укусі́ць, укушу, укусіш, укусіць; зак.

1. каго-што. Ухапіўшы зубамі, раніць, прычыніць боль. Сабака ўкусіў за нагу. □ Год таму назад я .. замест ментуза неяк схапіў вадзянога пацука, які ўкусіў мяне за палец. Ляўданскі. // Уджаліць. Алена жахліва адступаецца, пазіраючы на .. [Зыгмуся], як на гадзюку, гатовую ўкусіць яе. Колас. // перан. Разм. Прычыніць крыўду, укалоць, задзець за жывое. Васіль адказаў [Паліне] сярдзіта: — ..Жыццё навучыць цябе. Тады ты зразумееш, хто казаў праўду. Я не ўкушу, дык нехта ўкусіць. Савіцкі.

2. што. Зубамі аддзяліць кавалак чаго‑н.; надкусіць. На выгляд .. [фрукты] як быццам свежыя, а ўкусіш яблык ці грушу — смаку няма. Новікаў.

3. чаго і без дап. Разм. З’есці, паесці чаго‑н. — Даўно з паўдня, Андрэй Якаўлевіч, пара ўжо чаго ўкусіць! — узмаліўся Журавінка. Лобан. [Колас:] — Хадзем на веранду, папросім чаго ўкусіць. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стры́каць ‘утвараць нажніцамі гук стрыгання’, ‘рабіць рэзкія папрокі’, ‘рабіць непрыемныя выхадкі, дабівацца чаго-небудзь’ (Нас.), ‘пстрыкаць’ (ТС), стры́кнуць ‘стрыгануць, выцяць; зрабіць рэзкі папрок’ (Нас.), стрык ‘пстрычка’ (Нас.). Борысь (584) адрознівае прасл. *strěkati ‘калоць; пячы крапівою’ (гл. стрыка́ць) і прасл. дыял. *strikati, якое працягваюць укр. дыял. стри́кати ‘скакаць; пырскаць’, польск. strzykać ‘выцякаць; цячы перарывістым моцным струменем, пырскаць’, в.-луж. třikać ‘кідаць’, чэш. střikat ‘пырскаць’, славац. дыял. strihac ‘балець з перапынкамі; торгаць’, а таксама, відаць, серб.-харв. stȑcati, štrcati ‘пырскаць’, балг. щра́кам ‘пстрыкаць, стукаць’, макед. штрака ‘шчоўкаць’; сюды ж ён уключае і беларускае стры́каць (гл.). Далей этымалогія няясная. Стры́кнуць, магчыма, звязана з стры́гнуць (гл.) як “глухі” варыянт з гукапераймальнай (імітацыйнай) асновай.

Стрыка́ць ‘апякаць крапівою’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Касп., Бяльк., Байк. і Некр., Др.-Падб., Янк. 3.), ‘кусаць, джыгаць’ (Нас.), стрыкну́ць ‘апячы крапівою, джыгнуць; узбудзіць, падбухторыць’ (Нас., Гарэц.), стрыка́цца ‘пячыся (аб крапіве)’ (Жд. 2, Мат. Гом.). Укр. стрика́ти, рус. стрека́ть, стараж.-рус. стрѣкати ‘калоць, джаліць’, ц.-слав. стрѣкаты ‘калоць’, польск. strzykać ‘калоць’, серб. дыял. стре́кнутиукалоць’, макед. штрекне ‘кальнуць’, ст.-слав. стрѣкати ‘калоць, джаліць’. Прасл. *strěkati; звязана чаргаваннем галосных з страка́, стро́кі (Траўтман, 289; Фасмер, 3, 773). Адносна фанетыкі беларускіх слоў (ы < е) гл. Карскі, 1, 188. Бязлай (3, 326) аб’ядноўвае папярэдні дзеяслоў і *strěkati у адной праформе *strḗk‑ і адносіць да і.-е. базы *ster‑k‑ ‘зацвярдзець’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пі́каць1, пі́кнуць ’торкаць, соваць у твар, у нос; гаварыць насуперак, выстаўляць заганы’ (Нас.). Магчыма, в пи́ку ’на злосць каму-небудзь’; польск. pikać, piknąćукалоць; парнуць, бадануць’, в.-луж. pikać ’дзяўбсці дзюбай’, ’мармытаць незадаволена’, н.-луж. pikotaś ’паволі, патроху есці’, чэш. píkati ’калоць’, pifka, pivka ’злосць, лютасць, гнеў’, славац. pik, pyk ’прыкрасць, раздражэнне’, славен. píkati ’калоць; джаліць; уядаць’, ’дзяўбсці’, ’патроху есці’, píkec ’дурнап’ян, Datura stramonium’, серб.-харв. имати пи̏к (на некага), макед. има пик (на него) ’ненавідзець’, пикна ’цесна ўкладваць, напіхваць, усоўваць’, пикне ’перапаўняць’, балг. пикнам ’засунуць, запіхнуць’, харв. кайк. pȉkati ’калоць, мацаць’. Прасл. *pikati ’соваць, калоць, джаліць’ (Гарачава, Этимология–1978, 107–108), найбольш блізкае да літ. pỹkti ’зліцца, гневацца’, pykà ’злосць’, лат. pîkts ’злы, нядобры, раздражнёны’ (Махэк₂, 448; Мюленбах-Эндзелін, 3, 213; Фрэнкель, 589; Бязлай, 3, 35) < і.-е. *pei̯kʼ‑ ’быць варожа настроеным’ (Каруліс, 2, 47) ці да і.-е. pī̆k(k) ’нешта вострае’, параўн. н.-грэч. πίκα, арам. pică ’гнеў’, pičean ’мярзотнік’, алб. pikkëllój ’засмуціць’, англ. to pick at ’гнявіць’, франц. piquée ’сварка’, ’з’едлівасць’.

Пі́каць2 ’пішчаць адрывіста, коратка’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’падаваць па радыё сігналы дакладная часу’ (шчуч., Сл. ПЗБ), пік! — пра падачу гуку наогул (мсцісл., Нар. лекс.), пі́кыць ’падаваць голас’ (Юрч. СНЛ). Укр. пі́кати ’пішчаць’, рус. пи́кать, пи́кнуть ’пішчаць, падаваць голас’, польск. piknąć, старое pikać ’(за)пішчаць’, ’адклікнуцца’, pik! ’грук, стук!’, чэш. pikat ’ціўкаць’, славац. pik! — гук пры стралянні, параўн. лат. pīka ’плаксівае дзіцё’, ’рачны уюн, пячкур (які выдае піск)’. Гукапераймальнае pi(s)k! (Ільінскі, KZ, 43, 179; Варш. сл., 4, 188; Траўтман, Altpreuß., 338; 398; Фасмер, 3, 260).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)