перасячы́ і перасе́кчы, -сяку́, -сячэ́ш, -сячэ́; -сячо́м, -сечаце́, -сяку́ць; -се́к, -кла; -сячы́; -се́чаны; што.

1. Рассячы папалам, на часткі.

П. жэрдку.

Бізуном бервяна не перасячэш (прыказка).

2. Перайсці, пераехаць што-н. упоперак.

П. вуліцу.

П. экватар.

3. Прайсці па паверхні чаго-н. ад аднаго канца да другога.

Чыгунка перасячэ нашу вобласць.

Поле перасечана ярам.

4. перан. Перагарадзіць каму-, чаму-н. (дарогу, шлях і пад.).

Атрад перасек шлях непрыяцелю.

|| незак. перасяка́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ссячы́ і ссе́кчы, ссяку́, ссячэ́ш, ссячэ́; ссячо́м, ссечаце́, ссяку́ць; ссек, -кла; ссячы́; ссе́чаны; зак., каго-што.

1. Моцным ударам (якой-н. вострай прылады) аддзяліць.

С. бярозу.

2. Пасячы на дробныя кавалачкі што-н.

С. буракі.

3. Знішчыць каго-, што-н., секучы шаблямі, мячамі.

Кавалерысты ссеклі атрад праціўніка.

4. Збіць, рассячы ў многіх месцах.

С. пугай карову.

Град ссек пасевы (пабіў).

5. Пра насякомых: пакусаць у многіх месцах.

Камары ссеклі рукі.

|| незак. ссяка́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. ссяка́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

раскро́іць, ‑крою, ‑кроіш, ‑кроіць; зак., што.

1. Кроячы, выкройваючы адзенне або боты, разрэзаць (тканіну, скуру і пад.). Раскроіць матэрыял на касцюм. // Выразаць па мерцы часткі, дэталі чаго‑н. Раскроіць паліто.

2. Парэзаць на часткі (пераважна пра хлеб). [Служанка] наліла яшчэ кавы і раскроіла на дзве лустачкі апошні на талерцы акрайчык хлеба. Брыль.

3. Разм. Нанесці глыбокую сечаную рану; рассячы. [Марыля] махнула рыдлёўкай і адным ударам раскроіла .. [фашысту] чэрап. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рассе́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад рассячы, рассекчы.

2. у знач. прым. З ранай, нанесенай чым‑н. вострым; з рубцом ад такой раны. Ад усяго перажытага за гэты дзень у мяне ўсё яшчэ кружыцца, пабольвае галава. Шчыміць, торгае рассечанае брыво. Місько. У Саўкаву леснічоўку траплялі і тыя, каго цар збіраўся загнаць.. у ваенныя казармы. Сярод іх быў і добры Язэпаў знаёмы — Пятрок, хлапец з рассечанаю шчакою з маёнтка пана Жардзецкага. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакало́ць 1, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак., каго-што.

1. Датыкаючыся чым‑н. вострым, укалоць у многіх месцах. Накалоць пальцы іголкай. □ Яны праблукалі некалькі гадзін .. Прыстала Клава, пакалола босыя ножкі, пачала адставаць. Шамякін.

2. Забіць, закалоць усіх, многіх. // Забіць на мяса ўсіх, многіх — пра свіней. Карову сабралі немцы, а парасят пакалолі паліцаі. Дайліда.

пакало́ць 2, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак., што.

1. Рассячы, пасячы на часткі; раздрабіць. Загадаў цар слугам спілаваць дуб, накалоць на дровы. Якімовіч.

2. Калоць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распаласава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., каго-што.

Разм. Разарваць, разрэзаць на палосы, уздоўж. Кінуў [Раманка] палена, жыўцом распаласаваў на грудзях сарочку і пусціўся да ракі. Пташнікаў. Мяшкі хтосьці распаласаваў нажом. Паўлаў. // Нанесці глыбокую рану ў выглядзе паласы; рассячы, разарваць. Ледзь адбіўся ад .. [ваўкоў] Хвошч, дваім распаласаваў віламі жываты, а тады сам пакаўзнуўся ў лужыне. Лупсякоў. Як агледзець вокам, выхапіў [Зазыба] у канвойнага шаблю і пачаў секчы ёю з усяго пляча махноўцаў — спярша распаласаваў свайго канвойнага. Чыгрынаў. / у перан. ужыв. Залатым зігзагам маланка распаласавала неба. Стаховіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

развалі́ць, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., што.

1. Прымусіць распасціся; раскідаць (што‑н. сабранае ў якім‑н. парадку, складзенае). Разваліць штабель бярвення. // Раскалоць, разламаць на асобныя часткі ўдарам; рассячы. Разваліць калоду. / у безас. ужыв. — Памятаеце, як я вам расказваў пра Паківачову адрыну? — спытаў Алесь. — Ну, яшчэ дуб сухі амаль над нашай галавою разваліла. Караткевіч.

2. Разм. Разбурыць, ператварыць у руіны. Разваліць хату. □ — Прыйшлі ноччу — двое мужчын, адна баба. Набілі ў школе вокны, развалілі печ... Навуменка.

3. перан. Давесці да поўнага расстройства, да заняпаду; разладзіць. Разваліць работу. Разваліць дысцыпліну. □ — Яно праўда, — згадзіўся Косця, — дружную брыгаду не разваліш. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ву́зел¹, -зла́, мн. -злы́, -зло́ў, м.

