мале́нькі, ‑ая, ‑ае.
1. Нязначны па велічыні, памерах; невялічкі. Шыбамі аконнымі здалёк зіхацеў маленькі гарадок. А. Вольскі. На маленькім дворыку пахла вільгаццю. Асіпенка. // Невялічкі ростам. Суровасць ніяк не пасуе да гэтай маленькай і рухавай, як жывое срэбра, жанчыны. Лынькоў. // Кароткі, немнагаслоўны. У маленькай запісцы, якую разведчык падаў камандзіру, коратка гаварылася аб тым, што гэтай ноччу хлопцы, нарэшце, дабіліся выніку: ахова знята, мост спалены. Брыль. [Гарлахвацкі:] Напішыце маленькую заяўку, а я палажу рэвалюцыю, каб вам прыбавілі зарплаты. Крапіва.
2. Малалетні. Уцеха ёсць адна ў Марыны — Яе маленькі пестунок. Колас. [Багуцкі:] — Мы не маленькія з вамі, у жмуркі мы гуляць, відаць, не збіраемся. Лынькоў. // у знач. наз. мале́нькі, ‑ага, м.; мале́нькая, ‑ай, ж. Дзіця. Ніна Аляксееўна прыйшла [на вяселле] са сваім маленькім. Шамякін.
3. Невялікі па сіле праяўлення, нязначны. Маленькі марозік. □ Кожнай доменнай печы Маленькая ўспышка Для цябе асвятляе Паўзмрочны забой. Аўрамчык. / у знач. наз. ма́ленькае, ‑ага, н. [Дырэктар:] — Мне хацелася б цяпер хоць бы самага маленькага: прайсці па заводзе, і каб кожны рабочы з радасцю сустрэў цябе. Скрыган. // Які не мае істотнага значэння. Справа толькі тут была ў маленькай розніцы: раней грамадскае слова Мікалая выражалася сапраўды ў слове — у адным, у двух. .. А тут — прамову трэба было гаварыць. Якімовіч. // Які мае малую ступень чаго‑н. істотнага, важнага. Так хацелася Коху.. напасці хоць на маленькі след таемнага і няўлоўнага дзядзі Косці. Лынькоў.
4. Які займае невысокае службовае або грамадскае становішча. [Зося:] — Я маленькі чалавек, Антон Кузьміч. Прыёмшчыца арцелі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фон 1, ‑у, м.
1. Асноўны колер, тон, на якім пішацца карціна. Як увойдзеш у .. хату [Базыля], дык адразу ў вочы кідаецца партрэт Леніна на чырвоным фоне. Нікановіч. // Тое, на чым нанесены ўзор; поле (пра матэрыял і пад.). Фон пояса. // Задні план карціны, малюнка і пад., які садзейнічае вылучэнню асноўных частак адлюстравання. Агульнаму суроваму настрою карціны адпавядае і скупы зімовы пейзаж, на фоне якога разгорнута кампазіцыя. Ліс. // Задні план чаго‑н.; тое, на чым вылучаецца хто‑, што‑н. Здаецца, лістоў на .. [дрэвах] зусім не было. У кожным разе яны стваралі толькі фон пад гэтымі белымі .. кветкамі. Дубоўка. На фоне бледнага шэра-блакітнага неба вылучаюцца белыя ствалы бяроз. В. Вольскі. На фоне алешніку.. [дуб] будзе выглядаць волатам. Пальчэўскі.
2. перан. Агульная аснова, на якой хто‑, што‑н. вылучаецца; акружэнне, абставіны, агульныя ўмовы, дзе што‑н. адбываецца. Вайна і рэвалюцыя — тут ужо не проста фон, а тыя рэальныя фактары, што абумоўліваюць лёс герояў твора. Адамовіч. Асташынскія падзеі на фоне класавай барацьбы 1932 года ўздымаюцца да агульнапольскіх маштабаў. У. Калеснік.
3. Які‑н. асноўны спосаб уздзеяння на глебу пры яе апрацоўцы. Фоны апрацоўкі зямлі.
[Фр. fond.]
фон 2, ‑у, м.
Спец.
1. Шум, трэск, перашкоды (у тэлефоне, радыёпрыёмніку і пад.).
2. Адзінка гучнасці.
[Ад грэч. phōnē — гук.]
фон 3,
1. Часціца перад нямецкімі прозвішчамі, якая паказвае на дваранскае паходжанне. Смелы разведчык выконвае адказнае даручэнне: з дакументамі кінааператара .. здымае фон Адлера, а потым у час нарады генерала з афіцэрамі ўзрывае фашысцкі штаб. Дзюбайла.
2. у знач. наз. фон, ‑а, м. Разм. Немец-дваранін або немец-памешчык. [Супрун] трапіў батраком да нейкага фона. Машара.
[Ням. von.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)