сагну́ць, ‑гну, ‑гнеш, ‑гне; ‑гнём, ‑гняце; зак., каго-што.

1. Зрабіць гнутым, надаць выгляд дугі, вугла. Сагнуць дрот. □ І ўпершыню мой валасаты прашчур Падняўся і сагнуў рагаты сук. Грахоўскі. Даўней грыўню мог [Сямён Ямкавы] сагнуць пальцамі. Чорны. // Зрабіць што‑н. шляхам згінання. Сагнуць дугу. □ Распарыў [Янка] палазы ў печы. Сагнуў, габлюе цэлы дзень. Корбан. // Нахіліць да зямлі. Пытае шумны маладняк У дрэў старых: вятры якія Іх вецце абарвалі так, Ствалы сагнулі векавыя? Танк. Калі тонкага дрэва не сагнеш, то тоўстага не адужаеш. Прыказка.

2. Нахіляючыся, выгнуць спіну. Ніжэй сагнулі спіны жнейкі, шыбчэй зашорхалі сярпы. Бядуля.

3. Зрабіць згорбленым, згорбіць. Гэта быў чалавек вышэй сярэдняга росту, гады не высушылі і не сагнулі яго дзябёлую постаць, трымаўся ён проста і хадзіў яшчэ шпарка і ўпэўнена, хоць і абапіраўся на кій. Шамякін. / у безас. ужыв. Вярнуўся Змітрок у Добры Дуб. Дзеці абадраныя, Хрысціна хваравітая, і самога ледзьве не сагнула. Гроднеў.

4. Скласці пад вуглом у суставе (пра канечнасці). — Дык у мяне ж рука — во! — сагнуў у локці руку Сашка. — Праўда ж, моцны я? Даніленка.

5. Пашкодзіць, зрабіць пагнутым. [Бацька] — Каб ты бачыў, сынок, сашнік сагнуў як ёсць, у камень недзе ўправіўшы. Чорны.

6. перан. Зламаць стойкасць, сілу, зрабіць каго‑н. пакорным. Нястача і гора сагнулі яго. □ Нашых плеч не сагнулі Ні замець, Ні снег, Ні скавыш. Глебка. Непакорных, гордых не магло Нішто ў змаганні з ворагам асіліць, Зламаць, сагнуць. Танк. Не, не стопчуць красы тваёй брудныя боты. Не, народа майго аніхто не сагне! Панчанка.

•••

Сагнуць (скруціць) у бараноў (казіны) рог; сагнуць у дугу; сагнуць у крук; сагнуць у абаранак — уціскам, строгасцю прымусіць каго‑н. пакарыцца, падпарадкавацца.

Сагнуць у тры пагібелі — падвергнуць жорсткай эксплуатацыі, уціску; прымусіць пакарыцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвёрды, ‑ая, ‑ае.

1. Які характарызуецца стабільнасцю формы пры нармальных умовах, у адрозненне ад вадкага і газападобнага. Цвёрдае цела. Цвёрдыя рэчывы. Цвёрдае і вадкае паліва. // Сухі, не вадкі (пра ежу). Хоць .. [хворага] накармілі, як госця, але не дужа сытна: з галадухі любая цвёрдая страва можа пашкодзіць. Ваданосаў.

2. Які з цяжкасцю паддаецца сцісканню, згінанню, рэзанню і пад.; проціл. мяккі. Цвёрдае, як жалеза, дрэва слаба паддавалася піле. Чарнышэвіч. І манішка на ім [чалавеку] была цвёрдая, і гальштук спрытна падвязан. Чорны. // Які не прагінаецца (пры сядзенні, ляжанні); мулкі. Цвёрдае крэсла. □ Віця Шэўка ляжыць на цвёрдай жалезнай койцы. Брыль. // Грубы, жорсткі (навобмацак). Рукі ад работы [у Валюты] цвёрдыя .. Нацягалася за свой век. Пташнікаў. [Пані Яндрыхоўская:] Старая скура цвёрдая — загадаю бізуноў дзесяць лішніх дабавіць. Крапіва. // Уезджаны, убіты (пра дарогу, грунт і пад.). Толькі раніцой наступнага дня трактар выцягнуў машыну Семенюка на цвёрдую дарогу. Мяжэвіч. Капаць пячору ў цвёрдым камяністым грунце было нялёгка, і справа ішла вельмі марудна. Бяганская.

3. перан. Стойкі ў сваіх перакананнях, намерах; непахісны. Цвёрды характар. Цвёрдая воля. □ [Кастусь:] — Будзьце цвёрдыя і непахісныя ў любой баталіі з ворагам — малой і вялікай. Якімовіч. // Які выражае непахіснасць, стойкасць. Да тэлефона падышоў Гаварушка. Голас у грубцы быў цвёрды і аўтарытэтна спакойны. Лобан. Спакойны цвёрды Зеленюкоў тон яшчэ больш раздражніў Карызну. Зарэцкі.

4. Устойлівы, трывалы, не хісткі. [Дзічкоўскі] ступіў на гладкую дарожку і далей пайшоў цвёрдым крокам. Алешка. // Які не падпадае пад адвольныя, частыя змены; стабільны. Цвёрдая ўлада. Цвёрдыя цэны. □ — У саўгасе цвёрдая аплата. Будзе большая матэрыяльная зацікаўленасць... Навуменка. «Зялёная падкормка, цвёрды распарадак у доглядзе, чысціня ў кароўніку, — падагульняў Ульянка. — Так, усё гэта трэба ўводзіць на ферме». Шчарбатаў. // Трывалы, надзейны; без парушэнняў. Цвёрдая дысцыпліна. Цвёрдае абяцанне.

5. перан. Канчатковы, беспаваротны; без хістанняў. Цвёрды намер. Цвёрдае рашэнне. Цвёрдая ўпэўненасць. □ — Ты павінен вырашыць сам, як падкажа табе сумленне. А вырашыш — дай цвёрды адказ. Шамякін.

6. Добра засвоены, трывалы, грунтоўны. Цвёрдыя веды.

7. Выразны, рэзкі (пра рысы твару). Чорныя кучаравыя валасы, белы твар,.. як вытачаныя дзеля прыгажосці пераноссе і барада — цвёрдыя рысы. Чорны.

8. Спец. Які вымаўляецца без набліжэння сярэдняй часткі языка да цвёрдага паднябення. Цвёрдыя зычныя гукі.

•••

Цвёрды вагон гл. вагон.

Цвёрды знак гл. знак.

Стаяць на цвёрдай глебе; мець (адчуваць) цвёрдую глебу пад нагамі гл. стаяць.

Цвёрдае слова гл. слова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)