зма́заць, змажу, змажаш, змажа; зак., каго-што.

1. Пакрыць слоем чаго‑н. тлустага, вадкага; памазаць. Змазаць лыжы. Змазаць пісталет. □ Медсястра таропка змазала ёдам скуру навокал раны. М. Ткачоў.

2. Сцерці, размазаць (пра што‑н. намаляванае, напісанае і пад.). Змазаць фарбу рукой. // Зрабіць некантрастным, расплывістым (пераважна пры фатаграфаванні).

3. і без дап. Разм. груб. Моцна стукнуць (па твары, вуху і пад.). — Вось я ўжо калі-небудзь ды змажу,.. месца жывога на табе не пакіну. Лынькоў.

4. Разм. Запэцкаць, вымазаць што‑н. Змазаць сукенку.

5. Зрасходаваць на змазку, змазванне. Змазаць увесь дзёгаць.

6. перан. Разм. Пазбавіць эфекту; сапсаваць, звесці на нішто. [Міхась] думаў, што ўсе пачнуць хваліць хараство верша, захапляцца трапнасцю дэталей... Ажно гэты дзядзька Лявон змазаў усё. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расце́рці, разатру, разатрэш, разатрэ; разатром, разатраце; зак., каго-што.

1. Тручы, размяць, раздрабіць. Базыль кінуў і расцёр нагой акурак. Курто. // Тручы, размяшаць, ператварыць у аднародную або вадкаватую масу. Расцерці яйкі з цукрам. Расцерці сметанковае масла.

2. Размазаць па якой‑н. паверхні. Шурпатай далонню .. [Агей] выцер вочы, расцёр па шчацэ слязу. Галавач. [Пастаялец] заўважыў попел на абрусе. Хацеў пальцам згарнуць, ды расцёр на тканіне. Грамовіч.

3. Зрабіць масаж, уцерці што‑н. Чырвоныя ад холаду ногі .. [Піліп] расцёр і працягнуў да агню. Шчарбатаў. Асцярожна перанёс туды раненага капітана і зрабіў перавязку, расцёр спіртам яго твар і рукі. Шамякін.

4. Разм. Ходзячы, ездзячы, утаптаць, пракласці (дарогу, сцежку і пад.). А хоць і разатруць, пратопчуць дарогу — ненадоўга. Уночы яе ўсё адно закідае, замяце снегам. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)