плы́сці і плыць, плыву, плывеш, плыве; плывём, плывяце; пр. плыў, плыла, плыло; заг. плыві; незак.

1. Перамяшчацца па паверхні вады або ў вадзе, робячы адпаведныя рухі рукамі і нагамі (лапамі, плаўнікамі і пад.). Расстраляўшы ўсе патроны, Старобінскі кінуўся плысці цераз Нёман. Гурскі. // Перамяшчацца па вадзе (пра карабель, лодку, плыт і пад.). Насустрач... [людзям] з другога берага плыла лодка. Якімовіч.

2. Ехаць на караблі, лодцы і пад. Плысці на параходзе. Плысці на пароме.

3. перан. Плаўна рухаючыся, перамяшчацца ў паветры. Над вёскай плыве ў небе ястраб. В. Вольскі. Угары эскадрыллямі плылі самалёты. Мележ. У небе, пераганяючы адна адну, плылі шэрыя хмары. Гурскі. І зноў на палі і на травы сівыя плывуць туманы. Кляшторны. / Пра месяц, сонца. Месяц ціха плыве Залатым чаўнаком. Бядуля. / Пра гукі, пахі. Над рэчкай плыла мелодыя нейкай вельмі знаёмай песні. Асіпенка. Праз запацелыя шыбы плылі гукі піяніна. Грахоўскі. Акно было расчынена насцеж, і ў пакой шырока плыў духмяны водар асенняга саду. Краўчанка. Пахла спелай збажыной — пах гэты плыў з палёў. Шамякін.

4. перан. Плаўна рухацца, ісці. На высокай роўнядзі ляжалі жоўтыя кучы саломы, а на хвалістай нізіне за сцяною жыта плыў камбайн. Дуброўскі. Бесперарыўны паток войск плыве і плыве па галоўнай вуліцы. Пестрак. // Прабягаць перад вачыма (тых, хто едзе на чым‑н.). І вось плывуць міма акна знаёмыя саснякі-пасадкі, шэрыя з лапінамі прозелені лугавіны, асеннія палі. Навуменка. // Аб чым‑н., што здаецца рухомым чалавеку ў паўпрытомным стане. А ў таго [Гарыка] ногі дрыжалі, у вачах плылі кругі. Скрыпка. Плывуць зялёныя кругі Ў яго [вязня] вачах. Колас. // Праходзіць у памяці (пра думкі, вобразы і пад.). Але зусім не туды плылі думкі Казіміра. Пестрак. // Ісці няспынным патокам (пра пісьмы, паперы і пад.). З ваяводства плылі загады за загадамі — узмацніць варты над банкамі, над маёнткамі, над касцёламі, пашырыць і узмацніць разведку. Пестрак.

5. перан. Праходзіць, мінаць. Праходзіў час, плылі нядзелі, Далёка бежанства, шпіталь, І дні дзяцінства адляцелі Кудысь у выцвіўшую даль. Колас. Над Старыцай, далёкім ад Мінска паселішчам, над палямі і ляснымі нетрамі, гэтак жа, як і над Мінскам, плыла позняя вераснёвая ноч. Хадкевіч.

6. перан. Высыпацца (аб пераспеўшым збожжы). Па сонцы жыта, як вада, плыве. Чуць дакранешся — усе зярняткі так і сыплюцца. Грахоўскі.

7. Разм. Тое, што і цячы (у 1 знач.). Вада ў рэчцы плыве, здаецца, цішэй. Чорны. У Мішкі з вуха плыве кроў, а з вачэй — слёзы. Лупсякоў.

•••

Плысці па цячэнню — прыстасоўвацца да абставін, дзейнічаць згодна з абставінамі, не выказваючы супраціўлення.

У рукі плыве — пра тое, што лёгка, без намаганняў дастаецца каму‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хапі́ць, хаплю́, хо́піш, хо́піць; зак.

1. Зак. да хапаць (у 1 знач.).

2. што, чаго і без дап. Разм. Выпіць: хутка праглынуць што‑н. Каўрыжка.. хапіў поўную лыжку журавіннага кісялю і папярхнуўся. Пянкрат. [Валянціна Васільеўна:] — На маім месцы ты, можа б, атруты хапіла. Гроднеў. // без дап. Напіцца спіртнога. [Мікіта:] — Нешта яшчэ казала [Феня], але я так моцна хапіў, што нічога не помню... Ракітны. У важнага Мядзведзя, На гасцявым абедзе Хапіў залішне Леў, Сп’янеў. Корбан. Хапіў з дзежкі, што не бачыць сцежкі. Прымаўка.

3. перан.; чаго. Разм. Перажыць, перанесці што‑н. цяжкае, непрыемнае. Сама Аўдоля хапіла гора нямала. Крапіва. / у безас. ужыв. Матросам хапіла ў час шторму.

