Разгара́чыцца ’раскірачыцца’, разгара́ка ’раскірака’ (слонім., Нар. словатв.), розґара́ґа ’скрыўлены ад хваробы чалавек’ (драг., Нар. лекс.), разгіра́чыцца ’шырока расставіць ногі’ (ваўк., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ’расхінуцца’ (Сцяшк.). Не зусім яснае слова. Хутчэй за ўсё, гэта фанетычны варыянт слова раскара́чыцца ’шырока расставіць ногі’, раскара́ка ’чалавек з няўклюдна расстаўленымі нагамі’, ’нешта няўклюднае, нязграбна выгнутае, растапыранае’ (гл.) са зменай к — г у інтэрвакальным становішчы. Сюды ж розґірэ́йда ’чалавек вуглаваты, няскладны, з крывымі нагамі’ (драг., Нар. лекс., пра словаўтваральную мадэль гл. Сцяцко, Афікс. наз., 271), разґірэ́ка ’раскірэка’ (ваўк., Сл. ПЗБ), разгірэ́няразявака’ (Сцяшк.), разгірэ́к ’беспарадак’ (Юрч. СНЛ). Гл. разгірака.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гла́зіць ’глядзець; зяваць; сурочваць’ (Нас.). Рус. гла́зить ’тс’ (гл. СРНГ, 6, 187–188). Паколькі гэты дзеяслоў даволі шырока распаўсюджаны ў рус. мове, а ў бел., акрамя Насовіча, здаецца, больш нідзе не зафіксаваны і паколькі зыходная лексема глаз ’вока’ не характэрна для бел. мовы (глаз як запазычанне з рус. сустракаецца ў некаторых гаворках; параўн. Сл. паўн.-зах.), то можна меркаваць, што гэта запазычанне з рус. гла́зить. Адносна лексемы глазу́н ’разява, разявака’, зафіксаванай таксама толькі ў Насовіча, можна сказаць, што і яна ўзята з рус. глазу́н ’тс’ (гл. Даль), хоць і не выключаецца магчымасць самастойнага яе ўтварэння ў бел. мове на базе запазычанага гла́зіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кабалда́й ’вялікаўзроставы’ (Касп.). Відаць, што значэнне, выведзенае з прыкладу («Як табе ня сорамна — ты ж ужо кабалдай!»), з’яўляецца толькі варыянтам магчымай дэфініцыі. З этымалагічна дапушчальных супастаўленняў ні рус. хабалда ’бойкая, крыклівая кабета’, бахалда ’балаболка, разявака, гультай і г. д.’, ні літ. kabálda ’кульгаючая, нязграбная асоба’ не падтрымліваюць тлумачэння Каспяровіча. Яны, аднак, і не пярэчаць яму — агульнавядомымі з’яўляюцца ваганні семантыкі ў экспрэсіўных словах. Такім чынам, паводле семантычнага крытэрыю, нельга выбраць у якасці крыніцы запазычання ні рускую, ні літоўскую мову. Дапамагае крытэрый фанетычны. На той жа тэрыторыі зафіксаваны хабал(ь), хабёл ’бабнік, гуляшчы мужчына’ (Касп.). Гэтыя словы, відавочна, суадносяцца з прыведзенай вышэй рускай лексікай, але цяжка дапусціць, што ў слове кабалдайк паходзіць з х, тым больш што тыповымі з’яўляюцца адваротныя сувязі, г. зн. х < к. У сувязі з гэтым аддаецца перавага літ. kabálda. Такім чынам, можна сцвярджаць, што віц. кабалдай запазычана з літ. крыніцы, блізка да якой стаіць kabálda, адзначанае ў слоўніках. Аб літ. слове гл. Фрэнкель, 200.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)