накаці́цца, ‑качуся, ‑коцішся, ‑коціцца; зак.
1. Коцячыся, наткнуцца, ускаціцца на каго‑, што‑н. Бочка пакацілася на нагу.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Коцячыся, набегчы, пакрыць сабою. [Васіліна] стаяла, чакаючы, пакуль накоціцца і ўдарыць па нагах хваля — мяккая, ласкавая і цёплая. Савіцкі. // З’явіцца (пра слёзы). Накаціліся слёзы на вочы і ў Алімпы. Сабаленка.
3. перан. Нечакана ўзнікнуўшы, ахапіць. З поўдня накацілася на лагер водгулле.. выбуху. Курто. Некалькі дзён.. [Анэля] не выходзіла з хаты, думала, што гэтая навала так жа хутка адкоціцца, як і накацілася. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
счарне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Стаць чорным, пачарнець. Адліга. Капае са стрэх, І вецер дзьме вільготны з поўдня, Счарнеў і асядае снег. Грахоўскі. У нас — не змерзла ніводнага каліва, а ў беднага імянінніка нават бульбоўнік увесь счарнеў. Дубоўка. А бацька, стары ўжо чалавек, счарнеў увесь за гэтыя тыдні. Кулакоўскі.
2. Пацямнець. Неба над лесам зусім счарнела ад хмар. Быкаў. / у безас. ужыв. Наставала ноч. Пара было дамоў. Але Грыша яшчэ доўга стаяў на сваёй строме. Толькі калі зусім счарнела, ён нехаця пасунуўся на ціхія Паронькі. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скалыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
1. Зварухнуць, зрушыць, загайдаць, захістаць. Лёгкі ветрык павеяў з поўдня, скалыхнуў трапяткое лісцё, і зашумела яно ціхімі галасамі, зліваючыся са звонам хвалі... Шахавец. Гром пракаціўся яшчэ раз і ціха скалыхнуў паветра. Колас. І хваля катэр скалыхне, Ачнецца ён — і ўдаль, як чайка, кінецца. Лось. // Гайдануць з боку ў бок або зверху ўніз; злёгку калыхнуць. Скалыхнуць калыску.
2. перан. Усхваляваць, узрушыць; парушыць спакой, цішыню. Бо, як песню заспяваю, Жаль вам душу скалыхне. Колас. Ёсць слава ў яго [хлопца], аж да Брэста Яна скалыхнула ўвесь край. Калачынскі. Вераснёвы вецер песціцца, скалыхнуў начную ціш. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; незак., што.
1. Ставіць плот, паркан і пад.; абгароджваць што‑н. Гарадзіць плот. □ [Ладымер] да поўдня быў у хаце, а тады выйшаў гарадзіць капуснікі. Чорны. Я выган плотам гарадзіў. Купала.
2. перан. Разм. Гаварыць бяссэнсіцу, выдумляць. Старая Рындзіха хадзіла па вёсцы і гарадзіла на ўсіх Шамраёў за тое, што адбілі ад бацькоў роднага сына. Машара. Стары гаворыць — гародзіць, ды па праўду выходзіць. Прыказка.
