таўшчэ́разны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і таўшчэзны. Па краях [дарогі] там-сям пападаліся старадрэвіны-хвоі, што пышна разрасталіся на прасторы, або развіслыя таўшчэразныя дубы, як заможныя старасвецкія гаспадары. Колас. У ночы такія Ідзе Дзед Мароз З таўшчэразным кіем, Што з лесу прынёс. Іверс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

арэ́шнік, ‑у, м.

Арэхавае кустоўе; ляшчыннік. Пышна спляталіся па адхонах балотнага вострава густыя параснікі малінніку, арэшніку, маладога бярэзніку і дубняку. Лынькоў. Ці ж можна словамі перадаць, як Даніла падбіраў клён, бярозу, дуб, асіну на цабэркі, вёдры, начоўкі і лыжкі, арэшнік на абручы з сваіх лепшых запасаў. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абло́мак, ‑мка, м.

1. Адламаны, адбіты кавалак якога‑н. прадмета. Абломак біўня маманта. □ Каля абломкаў цагляных сцен пышна лапушылася крапіва. Хадкевіч. У кожным абломку пароды Чытаў ён [геолаг] разгадкі прыроды. Звонак.

2. перан. Рэшта таго, што існавала раней. Сышлі са сцэны прэч магнаты, Абломкі выцвіўшых вякоў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сібі́рскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да Сібіры, уласцівы Сібіры; які жыве ў Сібіры. Сібірскія маразы. □ Пышна закусцілася на сібірскіх аблогах цёмна-зялёным дываном пшаніца. Пальчэўскі.

2. У складзе некаторых заалагічных і батанічных назваў. Сібірская яблыня. Сібірскі кедр. Сібірскі мерынос. Сібірскі кот.

•••

Сібірская язва гл. язва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пы́шны ’раскошны, прыгожы; горды, фанабэрысты, непадступны’ (Нас., ТСБМ), ’напышлівы’: пышна цешча пышна, што къ зяцю не вышла (Нас., з вясельнай песні), пы́шны ’паважны, велічны, магутны’ (Варл.), ’пышлівы, ганарлівы’: баба тады пышна, як замуж вышла (Стан.), сюды ж пышне́ць ’рабіцца ганаровым, напышлівым’ (Нас., Гарэц.), пы́шніцца ’пахваляцца, фанабэрыцца’ (Др.), пышно́та ’чалавек, пераборлівы ў ежы’ (кобр., Нар. лекс.), ст.-бел. пышнитися ’тс’. Нельга аддзяляць ад пы́шны ’мяккі, пульхны’: пышны хлеб (ТСБМ, шальч., Сл. ПЗБ); параўн. укр. пи́шний ’горды, важны; раскошны, багаты’, рус. пы́шный ’тс’, дыял. ’поўны, круглы’, польск. pyszny ’фанабэрыста, напышлівы, надуты; раскошны, цудоўны, велічны, прыгожы’, чэш., славац. pyšny ’напышлівы, ганарысты, надуты’, в.-луж., н.-луж. pyšny ’раскошны, пышны, прыгожы’, балг. пи́щен ’раскошны, надуты’ (з рус. пышный, т устаўное, гл. БЕР, 5, 279). “Станоўчыя” значэнні развіліся самастойна на базе пы́хаць ’дуць, уздуваць, надуваць’, параўн. ст.-інд. púṣyati, pṓṣati ’працвітаць’, puṣṭas ’адкормлены, багаты, раскошны’ (Фасмер, 3, 492). Банькоўскі (2, 970) лічыць пеяратыўнае (“адмоўнае”) значэнне першасным, што захавалася як адзінае ў чэш. pyšný < pycha ’гордасць, гонар’ (гл. пыха), паколькі апошняе “dla Niemców і Czechów grzech główny”, у той час як у Польшчы лічылася галоўнай вартасцю (годнасцю); сумнеўна, хутчэй наадварот: пеяратыўнае значэнне — чэшская семантычная інавацыя, што распаўсюдзілася на польскую і беларускую тэрыторыю; адтуль і ст.-бел. пышнитися (< польск. pysznić się < чэш. pyšniti se, Банькоўскі, 2, 970).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

я́ркасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан яркага. Яркасць святла. □ Набрынялыя пупышкі, Што яшчэ драмалі ўчора, Ахінаюць голле пышна, Вабяць яркасцю ўбораў. Гілевіч. У Міхалкі падзеі дзеляцца не храналагічна, а паводле яркасці і рамантыкі змагання. Бядуля.

2. У фізіцы — светлавая велічыня, якая характарызуе свячэнне ў дадзеным кірунку крыніцы святла або асветленай паверхні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́йна, прысл.

1. Прысл. да буйны́ (у 2, 6 і 9 знач).

2. Многа, шмат, багата. І здаецца, гэтая буйна ўсыпаная светлымі зорамі дарога кіравалася, плыла на край свету і недзе ў канцы яе стаяла Валя. Адамчык.

3. Урадліва, пышна (пра расліны). Усё буйна красавала, — і на палях, і на лугах, і ў лясах. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

начаса́ць 1, ‑чашу, ‑чэшаш, ‑чэша; зак.

1. чаго. Атрымаць часаннем ​1 у якой‑н. колькасці. Начасаць ільну.

2. Разм. Зачасаць валасы на лоб, вушы, скроні. // Пышна ўзбіць валасы для прычоскі.

начаса́ць 2, ‑чашу, ‑чэшаш, ‑чэша; зал., чаго.

Апрацаваць, нарыхтаваць часаннем ​2 у якой‑н. колькасці. А пасля [хлопец] узяў начынне, начасаў сухога клёну, абстругаў калодкі роўна. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наря́дный прыбра́ны, убра́ны; (выряженный) вы́страены; (нарядно одетый) прыго́жа (бага́та, шыко́ўна, пы́шна) адзе́ты (апра́нуты, апра́нены разг.), прыбра́ны, убра́ны; (красивый) прыго́жы; (роскошный) бага́ты; (шикарный) шыко́ўны; (пышный) пы́шны.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

набрыня́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. незал. пр. ад набрыняць.

2. у знач. прым. Які павялічыўся ў аб’ёме ад вільгаці, вадкасці. Стэпы дыхалі гаркавата-п’яным чадам вясны і вільгаццю набрынялай зямлі. Грахоўскі. У ярах, на ўзлесках сям-там ляжалі лапіны набрынялага бурага снегу. Алешка.

3. у знач. прым. Які павялічыўся ў аб’ёме, стаў гатовым да таго, каб распусціцца. Набрынялыя пупышкі, Што яшчэ драмалі ўчора, Ахінаюць голле пышна, Вабяць яркасцю ўбораў. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)