Сэнс ’унутраны лагічны змест, значэнне’, ’разумная аснова, прызначэнне, мэта’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Шат., Касп., Гарэц.), ’розум, толк, лад’ (Нас.): людзі кажуць сэнс (Сержп.). Праз польск. sens з лац. sēnsus ’сэнс’, sentiō ’адчуваю’ (Кюнэ, Poln., 96 з літ-рай). Ст.-бел. сенсъ з 1592 г. са ст.-польск. sens (Булыка, Лекс. запазыч., 132). Аб рус. сенс < польск. sens гл. Фасмер, 3, 601.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

утыліта́рны, ‑ая, ‑ае.

Заснаваны на імкненні да практычнага выкарыстання, прымянення чаго‑н.; практычны. Максім Багдановіч ставіць і вырашае праблему ідэйна-мастацкай вартасці паэтычных твораў і іх утылітарнай ролі для грамадства. Майхровіч. Замак меў чыста утылітарнае прызначэнне і быў месцам, дзе насельніцтва хавалася на перыяд ваеннай небяспекі. «Помнікі». // Які мае практычнае прымяненне; прыкладны. Утылітарныя веды.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

з-пад і (перад збегам зычных) з-па́да, прыназ. з Р.

1. Абазначае накіраванасць дзеяння з якога-н. месца, што знаходзіцца пад чым-н.

Выбрацца з-пад снегу.

2. Абазначае накіраванасць дзеяння, паяўлення з якога-н. месца, што знаходзіцца каля чаго-н.

Прыехалі з-пад Баранавіч.

3. Указвае на вызваленне ад якога-н. становішча, стану і пад.

Выйсці з-пад агню.

Уцячы з-пад варты.

4. Указвае на былое прызначэнне прадмета як ёмішча для чаго-н.

Бутэлька з-пад малака.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

значэ́нне, ‑я, н.

1. Сэнс, змест. Прамое і пераноснае значэнне. □ Да вушэй ігракоў даляталі толькі словы, але не значэнне іх: звон срэбра .. глушыў іх. Колас. Зараз усё наваколле перад .. поглядам [Білі] набыло новае значэнне. Гамолка.

2. Важнасць, значнасць. Гістарычнае значэнне. Прадпрыемства агульнасаюзнага значэння. □ Тыя здарэнні, што наспяваюць у гушчы рыжскіх рабочых, маюць агромністае, усерасійскае значэнне. Гартны. // Грамадская роля, прызначэнне. Выхаваўчае значэнне мастацкай літаратуры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ганаро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які карыстаецца пашанай; пачэсны. Ганаровы госць.

2. Які даецца, прысвойваецца за вялікія заслугі. Ганаровая грамата. Ганаровае званне. // Які выбіраецца ў знак павагі, пашаны. Ганаровы прэзідыум. Ганаровы старшыня. // Які з’яўляецца выражэннем гонару, праводзіцца ў знак павагі. Ганаровая варта. Ганаровы прыём.

3. Які робіць гонар каму‑н. Ганаровае прызначэнне. Ганаровы абавязак. Ганаровая смерць. // Які не парушае годнасці каго‑, чаго‑н. Ганаровы мір.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кампле́кт, ‑у, М ‑кце, м.

1. Поўны набор якіх‑н. прадметаў (інструментаў, рэчаў і інш.), якія маюць агульнае прызначэнне і складаюць што‑н. цэлае. Камплект сталярных інструментаў. Камплект падручнікаў. Камплект боепрыпасаў. Камплект Вялікай Савецкай Энцыклапедыі. □ Гарміза павінен быў справіць Арыне абутак, поўны камплект адзежы. Колас.

2. Устаноўленая колькасць асоб, якія патрабуюцца або дапускаюцца куды‑н. па штату. Камплект вучняў. Камплект рабочых. Залічыць звыш камплекту.

[Ад лац. completus — поўны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

для, прыназ. з Р.

1. Выражае аб’ектныя адносіны:

а) ужыв. пры абазначэнні асобы ці прадмета, у адносінах да якіх мае значэнне тая ці іншая з’ява, падзея і пад.

Для яго гэта лёгкая справа.

Для свайго часу гэта было дасягненнем;

б) ужыв. пры абазначэнні неадпаведнасці, несуразмернасці якой-н. з’явы, падзеі.

Ён занадта вопытны для сваіх гадоў.

Вельмі непрыдатнае адзенне для хатняй работы;

в) ужыв. пры абазначэнні асобы ці прадмета, якім што-н. робіцца, прызначаецца.

Жыць для дачкі.

2. Выражае мэтавыя адносіны, указвае на прызначэнне або мэту чаго-н.

Падручнікі для дзяцей.

Вядро для вады.

Усё для перамогі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Лёс1 ’доля, умовы далейшага існавання’, ’сутыкненне, збег абставін, акалічнасцей’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., Касп.), ’жэрабя’ (драг., Сл. паўн.-зах.), ст.-бел. лиосъ ’лёс, жэрабя’ (XVI ст.) запазычана са ст.-польск. los, якое з с.-в.-ням. lōȝ ’лёс, доля, прызначэнне’ (Булыка, Лекс. запазыч., 193; Кюнэ, Poln., 73; Чартко, Бел. лінгв. зб., 152; Слаўскі, 4, 333). Сюды ж гродз. лёсы ў выразе: лёсы на кій мераць ’рабіць выбар’ (Нар. словатв.), смарг. лёсы ’паперкі з нумарамі, якія выцягваюць пры жараб’ёўцы’ (Сцяшк. Сл.).

Лёс2 ’вузкі прамежак, лаз’ (іўеў., Сл. паўн.-зах.). Да лёз (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прызва́нне, ‑я, н.

Унутраная цяга і здольнасць да якой‑н. справы, прафесіі. Але прызванне Максімкі было не ў гэтым. Музыкай ён займаўся толькі ў час адпачынку, а больш за ўсё яму хацелася будаваць. Гурскі. З фельчарскімі абавязкамі вы спраўляецеся някепска, але мне здаецца, што па прызванню вы ўсё ж не медык. Арабей. Арганізоўваць, камандаваць — гэта .. [Сцёпкава] прызванне, яго стыхія. Жычка. // Прызначэнне. — Знаеце, што я вам скажу, Міцкевіч? — узрушана прамовіў Кудрынскі. — Беларускі верш — вось ваша сапраўднае прызванне! С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спецыя́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны выключна для каго‑, чаго‑н., які мае асобае прызначэнне; асобы. Спецыяльны рэйс. Спецыяльнае заданне. □ Спецыяльнымі машынамі хмызнякі калгаснікі рэжуць. Бялевіч. Ён [Хама] сябрука свайго Кузьму ўласна сам вязе ў сталіцу, у спецыяльную бальніцу. Корбан. Спецыяльная кухарка гатавала .. [катам] ежу. Бядуля. У .. [Міхала] не было спецыяльных дзён, калі ён як дэпутат прымаў бы наведвальнікаў. Карпаў.

2. Які мае адносіны да якой‑н. галіны навукі, тэхнікі, мастацтва. Спецыяльная тэрміналогія. Спецыяльная адукацыя. // Які патрабуе прафесійных ведаў у якой‑н. галіне. Гэтае пытанне вельмі спецыяльнае.

•••

Спецыяльны карэспандэнт гл. карэспандэнт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)