Тапі́ць1 ’апускаць у ваду, прымушаць тануць, губіць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Ян., Бяльк., Федар. 4): тапіць русалку ’(траецкі) звычай’ (Сержп. Прымхі), ’навадняць, заліваць вадой’ (Нас.), топі́ць ’губіць у вадзе’, ’затапляць, заліваць вадой’ (ТС), тапі́цца ’гінуць у вадзе’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Бяльк., Федар. 4), ’ехаць па гразкай дарозе’ (Нас.), топі́цца ’гінуць у вадзе’ (ТС), топі́тісʼе ’тс’ (Вруб.). Укр. топи́ти ’прымушаць захлынуцца; заліваць (пра ваду)’, рус. топи́ть ’прымушаць тануць’, польск., в.-луж. topić ’засоўваць у ваду’, н.-луж. topiś ’тс’, чэш. topiti ’тс’, славац. topiť ’тс’, славен. topíti ’акунаць’, серб.-харв. то̀пити ’затапляць’, макед. топы ’засоўваць у ваду’, балг. топя́ ’тс’. З прасл. *topiti ’тапіць’, якое звязана з *topnǫtiтануць’. Корань *top‑ у гэтым значэнні Фасмер звязвае з аманімічнымі прасл. *top‑ ’награваць’ і *topь ’балота’, ’месца, дзе растаў снег, лёд’ (Фасмер, 4, 78–79). Паводле Шустара–Шэўца (1504), схема развіцця семантыкі ’награваць’ > ’расплаўляць’ > ’затапляць’ > ’тапіць’. Паводле Борыся (638): ’растапляць’ — ’апускаць у растопленае’ — ’пагружаць у ваду’. Праславянскі корань *top‑ супастаўляюць таксама з прасл. *tep‑ ’біць’ > польск. tepać ’тс’ (Брукнер, 573; Младэнаў, 636; Варбат, ОЛА, Исследов. 2003–2005, 220) з развіццём значэння ’біць, прыбіваць’ — ’трамбаваць’ — ’тапіць’.

Тапі́ць2 ’награваючы, распускаць, расплаўляць; вытопліваць або ператопліваць (масла, сала і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), топі́ць ’тс’ (ТС). Укр. топи́ти ’расплаўляць’, рус. топи́ть, польск. topić ’растопліваць, плавіць’, чэш. topiti ’тс’, славац. topiť ’растопліваць, плавіць’, славен. topíti ’награваць, плавіць’, серб.-харв. то̀пити ’растопліваць, плавіць’, макед. топи ’тс’, балг. топя́ ’тс’. З прасл. *topiti ’награваючы, распускаць, расплаўляць’, паводле Борыся (638), каўзатыва ад незахаванага прасл. *tepti ’быць цёплым’, параўн. *teplъ (гл. цёплы) і далей роднасныя ст.-інд. tápati (tápyati) ’награвае і награваецца, гарыць’, tāpáyati ’спальвае’, авест. tãpayeiti ’тс’, лат. tepeo, ‑ēre ’быць цёплым’ да і.-е. *tep‑ ’быць цёплым’. Гл. таксама Фасмер, 4, 78; Брукнер, 62; Махэк₂, 647; Голуб-Ліер, 484; Глухак, 633; ЕСУМ, 5, 599.