4. што. Разм. Зрабіць цвёрдым, ушчыльніць (пра дзеянне холаду). Іней пабяліў траву, дахі і дрэвы. Малады марозік хапіў і сырую зямлю. Гаўрылкін. Марозік галашчокам хапіў, ды сонейка — мала калі зімою такое высвечвае — аж вочы слепіць. Лобан. / у безас. ужыв. Была позняя восень, зямлю хапіла першым прымаразкам. Навуменка.

5. Разм. У разважаннях, выказваннях пераступіць межы чаго‑н., зайсці занадта далёка, дапусціць перабольшанне ў чым‑н. [Вера Антонаўка] заўважыла, як забегалі ў Тацяны вочы, і, ужо шкадуючы, што хапіла занадта, прапанавала прайсціся па лесе... Карпаў. [Дзераш:] — Бач, куды хапіў?! У мяне, брат, планы пакуль інакшыя... Шынклер.

6. каго-што і па чым. Разм. Моцна ўдарыць. Уцякаючы, .. [Сашка] раптам спыніўся, хапіў кавенькай па калене, і яна хруснула, разламалася. Кухараў. // Раптоўна і моцна адчуць боль. [Чалавек:] — Калі сяджу, нічога не робячы, ці ляжу, — тады амаль і не баліць, а як толькі вазьмуся што рабіць, ды сагнуся раз — другі, жывот і хопіць. Галавач.

7. каго. Разм. Раптоўна праявіцца, прынесці пакуты (пра хваробу і пад.). Волата хапіў удар, Вызверыўся люты цар: — Дзе ахова? Дзе чыны? І куды глядзяць яны? Вітка. Шчокі малога залівала чырвань, на лбе выступіў пот, рэдзенькія белыя валаскі ўскудлачыліся... — Што з ім? — А хто ж яго ведае... Гарачка хапіла. Ліхаманка нейкая. Новікаў.

8. Разм. Адразу, з ходу, хутка зрабіць што‑н. Кладаўшчык узяў маркі, даў Глушко пяць пачак цыгарэт і раптам хапіў дзверы на зашчапку. Навуменка. // Нечакана, моцна запець, закрычаць. — А што ж ты думаеш? — хапіла адразу некалькі галасоў. Чорны. Голас Клаўдзі ўпэўнена вёў песню далей, а падгалоскі чакалі, каб у патрэбны момант зноў хапіць хорам. Ракітны.

9. безас. чаго. Быць дастатковым. — Цэгла ёсць!.. І справы, значыць, хопіць да світання кельням і рукам. А. Вольскі. Гасцей у званскіх сватоў сабралася гэтак многа, што не ўсім хапіла месца для начлегу ў доме. Лось. Андрэй крыху ажывіўся, павесялеў. Толькі весялосці гэтай хапіла ненадоўга. Шахавец.

10. безас. каго. Разм. Змагчы, быць здольным зрабіць што‑н. Яго не хопіць на гэту справу.

11. хо́піць з інф. і без дап. Разм. Досыць, даволі, годзе; трэба перастаць, спыніць (гаварыць, рабіць што-н). — А ты падыдзі, сам паглядзі! — Хопіць ужо, нагледзеўся... Лынькоў.

•••

Хапіць цераз край — страціўшы пачуццё меры, зрабіць або сказаць што‑н. такое, што выходзіць за рамкі звычайнага, нармальнага.

Хапіць шылам кашы (патакі) — пра няўдалую спробу зрабіць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабі́ць, раблю, робіш, робіць; незак.

1. што і без дап. Займацца чым‑н., праяўляць якую‑н. дзейнасць. Не давала.. [Сегеню] спакою гаспадарская руплівасць, што і не ляжыць ён і нічога не робіць. Чорны. Думай з вечара, а рабі з рання. Прыказка. // У спалучэнні з некаторымі катэгорыямі назоўнікаў ужываецца ў значэнні: выконваць, чыніць: а) з назоўнікамі, якія абазначаюць від заняткаў, работы. Рабіць доследы. Рабіць урокі. Рабіць гарадку. □ Заўсёды небяспечную работу дочак маці рабіла спакойна і дакладна, як сваю, неабходную для жыцця і шчасця. Брыль. Цікава і жаласна было глядзець, як гэтыя дзеці прыроды рабілі сваё першабытнае набажэнства. Маўр; б) з аддзеяслоўнымі назоўнікамі і з назоўнікамі са значэннем дзеяння. Рабіць выбар. Рабіць вымову. Рабіць спробу. Рабіць памылку. □ Воўк блізка шкоды не робіць. Прымаўка; в) з назоўнікамі, якія абазначаюць асобныя рухі (жывой істоты, прадмета). І так пацешна пазіраць, Калі крок першы робяць дзеткі! Колас. Пры гутарцы рукі ў .. [Крушынскага] або віселі, або рабілі рухі зусім недапасаваныя да слоў. Бядуля. // У спалучэнні са словамі, якія ўказваюць меру, колькасць, абазначае: утвараць работу, рух у гэтым аб’ёме, у гэтай колькасці. Рабіць сто абаротаў у секунду. Рабіць па дваццаць кіламетраў у дзень. Рабіць па два рэйсы за змену. □ Самалёт рабіў другі заход над вузкім фіёрдам. Шамякін.

