Ту́мкаць ‘разумець’ (слуц., Жыв. НС), ту́мкыць ‘думаць, разважаць’ (Яўс.), ‘разумець, разбірацца’ (Юрч. Фраз., Юрч. Вытв.), ‘даходзіць да сэнсу’ (мсцісл., З нар. сл.), сюды ж ту́мкнуць ‘прыйсці нечакана ў галаву (пра думку)’ (Яўс.), ту́мканне, ту́мкыньня ‘разуменне’, ‘разважанне, раздумванне’ (Яўс., Юрч. Вытв.), ту́мкыньнік ‘той, хто разумее’ (Юрч. СНЛ). Параўн. рус. ту́мкаць ‘меркаваць, разумець, думаць’. Відаць, утворана ад гукапераймання, параўн. тумнуць ‘моцна ўдарыць, стукнуць’ (гл.), рус. ту́мкать ‘выдаваць гукі’ (СРНГ). Як эмфатычны назалізаваны варыянт рус. ту́кать (гл. тукаць1) разглядае рус. слэнг. ту́мкать ‘цяміць’ Арол (4, 116).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мярэкаць1 ’мала знаць, біцца ў цямноце’, *з цяжкасцю пазнаваць, разумець’ (Уласт). Укр. закарп. мереконіти ’здавацца’, ’мроіцца’, рус. мерекать: тамб. ’марыць, задумвацца’, уладз. ’вельмі мала ведаць’, пск., цвяр. ’здавацца, мроіцца’, ’вярзціся, блюзніцца’, мерек ’злы дух, страшыдла’, меречить ’задумваць благое’. Роднасныя — рус. меркнуть, бел. змяркацца, змрок (гл.), літ. merkti ’міргаць’, гоц. maurgins ’ранак’, ст.-в.-ням. morgan ’тс’, ст.-інд. markäh ’зацменне сонца’ (Фасмер, 2, 602 і 605; ЕСУМ, 3, 440).⇉'

Мярэкаць2 ’кеміць, абмяркоўваць’ (Растарг.), рус. сіб. мерековать ’кеміць, разбірацца’, уладз. ’доўга думаць’, ’прыкідваць, меркаваць’. З меркаваць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разбіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да разабраць.

2. што і чаго. Разм. Выбіраць, адбіраць, уважліва разглядаючы, углядаючыся. Не разбіраючы сцежкі,.. пабеглі.. [людзі] цераз балота да лесу. Чорны.

3. Разм. Тое, што і разбірацца (у 3 знач.). [Сцяпан:] — Маўчы, баба!.. Ты, каханенькая, родненькая, нічога не разбіраеш. Валасы доўгія, а розум кароткі. Купала. — Дурніца яшчэ [Зоська]: не разбірае нічога... Павер, — няйначай к табе вернецца, — пачакай адно... Гартны. — Эх вы, смаркачы. Нічога вы не разбіраеце. Вам толькі табліцу грызці: два ў два — чатыры. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маракава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Разм.

1. на каго, без дап. і з дадан. сказам. Крыўдаваць, злавацца. [Андрэй:] — Кароўка, відаць, у цябе добрая на малако? [Насця:] — Не маракую. Літраў дзесяць дае. А пасля ацёлу да пятнаццаці. Пальчэўскі. Цяпер .. [Цымбал] ходзіць і раскайваецца і маракуе, што яму ніхто не верыць. Скрыган.

2. над кім-чым і без дап. Разбірацца ў якой‑н. складанай справе, абдумваць што‑н. Зноў.. [Мірановіча] павялі ў аперацыйную, зноў доўга маракаваў над ім хірург, стараючыся намацаць іголкай асколкі і выдаліць, але гэта ніяк не ўдавалася. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блы́таць, -аю, -аеш, -ае; -аны; незак.

1. што. Бязладна пераплятаць (пра ніткі, валасы і пад.).

Б. валасы.

2. Гаварыць, расказваць без лагічнай сувязі; памыляцца.

3. Памылкова прымаць адно за другое.

Б. блізнят.

4. Не цвёрда разбірацца ў чым-н.

Б. словы.

Б. даты.

5. Расстройваць, разладжваць.

Б. планы.

6. Наўмысна ўскладняць, рабіць незразумелым.

Б. сляды (таксама перан.: старацца адвесці падазрэнне).

7. Умешваць каго-н. у якую-н. непрыемную справу.

|| зак. заблы́таць, -аю, -аеш, -ае; -аны (да 1, 5 і 6 знач.), зблы́таць, -аю, -аеш, -ае; -аны (да 1—6 знач.), пераблы́таць, -аю, -аеш, -ае; -аны (да 1—4 і 6 знач.) і ублы́таць, -аю, -аеш, -ае; -аны (да 7 знач.).

|| наз. блы́танне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Маракава́ць1 ’разумець, разбірацца ў якой-небудзь складанай справе, абдумваць што-небудзь’ (ТСБМ, Чач., Шат.), рус. арханг., перм. морокова́ть ’думаць, разумець, кеміць’. Звязана чаргаваннем галосных з мере́кать ’кеміць’ (Бернекер, 2, 38; Фасмер, 2, 657), мере́чить ’надумваць нешта благое’, якія да прасл. merk‑/mьrk‑.

