Рэ́йка 1 ’вузкі стальны брус на чыгунцы’ (ТСБМ, Касп., Шат., Байк. і Некр.), ’вузкая тонкая дошчачка’ (ТСБМ, Бяльк., Шушк.), ’жалезная шына (у плузе) да якой прымацоўваецца лямеш і паліца’ (Бяльк.). Ад рэя 1.
Рэ́йка 2 ’сэрца, лёгкія, печань у жывёлы’ (Бяльк., Нас., Дабр.). Паводле Фасмера (3, 463) — няяснае. Пятлёва суадносіць гэту лексему з *rějati (sę), для якой на базе рус. дыял. ре́ять ’часта дыхаць, запыхацца’, ре́яться ’задыхацца’ выводзяць яе семантычнае адгалінаванне ’дыхаць’. Такім чынам, рэ́йка можа азначаць ’тое, чым дыхаюць; орган дыхання’ або, што больш верагодна ’тое, што мае малую вагу і таму усплывае у вадзе (супе)’ (Пятлёва, Этимология–1975, 42–44). Параўн. у Фасмера, які рус. лёгкое суадносіць з лёгкий, таму што, калі вантробы жывёл кладуць у ваду, лёгкія застаюцца на паверхні. Таксама ён прыводзіць адпаведнікі з іншых моў: англ. lights ’лёгкія некаторых жывёл’ > light ’лёгкі’, парт. leves ’лёгкія’ > leve ’лёгкі’ (Фасмер, 3, 474).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
грыф 1, ‑а, м.
1. У антычнай міфалогіі — крылатае страшыдла з тулавам ільва і галавой арла або льва.
2. Вялікая драпежная птушка, якая гнездзіцца на скалах, абрывах, адзіночных дрэвах і жывіцца падлай.
[Грэч. gryps.]
грыф 2, ‑а, м.
1. Доўгая драўляная пласцінка на шыйцы музычных інструментаў, да якой у час ігры прыціскаюць струны. Гітара была добрая, з прыгожымі малюнкамі на версе, з вялікім чырвоным бантам на канцы грыфа. Васілёнак.
2. Стальны прут атлетычнай штангі, на які надзяваюцца шары, дыскі.
[Ням. Griff.]
грыф 3, ‑а, м.
1. Штэмпель з узорам чыйго‑н. афіцыйнага подпісу, а таксама адбітак з гэтага штэмпеля. Бланк з грыфам установы. □ Светла-жоўтыя, горда аздобленыя двухмоўным грыфам паўпрэдства СССР пакеты прыходзяць на лагерную пошту амаль штодня. Брыль.
2. Надпіс на дакуменце, выданні, які вызначае правілы карыстання імі. Апублікаваць брашуру пад грыфам: «На правах рукапісу». □ Палкоўнік запісаў.. [лічбы] на бланку з грыфам «Сакрэтна», затым утаропіўся ў іх вачамі і задумаўся. Дудо.
[Ад фр. griffe — кляймо, штэмпель.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шы́на, ‑ы, ж.
1. Металічны абруч, нацягнуты на вобад кола, полаза для большай трываласці. — Ого, пры кузні, браце, такі камень надта ж патрэбен — шыны на колы нацягваць. Арочка. Конь тузануўся рыўком: зашаргацелі шыны — сані лёгка пайшлі па лёдзе. Лецка. Лагожы, здаецца, дзяруць снег; цяжкія, з шырокімі новымі палазамі, акутымі яшчэ ўвосень у калгаснай кузні тоўстай іржавай шынай. Пташнікаў.
2. Суцэльная гумавая пакрышка, абалонка з напоўненай паветрам гумавай камерай, якія надзяваюцца на вобад кола для паляпшэння руху, павелічэння амартызацыі. Гумавыя шыны лёгка скакалі па карэннях, і на гэтыя частыя штуршкі ледзь чутна адклікаўся званок. Кулакоўскі. У далёкія рэйсы шафёры пускаліся неахвотна — шыны былі слабыя, маторы працавалі з перабоямі, як сэрца ў хворага чалавека. Шахавец.
3. Спец. Прыстасаванне ў выглядзе некалькіх дошчачак і бінтоў або жгутоў для накладвання павязкі, якая забяспечвае нерухомасць пашкоджаных частак цела. Правая нага.. [японца], узятая ў шыны, была падваокана і выцягнута над ложкам. Лынькоў.
4. У электратэхніцы — медны, алюмініевы або стальны праваднік (прамавугольнага ці круглага сячэння), які выкарыстоўваецца для вялікіх токаў.
[Ням. Schiene.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)