Пу́гі ’пра рукі з набухлымі венамі’ (пруж., ЛА, 3), ’расшырэнне вен’ (навагр., Жыв. сл.). Магчыма, да пугі ’сцябліны без лісцяў’, гл. пуга 1 паводле знешняга падабенства Пятлёва (Этимология–1985, 17) збліжае з рус. пуга ’пуха ў яйцы’, ’падушка, на якой плятуць карункі’, укр. опу́гатися ’цёпла адзецца, апрануць на сябе шмат’, на базе агульнага значэння ’выпукласць, патаўшчэнне’, што пры ўліку польск. pęga ’лытка’, старое pąga ’тс’ здаецца цалкам верагодным. Аднак таксама польск. pęgi ’сляды на скуры ад удараў бізуном’ (фіксуецца з 1455 г.), якое Банькоўскі (2, 537) выводзіць з pęgi ’прылада для бічавання са шматлікімі шарыкамі на раменьчыках’, дае перавагу першай версіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

на́раст, ‑а, М ‑сце, м. і на́расць, ‑і, ж.

1. Ненармальнае патаўшчэнне на якой‑н. частцы арганізма. Мазольныя нарасты на руках. Нарасты на галінах дрэва. □ [Юдзін] не ведаў, што гэта лішай такі, нездаровая нарасць — лес жа таксама хварэе. Масарэнка.

2. Пукатасць на галаве, каля носа і вачэй у некаторых жывёл, рыб і птушак. Нараст на галаве ў гусей.

3. Тое, што наогул нарасло дзе‑н., на чым‑н. Нараст смалы на дрэве. Нараст шлаку. □ Ад цяпла іх [вербы] адгароджвалі не толькі шыбы, але і тоўсты пласт інею на іх з лёдавымі нарастамі і глыбокімі шчылінамі па краях, каля рам. Шамякін. // перан. Аб нездаровых з’явах у грамадскім жыцці. Нарасты дробнабуржуазнай псіхалогіі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Напу́ганы ’празмерна адзеты’, напугацца ’празмерна надзець на сябе, начапляць лішняга’, ’надзьмуцца, натапырыцца’, ’абкружыцца імглістым кругам (пра месяц)’ (ТС). Можа разглядацца разам з напугацца ’нажлукціцца, напіцца’ (Нас., Янк., Сцяц.; стаўбц., Нар. сл.; жлоб., Нар. словатв.; Сцяшк.), ’напіцца чаго-небудзь настолькі, каб нельга было самому ўстаць з месца’ (Шпіл.), ’нажэрціся’ (Янк. 1, Клім., Мат. Гом.), што да пу́гаць ’сёрбаць, хлябтаць’ (гл.), гукапераймальнага паходжання; значэнне ’празмерна надзець на сябе’ праз стадыю ’стаць тоўстым (ад піцця, яды)’. Аднак не выключана, што гэта значэнне развілося на іншай базе, параўн. напу́галаса, бы пугич (ТС), што звязваецца з вобразам птушкі, якая натапырвае пер’е, надзімаецца пры пагрозе; тады хутчэй Да *Pǫ§yпатаўшчэнне’, параўн. рус. пуговина ’узвышэнне, горб’, пуговица ’гузік’, літ. pugulis ’уздутае ўзвышэнне’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

жы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Памянш. да жыла (у 1 знач.); тоненькая жыла. Коркія зусім блізка бачыў адрузлы, маршчыністы твар з чырвонымі жылкамі на пераноссі. Самуйлёнак. Вось з-за лесу ўстала сонца, Рассыпае каснікі, Залатыя ручнікі, І цалуе праз аконца Збітых кудзер валаконцы, Жылкі сінія рукі. Колас.

2. Ніць, вырабленая з сухажылля, капрону і пад.; лёска. Па дзень нараджэння тата падарыў сыну дзве вуды з капронавай жылкай. Юрэвіч.

3. Сасудзіста-валакністае патаўшчэнне ў выглядзе ніці ў лістах раслін і крылах насякомых. Павел Ільіч разглядаў малады, шыракалісты фікус, у якім на сонцы прасвечваліся тоненькія жылкі. Гурскі.

4. Ніцепадобная палоска ў горнай народзе, якая вылучаецца колерам. Мармур з чорнымі жылкамі.

5. перан.; якая або чыя. Здольнасць або прыродная схільнасць да чаго‑н. Працоўная жылка. Творчая жылка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прылі́ў, ‑ліву, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыліваць — прыліць.

2. Перыядычны пад’ём узроўню акіяна, мора. [Дно] знаходзілася досыць высока і залівалася вадой толькі ў час прыліву. Маўр.

3. Паяўленне каго‑, чаго‑н. у вялікай колькасці; прыток. Прыліў рабочай сілы. Прыліў грашовых сродкаў. □ Сталінградская бітва выклікала новы прыліў байцоў у рады народных мсціўцаў. Залескі. У канцы 50‑х гадоў закончыўся прыліў у паэзію тых, хто памятаў вайну непасрэдна, на вачах у каго яна праходзіла. Лойка. // перан. Пра адчуванне паўнаты сіл, энергіі, пачуцця. [Лабановіч] адчуў прыліў бадзёрасці, новай сілы, жаданне змагацца за сваё месца ў жыцці і за ўсіх добрых людзей. Колас. Антон Лескавец ажно задыхнуўся ад раптоўнага прыліву злосці і крыўды за сваю памылку. Шамякін.

4. перан. Уздым у развіцці чаго‑н. Прыліў рэвалюцыйнага руху. □ Пачалі арганізоўвацца калгасы. Не адну ночку сядзелі напралёт. Былі прылівы і адлівы. Гурскі.

5. Спец. Патаўшчэнне на адлітай дэталі. Бакавы прыліў бэлькі. Абсячы прылівы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Прадаўгаватае суквецце хваёвых і некаторых іншых раслін, пакрытае луской. На лясной дарозе, пад старой разлапістай сасной, ляжаць апалыя шышкі. Ігнаценка. Злева, зарослы сівай мятліцай, зялёным лопухам з калючымі шышкамі, ляжаў земляны вал старажытнай крэпасці. Грамовіч. // Плод або гронкі пладоў некаторых раслін, якія формай, знешнім выглядам нагадваюць такое суквецце. Врусніц было многа, яны віселі на куп’і шышкамі, як авечыя хвасты, бурыя ад густога сонца. Пташнікаў.

2. Круглы бугор на целе чалавека, жывёлы; гуз. А шышка ўсё ж падскочыла [ў Артура] на лысіне. Гроднеў. Ад першай да апошняй старонкі героі падалі з лодкі, набівалі шышкі, загледжваліся на дзяўчат, грузлі ў балоце. «Звязда». // Выпуклая няроўнасць, бугор на паверхні чэрапа, якія быццам бы (паводле фрэналогіі) паказваюць на ўласцівасці, здольнасці, схільнасці чалавека. Ды вы зірніце на ягоны [Яшкаў] лоб, Якія мудрыя дзве шышкі! Валасевіч.

3. Разм. іран. