Пуд1 ’мера вагі (16 кг)’, (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС, Варл., Бяльк., Мат. Гом.), ст.-бел. пудъ ’адна з асноўных адзінак меры і вагі ў ВКЛ, звычайна мёду, воску, радзей інш. (ад 15 да 18,7 кг)’ (Ст.-бел. лексікон), у дамове смаленскага князя з Рыгай 1229 г. слова мела агульнае значэнне ’вага’, ’вагавы эталон’ (Скурат, Меры, 113), пра што сведчыць прыметнік пудъный: А соль весите пудънымъ ременемъ по старому закону (дамова Полацка з Рыгай 1405 г.); сюды ж вытворнае пудовня ’адзінка вымярэння сыпкіх рэчываў, роўная пуду’ (Нас. гіст.), ’мерка, у якую змяшчаўся пуд пэўнага рэчыва’, адзначанае і ў сучасных народных гаворках: пудо́ўня ’пуд’ (Ян.), а таксама пудо́вік, пудаві́к ’тс’ (Мат. Гом.), пу́дзіць ’купляць пудамі што-небудзь; купляць на вагу’ (Нас.); укр. пуд, рус. пуд. Запазычана са ст.-нардыйск. pund ’фунт’, параўн. ст.-ісл. pund ’тс’, продкамі ўсходніх славян у праформе *pǫd‑ > пудъ (Векслер, Hist., 104). Крыніцай агульнагерманскага слова з’яўляецца аблатыўная форма лац. pondo, выдзеленая са спалучэння libra pondo ’вагой у адну лібру’, якая ўжывалася як нескланяемы назоўнік у якасці сіноніма да libra. У адпаведнасці з рэгулярнымі фанетычнымі зменамі зыходнае слова было перааформлена ў ст.-в.-ням. pfunt, якое з XIV ст. у форме фунт (гл.) замацавалася ў славянскіх мовах.

Пуд2 ’страх, сполах, ляк’ (ТСБМ; Гарэц.; Шат., брасл., віл., ст.-дар., круп., Сл. ПЗБ; Бяльк.; петрык., светлаг., калінк., Мат. Гом.; ТС, Маш., Шн. 2; капыл., Жыв. сл.; докш., Янк. Мат.), ’сполах жывёл’ (Варл.), укр. пуд ’страх’, польск. pęd ’рух, імкненне’ > бел. пэнд (гл.), чэш. pud ’інстынкт’. Самастойныя ўтварэнні ў кожнай са славянскіх моў ад прасл. *pǫditi ’гнаць, прыспяшаць’, ці, паводле Когена (Запіскі, 2, 239), ’піхаць, цясніць’, гл. пудзіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туры́ць ‘гнаць, прымушаць хутка рабіць што-небудзь, імчаць’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Гарэц., Бяльк., Яўс., Ласт., ТС, Варл., Волк., Растарг.), ‘гнаць, штурхаць’ (Вушац. сл.), ‘везці нешта грувасткае’ (ТСБМ, Кал.), ‘бязмэтна траціць, раскідаць’ (Растарг.), ту́рыць (ту́рытсь) ‘прымушаць, паганяць’ (Шпіл.), ‘гнаць (пра самагонку)’ (Зайка Кос.), ту́ріць ‘рабіць нешта непрыстойнае’: культура — дзе стаіць, там і туря (ветк., Palaeoslavica, 23, 1, 173), туры́ты ‘гнаць’ (Сл. Брэс., Арх. Вяр.; драг. З нар. сл.), туры́цца ‘гнацца, бегчы следам, даганяючы’ (Рэг. сл. Віц.). Параўн. укр. ту́ри́ти ‘гнаць, выганяць’, рус. тури́ть ‘падганяць, гнаць, пудзіць’, польск. дыял. turać ‘абарочваць, каціць’, каш. tuřëć ‘хутка ехаць’, серб., харв. tȕřiti ‘штурхаць, піхаць, класці’, славен. túrati ‘піхаць, тузаць’, макед. тури ‘пакласці, паставіць’, балг. ту́рям ‘ставіць, класці’. Прасл. *turiti і *turati ‘піхаць, паганяць, гнаць’ без пэўнай далейшай этымалогіі (SEK, 5, 181); паводле Глухака (645), узыходзіць да і.-е. *tour‑, няпэўна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)