прымацава́ць, -цу́ю, -цу́еш, -цу́е; -цу́й; -цава́ны; зак., каго-што да каго-чаго.

1. Трывала прырабіць.

П. канькі да чаравікаў.

2. Аддаць, перадаць у чыё-н. распараджэнне (для абслугоўвання і пад.).

П. правадніка да турыстаў.

П. да паліклінікі.

|| незак. прымацо́ўваць, -аю, -аеш, -ае.

|| звар. прымацава́цца, -цу́юся, -цу́ешся, -цу́ецца; -цу́йся (да 2 знач.); незак. прымацо́ўвацца, -аюся, -аешся, -аецца; наз. прымацо́ўванне, -я, н.

|| наз. прымацава́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Прыла́дзіць ’прымацаваць, прырабіць; падрыхтаваць; падагнаць’ (Нас., ТСБМ), прыла́дзіць, пріла́дзіць ’тс’ (Бяльк.); сюды ж прыла́дзісты ’зручны ва ўжыванні, спрытны’ (Нас.) і аддзеяслоўныя назоўнікі прыла́да ’прыстасаванне, прыбор, механізм’ (Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Яруш., Бяльк., ТСБМ), таксама вытворныя: прыла́дак ’прыбор’ (ТСБМ), пріла́дка ’дастасаванне’ (Бяльк.), зборн. прыла́ддзе ’прылады’ (Нар. Гом.). Да ла́дзіць (гл.). Рус. дыял. прила́дить ’зрабіць, прыгатаваць’, укр. прила́дити ’прыладзіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыпая́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., што.

1. Прымацаваць, прырабіць паяннем. — Добрыя жарты... Абарвецца які правадок, чым цяпер яго прыпаяеш?.. Паслядовіч. Там [на заводзе] на вашых вачах збяруць І матор, і сярэбраны радыятар, Да яго па малому зубру Прыпаяюць старанна дзяўчаты. Панчанка.

2. перан. Разм. Прызначыць якое‑н. пакаранне. Перад вайной Аркашку прыпаялі моцна — дзесяць гадоў за калектыўны крадзеж. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыляпі́ць, ‑ляплю, ‑лепіш, ‑лепіць; зак., што.

Прымацаваць да чаго‑н. што‑н. ліпкае або чым‑н. ліпкім; прыклеіць. Прыляпіць аб’яву да сцяны. □ Янка прыляпіў свечку воддаль ад бочак і ўзяўся за работу. Ваданосаў. // перан. Разм. Даць каму‑н. (прозвішча, мянушку). [Доктарку] Рыгор добра ведаў. Яшчэ пазалетась на практыцы пазнаёміўся і мянушку ёй прыляпіў: «Сучок». Б. Стральцоў. // Разм. Прырабіць, прымацаваць да чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дарабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.

Зрабіць да канца, завяршыць работу над чым‑н. Дарабіць стол. □ Усё навокал патанала ў мяккіх, шызых прыцемках, але Макаравы вочы бачылі і праз гэту смугу: калодзеж з вечкам, дзве маладыя бярозкі пад акном, пахілыя веснічкі, якія ён не дарабіў, сенцы без дзвярэй. Асіпенка. // Зрабіць дадаткова, прырабіць. Дарабіць сенцы да хаты. Дарабіць ручку да дзвярэй. Дарабіць ключ. // Дапрацаваць, выправіць, што‑н. дадаўшы. Дарабіць праект.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пры..., прыстаўка.

I. Ужыв. пры ўтварэнні дзеясловаў са знач.:

1) давядзення дзеяння да канчатковай мэты, напр.: прыйсці, прыхіліцца, прывалачыся;

2) дабаўлення, збліжэння, змацавання чаго-н. з чым-н., напр.: прыбіць, прырабіць, прыбудаваць, прыдрукаваць, прыкласці, прышыць;

3) накіравання дзеяння к сабе, у сваіх інтарэсах, напр.: прывабіць, прысвоіць;

4) накіравання дзеяння на прадмет зверху ўніз, напр.: прымяць, прыціснуць;

5) паўнаты, вычарпанасці дзеяння, напр.: прывучыць, прыахвоціць;

6) непаўнаты, слабай меры дзеяння, напр.: прыглушыць, прысыпаць, прыадчыніць;

7) у дзеясловах на -оўва, -ва — суправаджальнага дзеяння, напр.: прыгаворваць, прытанцоўваць.