•••
Агарод (гарод, плот) гарадзіць — а) пачынаць якую‑н. клапатлівую і безнадзейную справу. Не бачыць Грамабою гэтай зямлі. А калі так — дзеля чаго і гарод гарадзіць. Крапіва; б) гаварыць бяссэнсіцу, выдумляць. Тут Саўка хмурыць свае бровы: — Ты, сын, гарод не гарадзі... Гаўрусёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Пе́вень, піэвень, піе́вянь, пе́вянь, пі́вэнь, пі́вінь ’самец курыцы’ (ДАБМ, к. 294; Сцяшк. Сл., Мядзв., Гарэц., Бяс., Мал., Шпіл., Шат., ТС), ’журавель’ (пін., КЭС; Дразд.), ’надзьмуты чалавек’ (шкл., Мат. Маг.), сюды ж пе́вень, пеўнік ’трэшчыны на лёдзе ад удару’ (ТС) з-за падабенства на хвост пеўня. Укр. пі́вень, рус. дыял. пе́вень. Бел.-укр. ізалекса (на рус. тэрыторыі лексема пашырана ў дыялектах, прылягаючых да бел. і ўкр. моўнай тэрыторыі). Утворана пры дапамозе суф. ‑ень (< прасл. *‑enь) ад дзеяслова шматразовага дзеяння *pěv‑ati, які з *pěti, pojǫ > пець (гл.), адносна словаўтварэння гл. Вярхоў, Аб некат. асабл., 36. Значэнне ’журавель’, відаць, табуістычнае — процілеглае кантамінацыйнаму жу‑равель (з жораў і журба), звязанаму з паняццем ’журба, смутак’. Ст.-бел. певень: петуховъ певніовъ чотыры (1592) сведчыць пра першапачаткова ўдакладняючы характар назвы, аднак у Бярынды яны супрацьпастаўлены тэрытарыяльна: “волынски певень, литовски петухъ”, што наказвае на распаўсюджанне з поўдня.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
каля́, прыназ. з Р.
Спалучэнне з прыназоўнікам «каля» выражае:
Прасторавыя адносіны
1. Ужываецца пры абазначэнні асобы, прадмета, месца, паблізу або вакол якіх адбываецца што‑н., размяшчаецца хто‑, што‑н. Бярозы стаялі каля дарогі. Начлежнікі паселі каля агню. □ Каля пасады лесніковай Цягнуўся гожаю падковай Стары, высокі лес цяністы. Колас.
Аб’ектныя адносіны
2. Разм. Ужываецца пры абазначэнні аб’екта, у дачыненні да якога адбываецца дзеянне, на які накіравана дзеянне. Усе сеюць і любяць бульбу, хаця працы каля яе не абабрацца. Ермаловіч.
Колькасныя адносіны
3. Ужываецца пры абазначэнні прыблізнай велічыні, меры чаго‑н. Дубу каля ста гадоў. □ Вёска невялікая — сяліб каля дваццаці. Бядуля. // Ужываецца пры ўказанні на пэўную пару, да якой падышоў ці падыходзіць час. Было каля поўначы. □ Каля поўдня выглянула сонца. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́меркаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.
1. Знайсці, сэканоміць шляхам дакладнага разліку; выгадаць, выкраіць. Вымеркаваць з бюджэту тысячу рублёў на рамонт. Вымеркаваць свабодную гадзіну. □ Ліпа са сваёй малою дачкою ехала з поўдня, дзе яны адпачывалі ля мора, і ўсё ж вымеркавала, колькі дзён, каб заехаць у Жыцькава. Сіпакоў.
2. Выбраць зручны момант. [Стафанковіч:] — Выбачайце, але калі я вас магу застаць дома? [Люба:] — Я сама не ведаю. — Калі так, то я ўжо як-небудзь вымеркую. Чорны.
3. У адпаведнасці з абставінамі ўлічыць усё неабходнае для ажыццяўлення якой‑н. мэты; правільна разлічыць. Як толькі сагнала з палёў снег, пан Зыгмусь сам зрабіў агляд зямлі, каб загадзя вымеркаваць, дзе што засеяць. Колас. [Павел Іванавіч:] — Вымеркуем так, што ў дні заняткаў у цябе будуць меншыя рэйсы. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыстасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.
1. Зрабіць прыгодным для выкарыстання, прымянення ў пэўных мэтах. Прыстасаваць пыласос для пабелкі сцен. □ Для сушэння тытуню Гецольд прыстасаваў усе дахі і навесы сваіх будынкаў, зрабіў спецыяльныя стрэхі, дзе павінна было вянуць свежае лісце. Карпюк. Усё ў самалёце было нязвыклае, чужое. Яго па-ваеннаму прыстасавалі для перавозкі і грузаў і пасажыраў. Новікаў.
