Пэ́цкаць ’мазаць, брудзіць; рабіць няўмела, неахайна’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш., Шат.), ’ляпіць глінаю, мазаць; брудзіць’ (Нас.), пе́цкаць ’брудзіць, мазаць’ (ТС), пэ́цнуць ’мазануць; стукнуць’ (ТСБМ), ’гучна ўдарыць; кінуць чым-небудзь ліпкім; упасці’ (Нас.), вытворныя: пэ́цкала, пэ́цкало ’няўмека, неакуратны ў рабоце чалавек, бракароб, партач’ (Сцяц., Сцяшк. Сл., Скарбы; любч., Нар. словатв.; міёр., З нар. сл.), пэ́цкаль ’хто любіць пэцкацца, неахайны, паскуднік’ (Шпіл., Чач., Гарэц., Шат.; брасл., Сл. ПЗБ), ’няўмека, дрэнны майстар’ (ТСБМ; маладз., Янк. Мат.; Яўс., Шат., Бяльк.; міёр., З нар. сл.). Паводле Насовіча, утворана ад гукапераймальнага пэц! ’тое, што і пац!’ (“от звука брошенной на что либо грязи или брошенного чего въ грязь”, Нас., 543); нягледзячы на фанетычныя прыкметы запазычання з польск. peckać ’вэдзгаць, перабіраць, корпацца’, параўн. рус. па́чкать ’пэцкаць’, да вышэйназванай версіі схіляецца Цвяткоў (Запіскі, 2, 75) і канстатуе, што слова не выводзіцца ад кораня *pak‑ (дапускаючы для рускага слова сувязь з пакость ’паскудства’, інакш гл. Фасмер, 3, 223); наяўнасць славен. pecati, peckati, pečkati ’даваць аплявуху; біць па вушах’ і pəčka, pəčkálo ’хто ляніва, марудна і дрэнна працуе’ ўзмацняе прышлую версію. Пра магчымую сувязь названых слоў з pečkȁ ’ядро, костачка’, што дае падставы для семантычнага пераходу ’ўздуцце, разбуханне’ > ’слабы, дрэнны’, гл. Бязлай, Etyma, 163; Куркіна, Этимология–1984, 113; гл. таксама спецыяльна Куркіна, Этимология–1988–1990, 61. Атаясамліванне з укр. пи́цькати ’дрэнна працаваць, корпацца’, якое выводзіцца праз польск. pyćkać, peckać ’тс’ з ням. patschenплёскаць (па вадзе)’ (гл. ЕСУМ, 4, 382), здаецца, не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плёс1, плёса, плёска, плёсы, плёса, плес, пле́со ’шырокі, ціхі і глыбокі ўчастак ракі паміж перакатамі, заваротамі ці астравамі, затока’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк. Сл., Гарэц., Сл. ПЗБ, Др.-Падб.; жытк., саліг., стол., Талст.; Стан.; карэліц., Сцяшк. Сл.), ’яміны з вадою на сенажаці’, ’пойма ракі’, ’самы глыбокі ўчастак возера, дзе ловяць рыбу’, ’заліўны луг’ (Сл. ПЗБ), ’ціхая завадзь’ (Бяльк.; Гарэц., Байк. і Некр.), ’былое рэчышча’ (смарг., Сцяшк. Сл.), ’яма на лузе, запоўненая вадой’ (ст.-дар., Нар. сл.), ’чыстае, незарослае сярод возера месца’ (паўн.-усх., КЭС), ’частка ракі. якая зімой не замярзае’ (лях., ЛА, 2), ’шырокае месца на рацэ, а таксама на лузе, у полі’ (ТС), ’сярэдзіна возера, ракі’ (полац., Талст.), ’шырокі фарватар’ (Крывіч, 1), бабр. ’возера, зарослае расліннасцю’, ’балота’, ’нізкі, заліўны луг’, ’забалочаныя берагі азёраў’ (палес., Талст.), ’прырэчная сенажаць, якая заліваецца ў час разводдзя’ (глус., Янк., дыс.), ’занесенае пяском колішняе балота’ (Скарбы). Укр. пле́со ’возера па цячэнню ракі, моцна пашыранае месца ракі, не зарослае, з ціхай плынню’, ’градка чатырохвугольнай формы’; рус. плёс, плёса, плеса́ ’адкрытая, шырокая частка ракі са спакойнай плынню’, ’глыбокае месца ў рацэ, возеры’, ’яма на балоце’, ’заліўны луг, ’новы бераг ракі пасля мены яе рэчышча’, ’нізкае месца, дзе стаіць вада’, ’балота’, ’пелька ў балоце’; польск. дыял. plosek ’невялікая яма, запоўненая вадой’, вял.-польск. pleski (1498 г.), рыбацк. ploso ’глыбіня, глыбокае месца ў рацэ, возеры’, ’поўнае возера’, ’пойма ракі’; ст.-луж. ples(o) ’возера’; чэш. pleso ’возера, ставок, стаячая вада; глыбокае месца ў струмені; лужа для гусей’; ’западзіна ў рацэ’, ’балота’; славац. pleso ’горнае бяссцёкавае возера’, ’сажалка’, ’стаячая вада, лужа’; на паўд.-слав. тэрыторыі захавалася толькі ў тапонімах. Прасл. *pleso. Няяснае слова рэліктавага паходжання (Махэк₂, 458–459; Банькоўскі, 2, 610). Фасмер (3, 280) семантычна збліжае яго з пле́сна, плюсна, выводзячы прасл. *pletso, што, на думку Бязлая, з’яўляецца сумніўным; ён падтрымлівае думку Махэка, спасылаючыся на с.-в.-ням. Flosche ’яма, у якую прасочваецца вада’, лат. plesa, plēsa ’нерухомае глыбокае месца ў рацэ і інш.’ (Этимология–1973, 183–184). Сучасная семантыка, як здаецца, не пацвярджае меркаванне пра супрацьпастаўленне слав. *Pleso*Bolto, як адкрытай і забалочанай воднай прасторы (Трубачоў, Этногенез, 128), параўн. плёсо ’зарослае балота, твань’ (ганц., ЛА, 5).

Плёс2 ’хвост у вялікай рыбіны’ (Нас., Гарэц., Дабрав.), рус. дыял. плеск і плёск ’задняя частка тулава рыбы, рыбін хвост’. Да плёскаць (гл.), параўн. плёс! — ’удар рыбы хвастом’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)