II. Ужыв. пры ўтварэнні:

1) назоўнікаў і прыметнікаў са знач. непасрэднага прымыкання да чаго-н., напр.: прылесак, прыбярэжны, прыазёрны, прыгранічны;

2) назоўнікаў са знач. дадатковасці, напр.: прыплод, прыпёк.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прымацава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак., каго-што.

1. Моцна, трывала далучыць, прырабіць да чаго‑н. Прымацаваць канькі да чаравіках. □ Канькоў прымацаваў шпагат да рамы, павесіў партрэт на сцяну. Асіпенка. Віктар прымерваецца, дзе б лацвей прымацаваць антэну для тэлевізара Самахвалавай. Даніленка.

2. Ускласці на каго‑н. якія‑н. абавязкі; перадаць у чыё‑н. распараджэнне, пад чыю‑н. апеку. Цяпер .. [Тані] вельмі хацелася, каб гэтага Разумоўскага прымацавалі да свінафермы. Лупсякоў. Да яе [Чарнецкай] звяна.. прымацавалі два кані. Паслядовіч. Тут жа піянеры вырашылі прымацаваць да Сухапарава больш моцнага па рускай мове Валерыя. Шыловіч.

3. Узяць на ўлік, зарэгістраваць дзе‑н. Прымацаваць новага супрацоўніка да прафсаюзнай арганізацыі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыла́дзіць, ‑ладжу, ‑ладзіш, ‑ладзіць; зак.

1. што. Прымацаваць, прырабіць што‑н. да чаго‑н.; прыбудаваць. Прыладзіць аглоблі да саней. □ Габрыня падышла да музычнай скрыначкі, выбрала металічны кружок, прыладзіла яго да скрыначкі, завяла і пусціла. Колас. — Калі будзеш дома жыць, дык хоць сенцы якія прыладзім з дошчак ці другое што... Цесна... Галавач. // каго-што. Пакласці, размясціць што‑н. дзе‑н. звычайна зручна, ёмка. Гаспадыня сама выбрала ўсё найлепшае, навязала ў настольнік даволі вялікі вузел, прыладзіла яго сабе на плечы. Шамякін. Вулей прыладзілі на козлы, у ногі палажылі пляскаты камень. Колас. Таццяна прыладзіла свае начоўкі і ўзялася за бялізну. Зарэцкі.

2. што. Зрабіць прыгодным для выкарыстання ў якіх‑н. мэтах. Я пачысціў рыбу, а стары прыладзіў сошкі і падвесіў над агнём кацялок. Ляўданскі. Дома [Патапчык] сапраўды прыладзіў прэнт на завалу ў конскі хлеў, і гэта яму спадабалася. Чарнышэвіч. // Падрыхтаваць. [Лявон:] Вы тут пасядзіце, а я пайду і мігам прыладжу ўсё к дарозе. Купала.

3. што. Зрабіць адпаведным па памерах, падагнаць. Жанчыны прымералі, падправілі, прыладзілі яго [адзенне]. Маўр.

4. перан.; каго. Разм. Уладзіць каго‑н. на якое‑н. месца, на якую‑н. пасаду. Працуючы на заводзе, прыладзіў туды і сына, але цераз тры гады, навучыўшы сына рамяслу, пастаяў, каб падаўся сын у студэнты. Галавач. «Куды б яго прыладзіць, у ездавыя — там таксама патрэбна паваротлівасць, а больш, куды можна перавесці ва ўзводзе?» Мележ. Старэйшы сын Белавуса.. забраў брата Аляксея ў Пецярбург і недзе там прыладзіў у афіцэрскую школу. Скрыпка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)