дабудзі́цца, ‑буджуся, ‑будзішся, ‑будзіцца; зак.
З цяжкасцю разбудзіць, прымусіць прачнуцца каго‑н. Дабудзіцца Васілька было не так проста. Ён брыкаўся, нешта мармытаў і ўпарта не жадаў расплюшчваць вачэй. Зуб. Санлівага не дабудзішся, лянівага не дашлешся. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ачну́цца (БРС, Яруш., Бяльк.), ’адгукнуцца, адазвацца; паказацца, праявіцца’ (Ян.), ачынуцца ’апынуцца, з’явіцца дзе-небудзь нечакана’ (Нас.), укр. очнутися ’апрытомнець, прачнуцца’, рус. очнуться (і очкнуться, гл. КСРНГ), польск. acknąć się ’прачнуцца’, славац. ocitnúť sa, чэш. oc(i)tnouti se ’апынуцца, аб’явіцца’. Звязана чаргаваннем галосных з ачуціцца; найбольш прымальная этымалогія Махэка, Studie, 41, згодна з якой з прасл. ot‑jъtnǫti se, што адпавядае літ. atjùsti, atjuntù ад jùsti, juntù ’адчуць’, параўн. Фасмер, 3, 179. Брукнер (374) польскую форму тлумачыць пазнейшай устаўкай к, што, відаць, адносіцца і да рус. дыял. очкнуться, очхнуться, бел. ачхнуцца, ачхнуць ’заехаць куды-небудзь, зайсці’ (Яўс.) і інш.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
праспа́ць, -плю́, -пі́ш, -пі́ць; -пі́м, -піце́, -пя́ць; -пі́; зак.
1. Прабыць які-н. час у стане сну.
П. аж да поўдня.
2. што і без дап. Прачнуцца пазней, чым трэба.
Праспаў і спазніўся на лекцыю.
3. каго-што. Знаходзячыся ў стане сну, не заўважыць, прапусціць.
П. станцыю.
|| незак. прасыпа́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 2 і 3 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
прачу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Прачнуцца, прыйсці ў сябе. Было ўжо зусім відно, як Пятрусь прачухаўся трохі і падняў галаву. Колас. Напіліся [ксяндзы] дармавой гарэлкі і захраплі на ўсю хату. Назаўтра прачухаліся ксяндзы. Глядзяць — дзе ж гэта яны? Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абудзі́цца, абуджу́ся, абу́дзішся, абу́дзіцца; зак.
1. Тое, што і прачнуцца.
А. на досвітку.
А. ад крыку.
2. перан. Ажывіцца, напоўніцца шумам, гоманам.
Вуліца абудзілася ад начной цішыні.
Прырода абудзілася да новага жыцця.
3. перан. Узнікнуць, выявіцца (пра пачуцці, уласцівасці, якасці).
Абудзілася пачуццё адказнасці за справу.
4. Вярнуцца да жыцця, дзейнасці, аднавіць жыццёвыя працэсы.
Прырода абудзілася да новага жыцця.
|| незак. абуджа́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
прадра́ць, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; пр. прадраў, ‑драла; заг. прадзяры; зак., што.
1. Прадзіравіць, знасіць да дзірак.
2. Прарваць чым‑н. вострым. Тады.. [Зайкоўскі] прадраў страху і праз дзірку шуснуў на зямлю, а там яго толькі і бачылі. Колас.
•••
Вочы прадраць — прачнуцца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сяро́д, прыназ. з Р.
1. У прамежку паміж краямі якой-н. прасторы, пераважна пасярод яе.
Палянка с. лесу.
2. У акружэнні каго-, чаго-н. (якіх-н. аднародных прадметаў, з’яў, асоб); паміж кім-, чым-н.
Карабель с. ільдоў.
3. Між канцом і пачаткам якога-н. часавага перыяду, у сярэдзіне.
Прачнуцца с. ночы.
4. У асяроддзі каго-н., у складзе якога-н. мноства.
Агітацыйная работа с. выбаршчыкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
прахапі́цца, ‑хаплюся, ‑хопішся, ‑хопіцца; зак.
Раптоўна прачнуцца, абудзіцца. Аднойчы раніцай, калі яшчэ ўсе спалі, нехта моцна бразнуў дзвярыма. Жанчына прахапілася. Федасеенка. У тую раніцу мы трохі заспалі — заседзеліся позна. Прахапіліся нешта каля шасці — божа мілы, ужо каровы пагналі ў поле, а наша стаіць у хляве. Палтаран.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прабудзі́ць, ‑буджу, ‑будзіш, ‑будзіць; зак.
1. каго-што. Прымусіць прачнуцца каго‑н. // перан. Выклікаць да актыўнай дзейнасці.
2. перан., што. Выклікаць, узбудзіць (пачуццё, паданне і пад.). [Дзядзька:] — Хвароба Ніны нібы прабудзіла ва мне, .. сабрала ў адно ўсю любоў да дзяцей. Брыль.
3. каго. Будзіць (у 1 знач.) некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папрачына́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Прачнуцца — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Некаторыя раненыя папрачыналіся, і чуваць было, як яны з крэктам варочаліся з аднаго боку на другі. Лобан. Была летняя раніца і тая сцішанасць, калі яшчэ не ўсе папрачыналіся і вуліц не запоўніла людская мітусня і гамонка. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)