1. Месца, дзе звязаны канцы чаго-н. або зацягнута пятля на чым-н.

Завязаць в. або вузлом.

В. на канаце.

Хусцінка на шыі завязана ў в.

Марскі в. (асобы спосаб завязвання тросаў у маракоў).

2. Месца перакрыжавання, стыку чаго-н. і пад. (ліній, магістралей, валокнаў і пад.).

Чыгуначны в.

В. дарог.

Тэлеграфны в.

Нервовы в.

В. супярэчнасцей (перан.).

3. Частка механізма або тэхнічнае ўстройства, якія ўяўляюць сабой складанае злучэнне дэталей, асобных частак (спец.).

Зборка вузлоў.

Санітарныя вузлы ў кватэрах (каналізацыя, водаправод і пад.).

4. Тое, што і клунак.

Звязаць рэчы ў в.

Гордзіеў вузел (кніжн.) — пра заблытаныя абставіны, справы [па імені цара Гордзія, што завязаў вузел, які быў рассечаны Аляксандрам Македонскім].

Рассячы гордзіеў вузел (смела вырашыць цяжкае пытанне).

|| памянш. вузе́льчык, -а, мн. -і, -аў, м. (да 1 і 4 знач.).

|| прым. вузлавы́, -а́я, -о́е (да 1—3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ву́зел 1, ‑зла, м.

1. Месца, дзе звязаны канцы чаго‑н. або зацягнута пятля на чым‑н. Гальштук быў новы, бліскучы і слізкі, і вузел атрымліваўся то вялікі, то малы, то крывы. Шыцік.

2. перан. Складанае спляценне якіх‑н. падзей, збег акалічнасцей. Вузел супярэчнасцей. Драматычны вузел п’есы. □ [Галена:] — Вы, здаецца, усе таксама ўблытаны ў гэтым вузле. Чорны.

3. Месца перакрыжавання, стыку чаго‑н. Чыгуначны вузел. □ Відно было з другога паверха, як у адным месцы сыходзяцца ў вузел палявыя дарогі. Чорны.

4. Сукупнасць размешчаных побач збудаванняў, машын, механізмаў і пад., звязаных паміж сабой. Энергетычны вузел. Радыётрансляцыйны вузел. Вузел абароны. // Частка машын, механізмаў, якая з’яўляецца злучэннем больш простых дэталей. Вузлы аўтамашыны.

5. Патоўшчаная частка сцябла з парасткамі або лісцямі. Лісцявы вузел.

6. Від прычоскі з доўгіх валасоў, закручаных на патыліцы. Аня Папова, трымаючы ў зубах шпількі, стаяла перад люстэркам і заколвала на патыліцы цяжкі вузел кос. Васілевіч.

7. Скапленне нервовых клетак. Нервовы вузел. // Патаўшчэнне сасудаў; бугорчык на скуры. Вузлы жыл.

8. Тое, што і клунак. Гаспадыня сама выбрала ўсё найлепшае, навязала ў настольнік даволі вялікі вузел, прыладзіла яго сабе на плечы. Шамякін.

•••

Марскі вузел — агульная назва рознага віду петляў і спосабаў звязвання тросаў.

Мёртвы вузел — асобы спосаб звязвання вяровак.

Санітарны вузел — памяшканні, абсталяваныя для санітарна-гігіенічных мэт (ванная, пральня, прыбіральня і пад.).

Гордзіеў вузел — пра заблытаныя абставіны, справы.

Рассячы гордзіеў вузел гл. рассячы.

ву́зел 2, ‑зла, м.

Мера скорасці ходу суднаў, роўная 1,852 км у гадзіну.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасячы́ і перасе́кчы, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце, ‑сякуць; пр. перасек, ‑ла; заг. перасячы; зак., што.

1. Рассячы папалам, на часткі. Перасячы жэрдку сякерай. □ Бізуном бервяна не перасячэш. Прыказка.

2. Перайсці, пераехаць што‑н. упоперак. Перасячы вуліцу. Перасячы экватар. □ З краю ў край Перасек я краіну. Смагаровіч. Выбраўшыся з лесу, партызаны перасеклі вялікае гарыстае поле і зноў апынуліся ў бары. Сіняўскі.

3. Прайсці, пралегчы па паверхні чаго‑н. Чыгунка перасекла вобласць з усходу на захад. / Пра маршчыны, рубцы і пад. Лоб .. [жанчыны] ўздоўж перасекла глыбокая зморшчына, якая неяк адразу змяніла выраз яе ажыўленага твару. Васілевіч. // Размясціцца, прайсці ў папярочным напрамку. Дарогу, па якой ішлі партызаны, павінна была перасекчы гравійная шаша. Краўчанка. Нейкі белаваты струмень, нібы рака, перасек .. [хлопцам] дарогу і пачаў адносіць човен убок. Маўр.

4. перан. Перарэзаць, перагарадзіць каму‑, чаму‑н. (дарогу, шлях і пад.). Прыгнуўшыся, Раманчык пабег берагам рачулкі, што ўпадала ў Нёман, каб перасекчы шлях парушальніку. Пальчэўскі. І вось савецкі мірны чалавек Дарогу сухавеям перасек. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)