Тапі́ць3 ’паліць (у печы і пад.)’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Барад., Пятк. 2, Жд. 1; усх.-бел., палес., ЛА, 4): баню тапіць (гом., Д.-Хадак.), ’палячы дровы, ацяпляць’ (Сл. ПЗБ), топі́ць ’паліць у печы’ (ТС), топі́ті ’тс’ (Вруб.), топі́ты, топы́ты ’паліць у печы’ (Сл. Брэс.), тапі́цца ’ацяпляцца’ (Мат. Гом.), топі́цца ’паліцца (пра печ)’ (ТС). Параўн. укр. топи́ти ’падтрымліваць агонь’, рус. топи́ть ’паліць (у печы і пад.)’, польск. дыял. topić (w piecu) ’паліць (у печы)’, в.-луж. tepić ’паліць, апальваць’, н.-луж. topiś ’тс’, чэш. topit ’тс’, славен. topiti ’награваць’. Ад прасл. *topiti з сінкрэтычным значэннем ’награваць, абпальваць; плавіць’, з далейшымі роднаснымі сувязямі (гл. тапіць2) да і.-е. *tep‑ ’быць цёплым’ (ЕСУМ, 5, 599; Фасмер, 4, 78; Брукнер, 62; Махэк₂, 647; Голуб-Ліер, 484). Няясныя адносіны з тапіць1 тлумачаць развіццём семантыкі праз стадыю тапіць2 (асабліва ў адносінах да снегу, лёду) і прыродных наступстваў гэтага працэсу (затапленне, паводка). Ластоўскі (Выбр. тв., 417) меркаваў пра табуізацыю слова паліць (параўн. палаць ’гарэць буйным полымем’, гл.) шляхам замены яго словамі тапіць (“быццам кідаць агонь у ваду”) і цепліць (гл.) з мэтай пазбегнуць т. зв. слоўнай магіі (каб не запалілася хата), параўн. мокнуць у значэнні ’гарэць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяга́ць ’ісці, рухацца’, ’прасцірацца, даходзіць да якой-небудзь мяжы, узроўню і пад.’ (ТСБМ), ’працягваць руку, каб што-небудзь узяць’ (Стан.), ’накіроўвацца’ (Сцяшк. Сл.), сіга́ць ’імкнуцца, жадаць, дамагацца’ (Варл.), часцей з прыстаўкамі: дасяга́ць, прысяга́ць (гл. прысяга), ст.-бел. сѧгнути: сѧгнулъ рукою (Альтбаўэр). Укр. сяга́ти, сягну́ти ’даставаць, хапаць’, рус. сяга́ть, польск. sięgać ’дасягаць, выцягваць руку’, в.-луж. sahać ’даставаць; ісці вялікімі крокамі’, н.-луж. segaś ’выцягваць руку; даставаць, хапаць’, чэш. sahať ’тс’, славац. siahať ’даставаць, хапаць’, серб.-харв. се̏гнути се ’пацягнуцца, працягнуць руку’, славен. séči ’тс’, балг. пася́гам ’працягваю руку’, макед. сега ’сягаю’, ст.-слав. сѧгнѫти ’працягнуць руку’. Прасл. *sęgti, *sęgati роднаснае літ. sègti ’зашпільваць’, sagà ’засцежка, гузік’, sãgas ’пятля’, лат. segt ’пакрываць’, ст.-інд. sájati ’прылягае, прымыкае’, ст.-перс. frahanjati ’вешае’, ірл. suanem ’канат’; да і.-е. *seg‑, *seng‑ ’вязаць, злучаць, датыкацца’; гл. Траўтман, 252; Покарны, 887; Фасмер, 3, 825; Скок, 3, 214; Шустар-Шэўц, 1264; Борысь, 547; супраць сувязі з літ. siekti ’сягаць, дасягаць’, síeknis ’сажань’ Міклашыч, 291; Махэк₂, 535, таксама Бязлай (3, 221) па фанетычных прычынах; гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 495–496; Анікін (Этимология–1983, 48 і наст.) звязвае славянскае слова з герм. *sinkʷan, (параўн. гоц. sagqjan, ст.-в.-ням. senken, ст.-сакс. sincan і г. д.), у семантычным радзе яшчэ ёсць значэнні ’апускацца, асядаць; тануць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пла́ваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Перамяшчацца ў розных напрамках па паверхні вады або ў вадзе, робячы адпаведныя рухі рукамі і нагамі (лапамі, плаўнікамі і пад.). [Кузняцоў] плаваў доўга, потым зноў адпачываў на траве і ўсё думаў, думаў... Капусцін. Гусі асцярожна спускаліся з берага і плавалі каля кустоў лазы і крушыны — паволі веславалі ружовымі лапкамі ў светлай вадзе. Даніленка. // Знаходзіцца на паверхні якой‑н. вадкасці, не апускаючыся на дно. Ля чорнай кладкі плавала Гусінае пяро. Пысін. // Мець здольнасць трымацца на паверхні вады або іншай вадкасці; не тануць. Корак плавае. Вучыцца плаваць. // Ехаць па вадзе на чым‑н. Плаваць на чоўне.

2. Разм. Служыць на судне. [Герасім Дзмітрыевіч] плаваў на ваенным караблі мінёрам. Б. Стральцоў.

3. перан. Плаўна перамяшчацца ў паветры (пра птушак, лятальныя апараты і пад.). Дробны каршачок плаваў над асіннікам. Чорны. // перан. Трымацца ў паветры або перамяшчацца пад уздзеяннем ветра. У блакітным небе плавалі пуховыя хмары. Гурскі. Раніцамі плавалі над свежай зямлёй туманы. Хведаровіч. // перан. Разыходзіцца, даносіцца (пра гукі, пахі). Павекі самі па сабе паволі плюшчацца, а мяккі звон-шум у паветры плавае, калыша. Мурашка.

4. перан. Разм. Выказвацца аб чым‑н. павярхоўна, блытана, не закранаючы сутнасці. Плаваць на экзамене. □ — А матэрыялісты лічылі, што матэрыя гэта... — не па сваёй саліднасці жаласлівым галаском пачаў «плаваць» Каралёў. Карпюк.

•••

Мелка плаваць — не мець дастатковых здольнасцей, сіл, ведаў у якой‑н. справе; займаць нязначнае службовае або грамадскае становішча.

Плаваць як сыр у масле — жыць у вялікім дастатку, у раскошы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)