непрадба́чаны, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога нельга было прадбачыць; нечаканы. Непрадбачаныя акалічнасці. □ План планам, а ў час працы — Шульга добра ведае гэта — абавязкова .. вынікне столькі нечаканасцей і розных непрадбачаных перашкод, што калі не праявіць кемлівасці, то можна моцна адстаць. Краўчанка. І імчыць зялёны легкавічок за вёску, у непрадбачаны рэйс... Ракітны. / у знач. наз. непрадба́чанае, ‑ага, н. І раптам, калі работа падыходзіла ўжо да канца, здарылася непрадбачанае. Данілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

панто́н, ‑а, м.

1. Пласкадоннае судна, якое служыць апорай для наплаўнога моста або для падтрымкі на вадзе якіх‑н. збудаванняў. У першы рэйс пантонаў, які прадаўжаўся 50 хвілін, было перакінута на заходні бераг 250 байцоў. «Беларусь». Ля самай вады ляжалі непрыбраныя бярвенні — праз раку будаваўся часовы мост на пантонах. Савіцкі. // Наплаўны мост, збудаваны на такіх суднах. Навесці пантон.

2. Спец. Прыстасаванне для падымання суднаў, якія затанулі.

[Фр. ponton.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́кса 1, ‑ы, ж.

Дакладна ўстаноўленая расцэнка тавараў або размер аплаты працы і паслуг. Акцызнік набіваў сабе цану, хоць і ведаў, што больш, чым у такое, Завішнюк не заплаціць. Пташнікаў. [Начальнік:] — Нават буду ведаць таксу, што за кожны рэйс у лес па дровы .. бярэцца па сто рублёў. Скрыган.

[Фр. taxe ад лац. taxare — ацэньваць.]

та́кса 2, ‑ы, ж.

Невялікі гладкашэрсны сабака з крывымі кароткімі нагамі і доўгім тулавам. [Дзядзя:] — Жах! Каб ты[гр] у кабеціных руках ператварыўся ў таксу ці балонку?! Корбан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спецыя́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны выключна для каго‑, чаго‑н., які мае асобае прызначэнне; асобы. Спецыяльны рэйс. Спецыяльнае заданне. □ Спецыяльнымі машынамі хмызнякі калгаснікі рэжуць. Бялевіч. Ён [Хама] сябрука свайго Кузьму ўласна сам вязе ў сталіцу, у спецыяльную бальніцу. Корбан. Спецыяльная кухарка гатавала .. [катам] ежу. Бядуля. У .. [Міхала] не было спецыяльных дзён, калі ён як дэпутат прымаў бы наведвальнікаў. Карпаў.

2. Які мае адносіны да якой‑н. галіны навукі, тэхнікі, мастацтва. Спецыяльная тэрміналогія. Спецыяльная адукацыя. // Які патрабуе прафесійных ведаў у якой‑н. галіне. Гэтае пытанне вельмі спецыяльнае.

•••

Спецыяльны карэспандэнт гл. карэспандэнт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палёт, ‑у, М ‑лёце, м.

1. Рух, перамяшчэнне ў паветры ў якім‑н. напрамку. Палёт ракеты ажыццяўляўся строга па зададзенай траекторыі. «Звязда». // Характар, манеры, асаблівасці такога перамяшчэння. Бясшумны палёт. // Спец. Акрабатычны скачок на вялікую адлегласць або на вялікай вышыні. Палёт пад купалам цырка.

2. Авіяцыйны вылет, рэйс. У дзень палётаў лётчыкі прачынаюцца рана. Хомчанка. Афіцэр-парашутыст паказаў падпольшчыкам, як карыстацца парашутам, як трымацца ў палёце і на пасадцы. Новікаў.

3. перан. Імкненне, парыў. Якія тут бясконцыя прасторы І для ўспамінаў, і палёту дум! Танк. З галечы, з руін спусташэння, Як волат, падняўся народ — Нястрымная воля імкнення, Нябачаны творчы палёт! Колас.

•••

Брыючы палёт — палёт самалёта на невялікай вышыні над зямлёй.

Сляпы палёт — палёт ноччу, у тумане пры дапамозе адных толькі навігацыйных прыбораў.

З вышыні птушынага палёту гл. вышыня.

