стрэ́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

1. Зрабіць выстрал; выстраліць. Сяржант ускінуў угару карабін, умомант прыцэліўся і стрэліў. Чорны. Вартавы ляснуў затворам і стрэліў. Гроднеў. // Разм. Хутка паляцець. Кавалеўскі ўлажыў муштук у левую далонь, стукнуў па ёй правай і акурак стрэліў далёка на падлогу. Чарнышэвіч.

2. перан. Утварыць рэзкі, адрывісты гук, падобны па выстрал. На патэльні гучна стрэліла сала. Асіпенка. // Выкінуць, выштурхнуць з сілай іскры, дым і пад., утварыўшы пры гэтым рэзкія адрывістыя гукі. Электрапеч вохкнула і стрэліла доўгімі іскрамі. Карпаў. // чым. Разм. Утварыць адрывісты прарэзлівы гук, ляснуўшы чым‑н. Стрэліць пугай.

3. безас. Разм. Закалоць (пра адчуванне вострага імгненнага болю). Раптам дзяўчыне стрэліла ў галаву, што яна ад плачу змянілася ў твары. Карпюк. Прыўзняў [Андрэй] рукі — цэлыя, паспрабаваў варухнуць нагамі — божухна! — гэткі боль абпаліў, што ажно ў [галаву] стрэліла. Б. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак.

1. што. Разадраць, утварыўшы дзірку. Сухі корань прарваў шынель і прайшоў навылёт. Чорны.

2. безас. што. Моцным напорам прамыць дзірку ў чым‑н., разбурыць перашкоду (пра ваду). Цяпер не хапае толькі, каб прарвала плаціну, і тады паляціць усё ўніз. Броўка. // без дап. Лопнуць (аб нарыве). Нарыў прарвала.

3. што. Зламаць супраціўленне, прабіцца, прайсці праз што‑н. Прарваць фронт. Прарваць блакаду. □ Брыгада прарвала варожую абарону, глыбока ўклінілася ў размяшчэнне немцаў. Мележ.

4. што. Зрабіць радзейшым, вырваўшы частку раслін. Прарваць цукровыя буракі.

5. што. Парушыць (цішыню, маўчанне і пад.). Раптам у бакавым калідоры цішыню прарваў прарэзлівы мужчынскі крык. Новікаў.

6. безас. каго і без дап. Разм. Аб раптоўным пераходзе ад бяздзеяння ці спакойнага стану да якога‑н. інтэнсіўнага дзеяння. Нарэшце краўца прарвала: падскочыў з услончыка, насунуў аблавушку і.. рынуўся да дзвярэй. Рылько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уга́, выкл.

Ужываецца пры выяўленні, паказе чаго‑н. значнага, цікавага або нечаканага ў значэнні: вось як, вось яно як, вось яно што. — Уга, во які госць у нас, гаворыць .. [Даніла] сваім вечна спакойным І роўным голасам І сунімаецца ў парозе, каб напіцца вады. Скрыган. І павага мне — уга! — Ад сыноў у хаце. Бялевіч. Другі б уга як нос задраў, а Васіль Кузьміч і віду не падаў, што нешта здарылася. Лобан. — Уга, брыгадзір сімфонію слухае! — засмяяўся Пецька. Мыслівец. // у знач. вык. Многа, даволі; колькі хочаш. Нядаўна прачытаў адзін «раман»... Вады — уга! Вады — даволі! А солі, неабходнай солі — І каліва няма. Валасевіч. Гэта ў іх тут, у пасёлку, нічога цікавага няма, ды і на станцыі таксама, а ў Маскве — уга! Васілёнак. // Ужываецца пры пярэчанні, адмаўленні чаго‑н. у значэнні: не, не так. — Цішэй! — пачуўся прарэзлівы голас. — Могуць немцы поезд спыніць і выкінуць усіх нас адсюль. — Уга! — запярэчыў другі. — Будуць яны з намі валаводзіцца, ім цяпер сваю б шкуру ўратаваць! Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)