но, выкл.

Вокліч, якім панукаюць каня. «Но, но, кося, — падахвочвалі мы.. [каня]. — Уставай, даражэнькі. А то так і ногі выцягнеш». Якімовіч.

•••

Ні тпру ні но гл. міру.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

так, прысл., часціца злучн.

1. прысл. Абазначае акалічнасць спосабу дзеяння: такім чынам. Ён так расказваў, што ўсе смяяліся. □ [Юрка:] — Давай так дамовімся: ты [Алесь] сваё глядзі, а я сваё. Скрыпка. Прыгожых у шчасці, Цнатлівых у тайне, Іх так і застала Над рэчкай світанне. Гілевіч. / З даданым сказам спосабу дзеяння або даданым параўнальным, які ўдакладняе сэнс прыслоўя або дзеяслова. Нарэшце гром так неба скалыхнуў, Што ўпала і разбілася вясёлка І морам разлілася скрозь. Вітка. Як ішлі камсамольцы раней на вайну, так мы сёння ідзём узнімаць цаліну. А. Вольскі. // (звычайна з адмоўем). Адпаведным чынам. Тут штосьці не так. □ Не так жывеш, як хочацца, а так, як можацца. Прыказка. Не так чорт страшан, як яго малююць. Прыказка. // Наступным чынам, як сказана далей. Каханне ў іх [Андрэя і Насці] распачалося так. Яму было трынаццаць. Насці — восем. З. Астапенка.

2. прысл. У такім выглядзе, становішчы, стане, як ёсць, без каго‑, чаго‑н. (без дадатковых сродкаў, намаганняў, без платы і пад.). Я і так дастану, без лесвіцы. Памідоры прыйшлося есці так, без солі. □ Жанчына несла за плячыма вялікі клунак. Хлопчык ішоў так. Шамякін. // Без вынікаў, без рэагавання. Пакінуць гэту справу так нельга. Гэта табе так не пройдзе. □ [Наўмыснік] быў упэўнен, што ўцякаць яму нікуды не прыйдзецца, усё абыдзецца так. Чорны.

3. прысл. У такой меры, ступені, да такой меры, ступені; вельмі; настолькі. Гэта не так важна. □ А есці так хочацца, ажно млосна робіцца. Якімовіч. [Юхім:] — Мы зажывём з табою так багата, Як і ўявіць не можаш ты, сястра! З. Астапенка. Нешта сёння ў Агаты Лямпа весела гарыць, А людзей дык поўна хата, — Так як дзверы зачыніць. Крапіва.

4. прысл. Без прычыны, патрэбы, выпадкова; без сур’ёзнага намеру, пэўнай мэты, падставы. Так проста зайшлі, — стаў апраўдвацца адзін з .. [хлопцаў], рыжагаловы і чырвоны ад хмелю, як вараны рак. — Святы дзень сёння. Кулакоўскі.

5. прысл. Правільна, дакладна, сапраўды. Мабыць, гэта так. □ Я вычытаў недзе, што, пасадзіўшы ў гэты час [зімой] галінку вішні, яна зацвіце... Захацелася праверыць, а ці так гэта? Кандрусевіч.

6. часціца. Ужываецца ў рэпліках пры адказе для выражэння сцвярджэння, згоды. У бібліятэку збіраецеся? — Так. □ Па-першае, ты адчуваеш, што робіш, карысную справу; па-другое, ты прывыкла наведваць сваю Журавінку; па-трэцяе, ты палюбіла яе. Так? — «Так», — адказала Валя. Маўр.

7. Ужываецца ў рэпліцы-адказе з агульным значэннем неакрэсленасці. Што з вамі? — Так, галава трошкі закружылася. □ — Здароў, сусед! — Здарова, ласянятка! — Як справы, дамасед? — Ды так... усё ў парадку. Калачынскі.

8. часціца ўказальная. Выкарыстоўваецца ў пачатку сказа для канкрэтызацыі, пацвярджэння раней выказанай думкі. [Турсевіч:] — Так, брат, там цяжка. Па сабе ведаю, якая там глуш. Колас. — Будзем жыць, — паўтарыў стары, едучы дамоў. — Так. Будзем жыць. Чорны. Так, пазіцыя выбрана ўдала. В. Вольскі.