Птушка высокага палёту гл. птушка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саста́ў, ‑таву, м.

1. Сукупнасць частак, прадметаў, якія складаюць адно цэлае; склад. Асноўнай задачай лексікалогіі з’яўляецца планамернае навуковае апісанне слоўнікавага саставу мовы і выяўленне гістарычных заканамернасцей яго развіцця. Гіст. лекс. бел. мовы. Па саставу лічэбнікі падзяляюцца на простыя.., складаныя.. і састаўныя. Граматыка. // Сукупнасць элементаў, якія ўваходзяць у хімічнае злучэнне, рэчыва і пад. Састаў глебы. Састаў крыві.

2. Злучэнне, сумесь, раствор, якія складаюцца з розных элементаў або рэчываў. Састаў для бальзамавання. Лекавы састаў.

3. чаго або які. Сукупнасць людзей, з якіх складаецца які‑н. калектыў, арганізацыя (з колькаснага або якаснага боку). Састаў выканаўцаў спектакля. Састаў бюро. □ Цяпер у саставе мясцовых Саветаў рэспублікі 80648 дэпутатаў, больш за 63 працэнты якіх складаюць рабочыя і калгаснікі. Машэраў.

4. (з азначэннем). Асобы, якія складаюць якую‑н. катэгорыю (па роду службы, прафесіі і пад.). Камандны састаў. Выкладчыцкі састаў. Лётны састаў.

5. Рад счэпленых разам чыгуначных вагонаў, падрыхтаваных для адпраўкі ў рэйс. Таварны састаў. Пасажырскі састаў. □ Састаў з двума паравозамі прагрукатаў па мосце за Дняпро. Грахоўскі. Над самым вухам пранізліва закрычаў паравоз — побач праляскаў таварны састаў. Шамякін.

•••

Асабовы састаў — тое, што і асабовы склад (гл. склад ​2).

Рухомы састаў — сукупнасць лакаматываў і вагонаў на чыгунках.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рыхтава́ць 1, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

1. Прыводзяць што‑н. у стан гатоўнасці, рабіць што‑н. годным для выкарыстання, ужывання. Рыхтаваць глебу пад пасевы. Рыхтаваць камбайны і жняяркі да ўборкі ўраджаю. □ [Маці:] — Распранайся і ідзі рыхтуй сабе ванну. Шамякін. З гаража далятала вуркатанне матора — шафёр рыхтаваў машыну ў рэйс. Шахавец. // Вучыць для якой‑н. мэты, даваць каму‑н. неабходныя веды. Школа механізатараў рыхтуе трактарыстаў і камбайнёраў. □ Абком партыі трымаў цесную сувязь з раёнамі вобласці, старанна рыхтаваў кадры для партыйнага падполля. Казлоў. [Варанецкі:] — Забела, дык той загадзя сябе ў начальнікі рыхтуе, усё практыкуецца ў мяне, як ставіць пячаткі. Скрыган.

2. Працаваць над выкананнем чаго‑н., распрацоўваць што‑н. Рыхтаваць даклад. □ [Сцёпка:] А пасля абеду я іду чытаць газету і вучыцца ў гурток. Тут рыхтуем на наступны раз лекцыі. Колас. У Марынкі цяпер гарачая пара — яна рыхтуе дыпломную работу. Хадкевіч.

3. Варыць ежу; гатаваць. Мікола і Ірына .. сядзелі на беразе і на агні рыхтавалі сваю няхітрую вячэру. Гаўрылкін. Гаспадыня пачастунак для памочніка рыхтуе. Дубоўка.

4. Рабіць запас чаго‑н.; набываць што‑н. загадзя, наперад. Калі Аксеня .. мыла бялізну, .. [Хомчык] рыхтаваў ёй ваду. Пестрак. Рыхтуй летам сані, а зімой калёсы. Прыказка.

5. Збірацца, намервацца зрабіць што‑н., задумваць што‑н. Вядзе іх ляснічы Праз дзікі гушчар; Ідуць партызаны, Рыхтуюць удар. Колас. [Міхееў] вывеў дывізіён з пасткі, якую нямецкае камандаванне рыхтавала для яго. Шамякін.

рыхтава́ць 2, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

Спец. Выпростваць, выраўноўваць, вывяраць.

[Ад ням. richten.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)