пахо́д¹, -у, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.

1. Перамяшчэнне войск або флоту з якой-н. мэтай.

Полк выступіў у п.

2. Ваенныя дзеянні супраць каго-н.

Крыжовыя паходы.

3. Арганізаванае падарожжа ці далёкая прагулка, а таксама наогул сумесны рух групы асоб з пэўнымі мэтамі, заданнямі.

Турысцкі п.

П. па месцах баявой славы.

4. Арганізаванае або загадзя намечанае наведванне чаго-н.

Калектыўны п. у кіно.

|| прым. пахо́дны, -ая, -ае (да 1—3 знач.).

Ісці паходным маршам.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пагуля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Прагулка. Пайсці на пагулянку ў лес. □ Пад мастком быў зроблены шлюз, праз які час ад часу прапускалі плыты. Лабановіч потым часта хадзіў сюды на пагулянку. Колас. Дамоў Мікола вярнуўся стомлены, але задаволены сваёй пагулянкай. Краўчанка.

2. Вечарынка, гулянка. Наладзіць пагулянку. □ Калі хлопцы прыйшлі на пагулянку, моладзь ужо танцавала. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маёўка, ‑і, ДМ маёўцы; Р мн. маёвак; ж.

1. Нелегальны сход рабочых у дарэвалюцыйнай Расіі ў дзень 1‑га Мая (звычайна за горадам). На сярэдзіне маёўкі прыбег вартаўнік шляху і сказаў, што ўперадзе відаць поўна сялянскіх фурманак. Мурашка.

2. Вясенняя загарадная прагулка, гулянне на ўлонні прыроды. Кожны год у дзень Перамогі ўвесь калектыў завода выязджаў на маёўку на паўвостраў Самшытавы. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Туры́ст ‘падарожнік, вандроўнік’ (ТСБМ, Вруб.), туры́сты ‘тс’ (Некр. і Байк.). Запазычанне праз рускую (тури́ст) або польскую (turysta) мову з франц. touriste ‘тс’, што з англ. tourist ‘тс’ (Арол, 4, 119). У аснове франц. tourner ‘вярцець, абарочваць’, гл. тур2, турнэ. Сюды ж туры́зм ‘падарожжы, вандроўкі для адпачынку і ў пазнавальных мэтах’ (ТСБМ) — запазычана праз рускую мову (туризм) з франц. tourismeпрагулка, паездка’, туры́стыка ‘тс’ (Вруб.) — праз польск. turystyka ‘занятак турызмам’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

экску́рсія, ‑і, ж.

1. Наведванне (звычайна калектыўнае) чаго‑н., паездка, прагулка куды‑н. з навуковай, адукацыйнай ці іншай мэтай. Экскурсія ў музей. □ Экскурсія закончылася, але нікому з вучняў не хацелася пакідаць завод — так тут усё было цікава, захапляюча. Рунец.

2. Разм. Група ўдзельнікаў такой паездкі, прагулкі, наведвання. І вось аднойчы, ужо сярод лета, на Манін агарод прыйшла цэлая экскурсія: старшыня калгаса, брыгадзіры і Іван Навумавіч. Якімовіч.

[Ад лац. excursus — вылазка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ма́са ’колькасць матэрыі, якая складае цела’, ’вялікая колькасць, мноства, шмат чаго-небудзь’, ’мноства рэчыва без пэўнай формы’, ’народ, шырокія колы насельніцтва’ (ТСБМ, Яруш., ТС). Еўрапейскае слова. У бел. мову запазычана з польск. і, магчыма, паўторна з рус. мовы, у якіх з новав.-ням. Masse (XVI ст.) або з франц. masse > лац. massa ’злітак’, ’ком, глыба, кавалак’, ’хаос’ < ст.-грэч. μᾶζα ’цеста’, ’ячменны хлеб’ < μάσσω ’мяшаю, размешваю’. Сюды ж масаві́к ’той, хто вядзе работу ў масах’, ’арганізатар масавых гульняў’ (ТСБМ), ма́савыя ’летняе свята саўгаснікаў’ (віл., Нар. сл.), масо́ўка ’масавая сцэна ў спектаклі, фільме’, ’масавая прагулка’, ’тайны рэвалюцыйны сход’ (ТСБМ) — усе з рус. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)