утаймава́цца, ‑муюся, ‑муешся, ‑муецца; зак.

1. Уціхамірыцца, супакоіцца (пра чалавека). Пачалі будаваць дарогу праз балота. Старыя працівіліся, але моладзь не ўтаймавалася, пакуль не ўзяла верх... Чарот. Стыпендыю [студэнты] атрымалі, праз дзень-два паедуць на бульбу, так што ёсць усе падставы павесяліцца. Толькі пад раніцу ўтаймуецца інтэрнат. Навуменка. // Стаць паслухмяным, падпарадкавацца волі чалавека (пра жывёл). Вінавата апусціўшы хвост, Кудлік трохі ўтаймаваўся, але ненадоўга. Рылько.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зменшыцца, суцішыцца або суняцца (пра боль і пад.). — Дарагі браце Сцяпане! Пойдзем да мяне, паляжыш, адпачнеш, боль утаймуецца... Дубоўка. [Алімпа] думала, што гэта яшчэ не роды, а проста забалеў жывот і калі яна будзе рухацца, дык боль утаймуецца. Сабаленка. // Заглушыцца, прыглушыцца (пра якое‑н. пачуццё, хваляванне і пад.). Калі агульная ўзрушанасць і захапленне, нарэшце, утаймаваліся, я пайшоў да Сені. Шамякін. — А чаго я цябе не бачыў да гэтага дня? — спытаў Пятро Ізобаў свайго даўняга сябра, калі радасць нечаканай сустрэчы крыху ўтаймавалася. Савіцкі. // Прыйсці ў нерухомы стан, стаць спакойным. На трэці дзень Утаймаваўся акіян. І хвалі, Прыкмеціўшы бязлюдны астравок, Як трэску, лодку іхнюю прыгналі І выплеснулі ціха на пясок. Куляшоў. Я Чорнае мора зялёным назваў бы, Калі ўтаймуецца бура і шторм. Грахоўскі. Пад раніцу завіруха трохі ўтаймавалася. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.

1. Пачаць рухацца больш павольна; спыніцца. Канвеер сцішыцца і стане, Парушыць сэрца сэрцаў строй. Чэрня. Кастусь не падганяў каня, і той сцішыўся зусім. Гаўрылкін.

2. Перастаць чуцца, стаць цішэйшым (пра гукі, шумы і пад.). Сцішыліся песні, прыціхлі гармоні, толькі дзе-нідзе не змаўкалі паасобныя галасы. Лынькоў. Пачуўшы, што сцішыліся ў канцы калідора крокі цёці Машы, .. [Алесь] устаў і пачаў хадзіць па пакоі. Броўка. // Стаць бясшумным, сціхнуць. У адну ноч, калі горад сцішыўся, а Лабановіч сніў сны, .. раптам пачуўся грук у дзверы рэдакцыі. Колас. Усё сцішылася ў прадчуванні блізкай ночы. Даніленка.

3. Прыйсці ў стан спакою, перастаць хвалявацца; змоўкнуць. [Сынклета:] — А бацька нікуды не дзенецца, пабурчыць трохі ды сцішыцца. Гроднеў. Заплакала было дзіця на руках у жанчыны, але, быццам перадумаўшы, адразу і сцішылася. Васілёнак. — Рэкс, ціха, — сказаў па-нямецку оберст, і аўчарка сцішылася, нават, здаецца, паменшала ростам. Шахавец. // Перастаць крычаць, пачаць весці сябе ціха. Жанчыны смяяліся, мужчыны жартавалі. Нарэшце сцішыліся. Ваданосаў. Люба не сумелася і не змоўкла, аднак сцішылася — перастала крычаць і лаяцца. Шамякін. Глуха затрымцеў званок, і дзеці сцішыліся. Сабаленка. // Прыпыніцца, перастаць рухацца; заціхнуць. Арцыховіч апынуўся каля цёплай батарэі і, абняўшы яе закарчанелымі рукамі, сцішыўся. Алешка. Чалавек прабіраецца праз гушчарнікі. Паўзе па балоце. Прытаіўся, сцішыўся. Лужанін. — А хіба я заснула? Так сабе, толькі сцішылася, — пачуўся голас Верачкі. М. Ткачоў.