9. часціца ўзмацняльная. Выкарыстоўваецца для падкрэслівання большай выразнасці таго слова, пры якім яна стаіць. Ну так старанна вырабляў нагамі [Мацей], Што ўсе ў далоні пляскалі яму. Корбан.

10. часціца абмежавальная. Ужываецца для ўказання на прыблізную колькасць, меру чаго‑н., час і пад. Гадоў так дзесяць таму назад. □ [Акулька:] — Не даходзім так метраў сто да купальні, што насупраць Аўсейчыкавых. Домка наша як уздрыгне і стала як укопаная. Ракітны. Хвойнік, не зусім вялікі, так мо дзесяцін у трыццаць лясок, ляжаў на ўсходнім баку Сілцоў. Гартны.

11. часціца. Выкарыстоўваецца ў пачатку сказа, які растлумачвае папярэдняе выказванне, у значэнні: «а іменна», «напрыклад». Расказвалі, які быў ураджай. Так, адзін гектар жыта ў сярэднім даваў пудоў семдзесят пяць. Колас. Працу размеркавалі хутка. Так, напрыклад, першаму звяпу даручылі лён, другому сенажаць. «Звязда».

12. часціца. У спалучэнні з «і» указвае на характар дзеяння (энергічнасць, рашучасць, міжвольнасць і пад.). Стары не вытрымаў, так і асунуўся. Чакаў, чакаў, так і пайшоў ні з чым. □ [Сухадольскі:] Мы ж былі першым атрадам чырвоных спецаў, выгадаваных Савецкай уладай. [Фёдар Мікалаевіч:] Так і рваліся ў бой. Крапіва. // У спалучэнні з «і» указвае на скептычныя, негатыўныя і пад. адносіны да якога‑н. дзеяння, з’явы. Бач ты, ён яшчэ надумаў пагражаць! Так яго і спужаліся. □ Так і валэндаліся ў санаторыі з гэтым Малахам. Кавалёў.

13. злучн. У спалучэнні са злучнікам «што» выкарыстоўваецца для далучэння даданых выніковых сказаў у значэнні: у выніку гэтага, таму. [Валерый:] — Ад паноў і падпанкаў нацярпеўся за свой век нямала, так што зуб на іх у цябе [дзядзькі Рыгора] яшчэ востры. Якімовіч. // У спалучэнні са злучнікам «як» выкарыстоўваецца для злучэння аднародных членаў сказа і сказаў з параўнальна-супастаўляльным адценнем. Пажар заўважылі як з баракаў, так і з пасёлка толькі тады, калі згасла электрычнае святло. Пестрак.

•••

Вось так гл. вось ​2.

Даўно б так — адабрэнне чыйго‑н. учынку, задавальненне чыімі‑н. дзеяннямі.

За так — бясплатна, дарма (рабіць што‑н.).

І так гл. і ​3.

І так далей — ужываецца ў канцы пералічэння і ўказвае, што пералічэнне можа быць прадоўжана.

І так, і гэтак — а) рознымі спосабамі, на розны манер; б) па-рознаму; то добра, то дрэнна.

(І) так і сяк; ці так ці сяк — на розны манер, рознымі спосабамі; усяляк; тым ці іншым спосабам.

Не так, каб; не так каб — выкарыстоўваецца для некатэгарычнага адмаўлення якой‑н. думкі ў значэнні: не вельмі.

Не так сабе — з нейкай мэтай, з пэўным намерам. І ўсё ж зараз, на старасці гадоў, рашыў .. [сусед] заняцца вінаградарствам. І не так сабе: даўно сачыў за доследамі селекцыянераў. Кавалёў. [Тарас:] — Дык можа і за Валяй будуць сачыць? [Сымон:] — Не ведаю. Але думаю, што выпусцілі яе не так сабе... Якімовіч.

Проста так гл. проста.

Так званы гл. званы.

Так і быць гл. быць.

Так і ёсць — на самай справе, сапраўды.

Так і так — ужываецца замест пераказу, паўтарэння ўжо вядомага, таго, пра што ўжо расказвалася. [Гарошка:] — Так і так, расказваю, ёсць у суседзяў нашых закінуты кацёл. Краўчанка.

Так і трэба каму — за ўчыненае і адплата.

