Ту́ркаць1 ‘трашчаць’ (Байк. і Некр.), ‘буркаваць’ (ТС), ‘цвыркаць’ (трак., Сл. ПЗБ), ‘крычаць як жаба-туркалка ці турлушка’ (Нас.), ‘квакаць’ (ДАБМ, 303), туркну́ць ‘пратрашчаць’ (Байк. і Некр.), ‘праляцець з шумам’ (Бяльк.) Параўн. укр. ту́ркати ‘буркаваць’, рус. ту́ркать ‘крычаць’, польск. turkać ‘стукацець, грукаць’. Гукапераймальныя ўтварэнні, гл. ЕСУМ, 5, 681. Параўн. таксама тура́ць, туркаце́ць, турча́ць (гл.). Сюды ж ту́рканне ‘буркаванне шызага (‘сівога’) голуба’ (Нар. Гом.).

Ту́ркаць2 ‘будзіць тармосячы’ (Нас., Байк. і Некр., Бяльк.), ту́ркыць ‘прымушаць устаць крыкам’ (Бяльк.; мсцісл., З нар. сл.), ту́ркнуць ‘прыкрыкнуць’ (Юрч. Фраз. 1), ту́ркаты, ту́ркатэ ‘будзіць, турбаваць, дамагацца’ (Сл. Брэс.; драг., З нар. сл.). Укр. ту́ркати ‘паўтараць адно і тое ж’, польск. turknąć ‘ударыць чым-небудзь у што-небудзь; штурхнуць’, славен. tûrkati ‘ціснуць, прыціскаць’, харв. tȕrkati, серб. ту̏ркати ‘праціскваць, прасоўваць’, дыял. ту̏ркат ‘напамінаць, каб нехта нешта зрабіў’, макед. турка ‘штурхаць, таўчы, падштурхоўваць’. Да прасл. *turьkati, якое ад *turati ‘гнаць; прыціскаць і інш.’ (Скок, 3, 525; Фурлан у Бязлай, 4, 250), гл. турыць. Сюды ж ту́ркала ‘той, хто робіць шум, лямант, не даючы спаць іншым’ (Нас., Байк. і Некр.), ту́ркыньнік ‘той, хто пакрыквае’ (Юрч. СНЛ), ту́ркыньня ‘пакрыкванне, каб прымусіць выканаць’ (Юрч. Вытв.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́рма, ту́рам, турʼю ‘гонячы’, ‘бегучы’ (Нас., Гарэц.). Дзеепрыслоўі ад туры́ць ‘гнаць’ (гл.) па ўзоры бе́гма (< бегчы), бяго́м, ры́ссю.

Турма́ ‘месца зняволення, астрог, вязніца, цямніца’, ‘знаходжанне ў зняволенні’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Касп., Ласт., Брасл. сл., Бяльк., Федар. 4; ашм., Стан., Сл. ПЗБ, Вушац. сл.), ст.-бел. турма (1377 г.) і тюрма ‘турма’ (1528 г., ГСБМ). Паводле Булыкі (Лекс. запазыч., 35), старабеларускае слова было запазычана праз польскае пасрэдніцтва з ням. Turm, дакладней, з с.-в.-ням. turm са ст.-франц. *torn < лац. turrim В. скл., якое са ст.-грэч. τύρρις, τύρσις ‘умацаваны горад’, ‘дом з каменнымі сценамі’ (Фасмер, 4, 137), параўн. у беларускім ідышы turèm ‘вежа’, turme ‘вязніца, засценак, турма’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.). Аднак пры гэтым цяжка растлумачыць мяккае пачатковае т‑ у рэдкай старабеларускай форме, што пазней фіксуецца ў народных гаворках у выглядзе тʼурма́ (Вруб.), цюрма́ (гл.), якія, мажліва, пад уплывам рус. тюрьма́ ‘тс’. Меркаванні пра паходжанне са ст.-цюрк. *türmä ‘турма’ гл. Менгес, Language, 20, 2, 69; Арол, 4, 129. Кохман (Studia, 30) дапускае польскае пасрэдніцтва пры запазычанні з нямецкай мовы пры ўмове адаптацыі на ўсходзе (палаталізацыя), чаму пярэчаць па храналагічных прычынах Чарных (2, 277–279) і Гарбуль (246–247), спасылаючыся на больш раннія фіксацыі ў летапісных крыніцах з Пскова і Ноўгарада; параўн. і рус. арханг. турма́ (СРНГ). Сюды ж турэ́мнік ‘зняволены ў турме’, ‘астрожнік’ (Сцяшк.), турэ́мшчык ‘арыштант’ (Бел. дыял. 3).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́рыцца (ты́рицьца) ‘церціся, ацірацца дзе-небудзь’, уты́рыцца ‘ўсунуцца, улезці’: утырився сюды (Нас.),ты́рыць ‘біць’: будзем ты́рыць суседняга хлопца (уздз., Жд. 3) Параўн. укр. разм. тиратися ‘гараваць, бедаваць’, ти́рити ‘цягнуць’, ‘піхаць, усучваць’, рус. ты́риться ‘ісці, прабіраючыся крадком’, ты́рить ‘красці’, сты́рить ‘украсці’, мажліва, сюды ж з т. зв. жгонскай мовы ти́рить у́паки ‘валіць валёнкі’. Цвяткоў (Запіскі, 2, 55) параўноўваў зваротны дзеяслоў з польск. terać się бадзяцца, ацірацца’, трактуючы змену першага галоснага пры запазычанні ў якасці працэсу «нахілення або сціскання», як у польск. rozterka ‘ўнутраны непакой, ваганне’; ст.-бел. ростырк, розтырк ‘сварка, разлад’ (1518 г., ГСБМ), аднак няяснымі застаюцца фармальныя і семантычныя адносіны паміж тыраць і тырыць. У рус. тырить, стырить ‘красці, скрасці’ Кіпарскі (Зб. Бернштейну, 418) бачыць «двухбаковае чаргаванне» ў аснове *tur‑ з першасным значэннем ‘схапіць, сцягнуць’, гл. турыць. Узыходзіць да прасл. *tyriti, адносна першаснай семантыкі якога існуюць розныя меркаванні; зыходнае значэнне ‘скрытна знаходзіцца дзе-н.’ (Іваненка, Студіі з ономастики та етимології. 2010, 72), што адпавядае семантыцы зваротнага дзеяслова ў Насовіча, параўн. і стырыць ‘стаяць, прысутнічаць, дзяжурыць’ (гл.), што ўрэшце можа быць звязана з гукапераймальным тыр (гл. тыр-тыр), параўн. рус. тыр да ёр ‘бязладдзе’, ст.-польск. tyr ‘папрок’, серб. тир ‘штуршок’ і інш., гл. тыркаць, тырчаць. Што да паходжання дзеяслова, то, відаць, яно звязана з прасл. *tirati (гл. тыраць), якое выводзіцца з *terti ‘церці’ (Сной₂, 766). Відавочна, на семантыку дзеяслова маглі паўплываць іншамоўныя запазычанні, сярод якіх для ўкр. ти́рити ‘цягнуць, валачы’ прапануецца запазычанне з рум. tîrî ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 572), а для рус. ты́риться ‘лезці, прабірацца’, тырить ‘красці’ — цыг. te terés ‘трымаць, мець, браць’ (Бараннікаў, Язык и литература, Ленинград, 1931, 7, 153; Шапавал, ВЯ, 2007, 5, 113).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)