4. Паменшыцца ў сіле, аслабець (пра з’явы прыроды). Пакуль дабег, дождж сцішыўся. Хомчанка. Адразу сцішыўся вецер, мора пасвятлела і неба зноў стала зырка-блакітнае. Васілёнак. // Суняцца (пра боль і пад.). Сцішыўся боль у патыліцы, і ў вачах [Сцяпана] стала ясней. Пестрак. // Аслабець або прыглушыцца (пра пачуцці). Цяпер, калі непакой сцішыўся, Туравец стаў больш адчуваць, як ные правая рука. Мележ.

5. Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Сцішыўся сурова Лес, як немы склеп. Колас. [Мора] пачало супакойвацца і хвіліны праз тры зусім сцішылася, як і не круціў толькі што ў ім магутны вір. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. сціх, ‑ла; зак.

1. Перастаць чуцца; заціхнуць (пра гукі, шумы і пад.). Крокі і шолах даўно ўжо сціхлі, а хлопцы ўсё яшчэ ляжалі ў сваёй засадзе і не дыхалі. Маўр. Рэха глуха пакацілася па сасняку і сціхла. Пестрак. Праз нейкі час перастрэлка сціхла. Сяргейчык. // Перастаць утвараць гукі. Недзе ў лесе спалохана крыкнула птушка і сціхла. Мележ. Лёдзя пачула стракатанне матацыкла, які, неўзабаве наблізіўшыся, раптам сціх. Карпаў. Гармонік ужо сціх, і ў цішыні, што наступіла, Сцяпан добра чуў, як у кустах за пуняй конь скубе траву. М. Стральцоў. // Стаць нячутным. Не паспеў сціхнуць гул самалётаў, якія ўзляцелі, а па старце ўжо з’явілася звяно другой эскадрыллі. Алешка. // Перастаць страляць (пра агнястрэльную зброю). Батарэя выйшла [са] строю, толькі адна Вітушкава гармата яшчэ страляла, але і тая хутка сціхла. Гурскі. Міхась спалохаўся, адхапіў палец з курка — аўтамат сціх. Якімовіч. // Стаць бязлюдным, бясшумным. Ад заняткаў вольныя Лета дні цяклі. Сціхлі класы школьныя, Як без пчол вуллі. Куляшоў.

2. Перастаць гаварыць, спяваць, крычаць; замоўкнуць. Андрэй Пніцкі перабраў перад сходам у сваёй гаворцы ўсё, а тут раптам сціх і ўважна слухаў. Чорны. Нехта .. суняў яго [Пацяроба] раз’юшаны лямант: — Сціхні ты ўжо. Чаго галёкаеш, як у лесе! Зарэцкі. Пад акном сціхлі, нехта некаму кінуў: «Пачынай!» — і звонкія галасы завялі [песню]. Палтаран. [Слухачы] ведалі — пакрычыць начальнік і сціхне. Кавалёў. // Перастаць гучаць; заціхнуць (пра размову, крык, спеў і пад.). Людзі хіснуліся, сціх гоман у задніх радах. Шамякін. На дарозе раз-пораз чутны былі выбухі смеху. І калі яны ўжо сціхлі, Аксіння ўзваліла мех на спіну і павольна пайшла. Ракітны. У пакоях цішыня, Сціхлі песні, крыкі. Гілевіч. // Перастаць злавацца, хвалявацца, непакоіцца і пад. [Яўхім] доўга тупаў у хляве, пад павеццю, не мог ніяк умерыць злосць, сціхнуць душою. Мележ. // перан. Перастаць выяўляць адзнакі жыцця. З наступленнем ночы вёска сціхла.

3. Паменшыцца ў сіле, аслабець; спыніцца (пра з’явы прыроды). А вецер свішча, гудзе, Сціхнуць не хоча. Чарот. Грымоты сціхлі, і па лісці Лапочуць кроплі — дождж ідзе... Кусянкоў. Далонь падставіў кожны ліст, Ды сціхла ўраз стыхія. Кляўко. // Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Пушча сціхла, як сціхае натоўп людзей у першую хвіліну ўрачыстасці. Шамякін. Сціхлі хвалі па Бярозе, Змоўк гармат гарачы гул. А. Александровіч. // Перастаць распаўсюджвацца (пра чуткі і пад.). Пагалоскі сціхлі. // Суняцца (пра боль і пад.). Боль у нагах сціх. // Аслабець або прыглушыцца (пра пачуцці). Калі сціхла радасць першага спаткання, Максім выпусціў з абдымкаў сябра. Машара. Пачуцці іхнія [Малашкіна і Сашы] сціхлі, прытаіліся, як гэтая плынь ракі. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)