Так на так — а) без прыдачы, адно за другое (пра абмен); б) у роўнай прапорцыі, у роўных суадносінах.

Так сабе — а) ні добрае, ні дрэннае (пра каго‑, што‑н.). Гаспадар з яго так сабе; б) проста так, несур’ёзна. Гэта была толькі так сабе, прыстрэлка. Шыцік. [Алена:] — Прастойваеш вечары з хлопцам так сабе, выходзіць? Пальчэўскі.

Так сказаць гл. сказаць.

Так точна!так, іменна так.

Так то (яно) так — усё гэта правільна, але... [Андрэй:] — Я ночы не спаў, насенне малаціў, а ўдзень за плугам ад раніцы да вечара. Конь і той ноччу адпачывае. — Так то яно так, сынок... Чарнышэвіч.

Так трымаць! гл. трымаць.

Так ці інакш (іначай) (у знач. пабочн.) — ва ўсякім выпадку, тым ці іншым спосабам.

То так, то сяк; то так, то гэтак — па-рознаму; то адным спосабам, то другім.

Хоць бы і так — няма нічога асаблівага, дрэннага ў чым‑н.

Ці так? — ці праўда?

Як жа так гл. як.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

растру́шчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раструшчыць.

2. у знач. прым. Раздроблены, разбіты на дробныя кавалкі. Пад нагу то тут, то там траплялі раструшчаныя кукурузныя пачаткі. М. Стральцоў. Ступіш не так — і загрыміць якая-небудзь бляшанка, пакоціцца ўніз раструшчаная цагліна... Бураўкін. // Пашкоджаны, разбіты (пра косць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пожа́тьII сов., прям., перен. пажа́ць, (долго, много, неоднократно) папажа́ць, папажына́ць;

что посе́ешь, то и пожнёшь посл. кінь за сабо́ю, зно́йдзеш пе́рад сабо́ю; як узарэ́ш, так і збярэ́ш; як дба́еш, так і ма́еш; што пасе́еш, то́е і пажне́ш.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

патрэ́бна, безас. у знач. вык.

Неабходна, трэба. — Каб толькі так [надвор’е] пастаяла які тыдзень — то ўжо і касіць патрэбна. Гартны. Патрэбна дараваць Таму, хто памыліўся, А ворага — бязлітасна караць. Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

норд, ‑у, М нордзе, м.

Спец.

1. Поўнач, паўночны напрамак.

2. Паўночны вецер. Калісьці я служыў на Каспіі. Мора гэтае вельмі зменлівае. То дзьме «марана» — вецер з поўдня, гонячы невысокія пеністыя хвалі, то раптам пачынае лютаваць шалёны «норд» і так расхвалюе мора, што яно ўскаламуціцца аж да дна. Хомчанка.

[Гал. noord.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

до́лжно безл., в знач. сказ. трэ́ба, патрэ́бна; (необходимо) неабхо́дна; (полагается) нале́жыць;

рабо́тать, как до́лжно працава́ць як след (як нале́жыць);

говори́ть то, что до́лжно гавары́ць то́е, што трэ́ба (што неабхо́дна);

так не до́лжно поступа́ть так не́льга (нямо́жна, не трэ́ба) рабі́ць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

то 1, злучнік пералічальна-размеркавальны.

1. Ужываецца для сувязі членаў сказа і сказаў пры пералічэнні падзей, з’яў, прадметаў з папераменным чаргаваннем. У лесе — лістапад. То тут, то там бясшумна падае з дрэў рознакаляровае лісце. Ігнаценка. То зліваючыся з мрокам, то выступаючы з яго, постаць невядомага чалавека пасоўвалася ў дзедаў бок. Колас. Рупліва чокаюць сякеры, шоргае .. піла, чуваць то смех, то галасы: — Раз, два — узялі! Брыль. Мой час па-рознаму бяжыць: То з гулам, як вясновы гром, То ціхенька, нібы ручай, То скокам-бокам, нібы ліст. Лось. [Дзямід:] — Жыццё спяшаецца, толькі паспявай за ім! То адзін прыдумаў нешта новае, то другі здолеў апярэдзіць час... Паслядовіч.