2. Прымасціць, прыладзіць з якой‑н. мэтай. Ад поўдня ён калупаўся ў гумне каля сячкарні і меркаваў, як прыстасаваць яе да прывада малатарні, каб нарэзаць сечкі конна. Чарнышэвіч. А Сашка-казак пад лёгкай тужуркай прыстасаваў нават аўтамат. Няхай.
3. Прымеркаваць да чаго‑н. у часе. Параілі Максіму не прыцягваць людской увагі і адмовіцца ад вясельнага банкету. Калі ж яны хочуць адзначыць гэту надзею ў сваім жыцці, дык няхай прыстасуюць да якой-небудзь іншай святочнай даты. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паса́д, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Гіст. У 10–18 стст. — гандлёва-рамесная частка горада за крапасной сцяной. Месцам канцэнтрацыі гандлёва-рамесніцкага насельніцтва з’яўлялася другая частка горада — пасад, які ўзнікаў звычайна ўздоўж берага ракі. Штыхаў.
2. Гіст. Прыгарад, прадмесце, пасёлак. Але гэта яшчэ не горад, а так званы пасад — пасяленне прасталюдзінаў. Жычка.
3. Рад снапоў, пакладзеных на ток для абмалоту. Пасля поўдня, хоць пасад і не быў дамалочаным, [Тарэнта] у ток не пайшоў, а выбраўся на тарфяную станцыю да сына. Галавач.
4. Уст. У вясельным абрадзе — месца (звычайна дзяжа, накрытая кажухом), куды садзілі нявесту. Узялі матчыну хлебную дзяжу, паклалі ў яе хлеба, солі, накрылі .. кажухом — вось ён і пасад. Дубоўка. // Разм. Месца, сядзенне. У творчыя дні Канстанцін Міхайлавіч пакідаў свой пасад пад вязам хутка. Лужанін. // перан. Становішча, месца. Занімай, Беларусь маладая мая, Свой пачэсны пасад між народамі!.. Купала. Ён [пан] музыкам быў у замку, Капельмайстра меў пасад. Колас.
•••
Пасад садзіць гл. садзіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́брацца, ‑беруся, ‑берашся, ‑берацца; зак.
1. Пераадольваючы або абмінаючы перашкоды, выйсці, выехаць, вылезці адкуль‑н.; прабіцца цераз што‑н. Выбрацца з натоўпу. Выбрацца з-пад абломкаў. □ Партызаны цяпер пачалі адыходзіць у лес. Там, не даходзячы да вёскі, можна было выбрацца балотнымі зараснікамі на ўзгоркаватае поле. Чорны. Аўтобус прапоўз міма [дамоў], выбраўся з загару машын, паімчаў хутчэй. Асіпенка.
2. перан. Разм. Выйсці з цяжкага становішча. Выбрацца з бяды. Выбрацца з даўгоў. □ [Мясцком].. дапамагаў сялянству выбрацца з векавечнай цемры, распачаць новае, прыгожае жыццё. Шынклер.
3. Выселіцца, пераехаць з дамашнім скарбам у другое памяшканне, месца; перабрацца. Выбрацца на другую кватэру. □ Хто-ніхто выбраўся па хутар і цяпер сяліба пуставала. Галавач. Жыхароў у мястэчку амаль не было, Яны выбраліся ў шалашы. Навуменка.
4. Падрыхтавацца да выезду, пераходу; сабрацца. Выбрацца ў далёкую дарогу. □ Пасля поўдня Уладзік з дзядзькам Антосем выбраліся ехаць у лес. Чорны.
5. Разм. Знайсці магчымасць, час пайсці, паехаць куды‑н. Выбрацца ў кіно. □ Куды, старая, выбралася з дому? Праведаць сына? Ці паклікаў зяць? Гілевіч.
•••
Выбрацца сухім з вады — тое, што і выйсці сухім з вады (гл. выйсці).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)