂ (562) ставіць пытанне аб магчымым раздзяленні значэнняў ‘паласа, лінія’ і ‘чорная пляма, паласа, бруд’. Шустар-Шэўц (1324–1325) аб’ядноўвае гэтыя значэнні і адносіць да і.-е. базы *(s)meu̯gh‑ ‘курыць’, зыходным пунктам для спецыялізацыі значэнняў было б ‘паласа, лінія, пляма, якая ўзнікла пад уздзеяннем цяпла, сонечнага свету і г. д.’. Борысь (563) узводзіць таксама да і.-е. *(s)meu̯g​h, але без дэфініцыі першаснага значэння праславянскага слова. Тады сюды ж і сму́глы (гл.), рус. сму́глый, укр. сму́глий, якія Фасмер (там жа) следам за Покарным (971) аддзяляе ад *smuga. Бярнар (Бълг. изсл., 341–342) узводзіць да кораня і.-е. *smeug‑/*(s)meuk‑, прадстаўленага ў ст.-слав. смъкати сѧ, што ад мъкнѫти ‘цягнуць, валачы’. Гл. таксама шмыгаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кра́сный

1. чырво́ны;

кра́сная кра́ска чырво́ная фа́рба;

кра́сное зна́мя чырво́ны сцяг;

Кра́сная А́рмия Чырво́ная А́рмія;

Кра́сная пло́щадь Кра́сная пло́шча;

кра́сный уголо́к чырво́ны куто́к;

кра́сный обо́з чырво́ны або́з;

Кра́сный Флот Чырво́ны Флот;

О́бщество Кра́сного Креста́ и Кра́сного Полуме́сяца Тавары́ства Чырво́нага Кры́жа і Чырво́нага Паўме́сяца;

кра́сное де́рево чырво́нае дрэ́ва;

кра́сный гриб асаві́к, падасі́навік;

кра́сный железня́к чырво́ны жалязня́к;

кра́сный пе́рец чырво́ны пе́рац;

кра́сный фо́сфор хим. чырво́ны фо́сфар;

кра́сная медь хим. чырво́ная медзь;

кра́сное вино́ чырво́нае віно́;

кра́сное кале́ние физ., техн. чырво́ны напа́л;

кра́сная ли́ния архит. чырво́ная лі́нія;

кра́сный лес хваёвы лес;

кра́сная строка́ но́вы радо́к;

кра́сный това́р уст. карту́на;

2. (красивый) прыго́жы;

кра́сная де́вица фольк. прыго́жая дзяўчы́на (краса́-дзе́ўчына);

3. (ценный) кашто́ўны;

кра́сная ры́ба кашто́ўная ры́ба;

кра́сная дичь охот. кашто́ўная дзічы́на;

кра́сный зверь кашто́ўны звер;

4. нар.-поэт. (светлый) све́тлы; (ясный) я́сны; (погожий) паго́дны;

кра́сное со́лнышко я́снае со́нейка;

ле́то кра́сное ле́та я́снае;

кра́сные дни паго́дныя (я́сныя) дні;

5. сущ. чырво́ны, -нага м.;

го́род за́нят кра́сными го́рад заня́ты чырво́нымі;

для кра́сного словца́ для прыго́жага (тра́пнага) сло́ва (сло́ўца);

кра́сная цена́ найбо́льшая цана́;

пусти́ть кра́сного петуха́ пусці́ць чырво́нага пе́ўня;

проходи́ть кра́сной ни́тью прахо́дзіць чырво́най ні́ткай;

долг платежо́м кра́сен посл. што ві́нен, адда́ць паві́нен;

на миру́ и смерть красна́ посл. на лю́дзях і паме́рці не стра́шна;

кра́сный у́гол пачэ́сны кут, по́куць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)