2. Уваходзіць у склад састаўных паўторных пералічальна-размеркавальных злучнікаў: а) «ці то... ці то», якія злучаюць члены сказа і сказы з адценнем меркавання, развагі. З левага боку ад дзвярэй вісела ці то дыяграма, ці то нейкая схема. Васілёнак. Ці то яшчэ па яве, ці то ўжо ў сне залятала ў душу Андрэя так патрэбная цяпер уцешная мелодыя песні. Пестрак. Ці то воз быў занадта цяжкі, ці то лёд пад вясну аслабеў, але ўся фурманка з кон[ьмі] .. шухнула пад лёд. Корбан; б) «не то... не то», якія злучаюць члены сказа і сказы з адценнем няпэўнасці, сумнення. Збоку да парома прычэплена не то лодка, не то човен. Парахневіч. — Цікава, з якога атрада? — не то сам сабе, не то Кузьме Міхайлавічу сказаў Злобіч. М. Ткачоў. Сам Іпалітаў быў аднекуль здалёк — не то з Прыбалтыкі, не то з яшчэ далейшых краёў. Паўлаў. Спіць Парфен, галаву кажушком накрыўшы. Не то будзіць яго, не то не будзіць. Лобан.

3. Ужываецца ў складаназалежных сказах у якасці суадноснага слова ўмоўных, часавых, прычынных і супастаўляльных злучнікаў. Каб трошкі спазніліся хлопцы, то ўжо не засталі б лесніка дома. Пальчэўскі. — Калі жыць ды не працаваць, то і жыць не трэба, — казаў мне бацька. Паўлаў. Калі Мікіта ўспамінаў, як вытурыў ён гэтага васпана з хаты, то гордасць яго прымала вялікія памеры. Колас. / У якасці суадноснага слова ў галоўным сказе пры адсутнасці злучніка ў залежным. [Курыльчык:] Ты не хочаш прэміі, то і не бяры .. А мне прэмія вельмі патрэбна, і я ад яе не адмоўлюся. Крапіва. — На склад дык на склад, — усміхаецца сумна Міхась, — не прывык, то прывыкну. Брыль. [Тварыцкі:] — Няма ў нас тут вольнай зямлі. Сказаць праўду, то раней была, але народ падзяліў. Чорны.

•••

А не то (дык) гл. а ​2.

А то гл. а ​2.

Ды і то гл. ды ​1.

І то — а) гл. і ​3; б) злучнік — але, аднак, нягледзячы на. Конь на чатырох нагах — і то спатыкаецца. Прыказка.

то 2, часціца.

Ужываецца ў пачатку сказаў, якія абагульняюць, рэзюміруюць ці тлумачаць тое, аб чым гаварылася раней. [Журавінка:] — Бывае, Хрысцінка, чалавек спатыкаецца. То што ж ты ўжо зробіш? Лобан. [Пытляваны:] Аўдоцця Захараўна, мусіць, не ведае, што мы за людзі. То ўжо ты, Іван Міхайлавіч, адрэкамендуй нас. Крапіва. // У значэнні ўказальнага займенніка «гэта». Ой не плакалі ў полі бярозы, Не цвіла над ракою каліна, — То раняла гарачыя слёзы Маладая ўдава Кацярына. Трус. Такіх палян вакол пушчы многа, а гэта асаблівая. То — урочышча Старына. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

што², злуч.

1. Далучае даданы сказ да галоўнага.

Крыўдна, што я гэтага не змог зрабіць.

Такі шум, што можна аглухнуць.

Назбіралі так мала ягад, што і варэнне не зварыш.

2. Як, чым, нібы.

Спіць што мёртвы.

3. з часціцай «ні» або без яе. Указвае, што сказанае ў галоўным сказе адносіцца да кожнага моманту, месца, да кожнай з’явы і пад., названых у даданым.

Што край, то абычай (прыказка).

4. 3 паўторам — указвае на раўнапраўе, аднолькавасць, роўнасць у адносінах да чаго-н.

Што ён паедзе, што я — адно і тое ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сканфу́зіцца, ‑фужуся, ‑фузішся, ‑фузіцца; зак.

Адчуць няёмкасць, засаромецца, збянтэжыцца. [Міколка:] — А, здаецца ж, не малы ты ўжо, дзед, і трэба ж так... — То ж гэта не сляза, унуча, гэта радасць... — сканфузіўся дзед. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)