Маракава́ць2 ’крыўдзіцца, крыўдаваць, злавацца, наракаць’ (ТСБМ, Шат., Сцяц.; бар., Хрэст. дыял.; мін. дзярж., КЭС; слонім., Нар. словатв.), марокаваць ’скардзіцца’ (КТСБМ, Якуб Колас). Укр. морокува́ти ’злавацца, бурчэць на каго-небудзь’, рус. перм. морока́ться ’скардзіцца, выклікаць незадавальненне’, польск. marykować, (a)marykować, marakować ’лемантаваць, наракаць, маркоціцца, шкадаваць’. Паводле Варш. сл. (2, 890), дапускаецца магчымасць запазычання з с.-лац. amaricare ’дакучаць’ < лац. amārico ’рабіць горкім’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

свіння́, ‑і; мн. свінні, свіней; ж.

1. Парнакапытная млекакормячая жывёліна, свойскі від якой разводзяць для атрымання сала, мяса, скуры, шчаціння; самка гэтай жывёліны. Вярнуўся мужык у хату. Глядзіць, аж тут замест яго рабая свіння гаспадарыць: рассыпала муку, з’ела рошчыну і сагнала квактуху з рэшата. Якімовіч.

2. перан. Разм. Пра бруднага, неахайнага чалавека. На погляд мой, Ты [Вавіла] змог бы праз гадзіну стаць Свіння свіннёй. Корбан. // Нявыхаваны, грубы, некультурны чалавек. Пасадзі свінню за стол — яна і ногі на стол. Прыказка.

3. перан. Разм. Чалавек, які незаслужана робіць каму‑н. непрыемнасці; няўдзячны чалавек. [Максім:] — За каго ты [Паліна] мяне лічыш, свіння ты гэткая? Шамякін. — Што, пагаварыла ўчора на мяне абы-чаго? Я думаў, што ты разумная, аж ты свіння. — Сак сказаў гэтыя словы, пазіраючы Галі ў самыя вочы, у душу, можна сказаць. Ермаловіч.

4. у знач. прысл. свіннёй. Уст. Парадак пастраення войск у выглядзе кліна. Рыцарскія войскі рухаліся свіннёй.

•••

Іаркшырскія свінні — парода свіней, якая характарызуецца хуткім ростам, вялікай вагой і пладавітасцю.

Марская свіння — млекакормячая жывёла сямейства дэльфінавых.

Падлажыць (падсунуць) свінню гл. падлажыць.

Як свінні сядло (падыходзіць) гл. сядло.

Як свіння (напіцца, набрацца) — без разбору, многа выпіць гарэлкі, віна.

Як свіння на саладзінах (знацца, разбірацца) — зусім не разбірацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зна́цца, знаюся, знаешся, знаецца; незак.

1. Быць знаёмым, мець сувязі з кім‑, чым‑н. Гэта былі сыны або ўрачоў, або адвакатаў, а адзін, з кім Ян знаўся найбліжэй, быў сынам народнага настаўніка. Пестрак. Бонч-Бруевіч адкрыў пад восень школу ў светлым бацькоўскім доме. Кажуць, з Леніным знаўся блізка, як памочнік, таварыш даўні. Русецкі. // Сутыкацца з чым‑н., зведваць што‑н. Дружна працуем Мы грамадою, Знацца — не знаем З горам, з бядою. Купала.

2. Абл. Добра ведаць што‑н., разбірацца ў чым‑н. [Лявон:] Знаўся нябожчык, як хадзіць каля дрэўцаў... Сам умеў прышчапляць. Купала. Адна жанчына расхвальвае свайго знаёмага, які вельмі знаецца па хваробах. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

су́месь, ‑і, ж.

1. Мешаніна розных рэчываў, элементаў, прадметаў. [Паўлік] стаў разбірацца, якая ж гэта сумесь, колькі тут культур. Выцягваючы па сцяблінцы, ён набраў і вікі, і гароху, і сырадэлі, і лубіну, і аўса, і ячменю, і бобу, і нават сланечніку. Дуброўскі. З сумесі цукру і патакі .. атрымліваюць цукрова-патачны сіроп. Рунец. // Прадукт, які атрымліваецца змешваннем якіх‑н. рэчываў. Аргана-мінеральныя сумесі. □ Мы падпальвалі .. [танкі] бутэлькамі з гаручай сумессю, падрывалі гранатамі. Хомчанка.

2. Спалучэнне чаго‑н. рознага, разнароднага. Сумесь урачыстай біблейскай мовы з бытавымі вобразамі надае ўроку дзяка цікавы камічны эфект. Шкраба. Хата сустрэла [Рыбака і Сотнікава] затхлаю сумессю пахаў і — цеплынёй. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сітуа́цыя, ‑і, ж.

1. Сукупнасць абставін, у якіх што‑н. адбываецца; становішча, у якім хто‑н. знаходзіцца. Рэвалюцыйная сітуацыя. □ [Андрэй:] — Нам трэба ўмець разбірацца не толькі ў абставінах, у розных вайсковых сітуацыях, а і ў людзях. Кулакоўскі. Гаворка часамі пераходзіла ў звычайнае фантазёрства, у жарты, у неіснуючыя сітуацыі, поўныя дасціпных, смешных выдумак. Колас. Валодзя ўхваляў рашэнне, казаў, што інакш і нельга, што і ён пры такой сітуацыі зрабіў бы толькі так. Шамякін. Чаго толькі не пабачыш у час камандзіровак, у якія сітуацыі не трапіць! Місько.

2. У геадэзіі — сукупнасць водных прастораў, лясоў, гор, населеных пунктаў і пад., якія паказаны на карце ці плане пры дапамозе ўмоўных знакаў.

[Фр. situation.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)