2. што. Вырабляць, майстраваць. Рабіць абутак. Рабіць квас. □ [Дзядзька] прыладзіў каля зямлянкі нешта накшталт верстака, нарыхтаваў алешыны і пачаў рабіць ночвы. Брыль. // Абрабляць, апрацоўваць. [Сурвіла:] — Дык, пакуль што, бярыце, суседзі, я ж кажу, гэты клінок каля свае хаты і рабіце .. Рабіце, пакуль што, гэты кавалак. Чорны. // Абл. Працуючы, здабываць, набываць. Затое Толя ўсцешана сказаў пасля, што гэта быў першы і апошні ў іхняй хаце парабак, што цяпер яны будуць рабіць свой хлеб самі. Брыль.

3. Разм. Працаваць дзе‑н., кім‑н. Рабіць на заводзе. □ [Следчы:] — Чым вы займаліся да вайны, Дымар? — Рабіў закройшчыкам у атэлье. Шамякін. Малеча і старыя, каго не бралі рабіць на сенажаць ці ў поле, з дня ў дзень снавалі па лесе. Мележ. // (звычайна з акалічнасцю спосабу дзеяння). Працаваць. Рабіць за двух. □ [Насця:] Самому трэба сумленна рабіць, дык і станок лепшы будзе. Крапіва. Хто хутка есць, той хутка робіць. Прымаўка. Цяп ды ляп, ды на «а можа» рабіць не гожа. Прымаўка. // на каго-што. Працаваць, забяспечваючы або абслугоўваючы каго‑н. Рабіць на сям’ю.

4. што і без дап. Дзейнічаць якім‑н. чынам. Рабіць наперакор. Рабіць усё па закону. □ Неяк зімою, прыйшоўшы са школы, Данік адразу ўзяўся за ўрокі, як ён рабіў цяпер, ужо не пасучы, заўсёды. Брыль. [Пніцкі:] Гаспадар, калі ён .. добры, гэтак заўсёды і робіць: з вясны ён на малако налягае, а на лета ашчаджае .. сала. Чорны. // Аказваць; прычыняць. Шмат дабра потым рабіў Рымша бедным людзям: і грашамі памагаў, і ад ліхіх паноў бараніў. Якімовіч.

5. каго-што з каго-чаго, каго-што кім-чым або якім. Ператвараць у каго‑, што‑н. [Буйскі] выдатна валодае нямецкай мовай і .. іменна гэтая акалічнасць .. робіць з яго разведчыка вышэйшага класа. Шамякін. Дзядзька Павал выходзіў за адрынку ў садок, глядзець, што позняя вясна робіць з дрэвам. Чорны. Нішто, можа, не робіць чалавека такім сталым, як гора. Сабаленка. // Надаваць каму‑, чаму‑н. які‑н. выгляд. Валасы тырчалі на ім вожыкам, а русая, з рыжаватым адценнем барада рабіла .. [дзядзьку] смешным. Дамашэвіч. Барада і аблічча гэтага чалавека ў некаторай ступені рабілі яго падобным да Льва Талстога. Колас.

6. што. Утвараць сабой. Рака рабіла круты паварот, набліжаючыся да хмызняку. Шахавец.

•••

З блыхі рабіць вала — тое, што і рабіць з мухі слана.

Не рабіць сакрэту з чаго — не ўтойваць чаго‑н., калі гэта не выклікаецца патрэбамі.

Няма чаго рабіць (у знач. пабочн.) — іншага выйсця няма, інакш паступіць нельга.

Рабіць акцэнт на чым‑н. — вылучаць, падкрэсліваць што‑н., звяртаць асаблівую ўвагу на што‑н. — Рабіць бізнес — нажывацца на чым‑н.

Рабіць выгляд — прыкідвацца, прытварацца.

Рабіць вялікія вочы — выражаць здзіўленне, недаўменне.

Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні — за знешняй бесклапотнасцю, весялосцю старацца схаваць сваё нездавальненне, свае непрыемнасці.

Рабіць гонар каму — а) аказваць пашану. Гэтыя людзі думаюць, што «робяць гонар» ужо тым, што размаўляюць з простай жанчынай. Маўр; б) з’яўляцца заслугай, быць асновай для павагі. — Такія наскокі, малады чалавек, не робяць вам гонару. Пянкрат.

Рабіць з мухі слана — прыдаваць чаму‑н. нязначнаму вялікае значэнне; перабольшваць.

Рабіць круг (крук) — ісці, рухацца акольным шляхам.

Рабіць (строіць) міну — надаваць твару які‑н. выраз.

Рабіць трагедыю з чаго — адчайвацца без дастатковых на гэта падстаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)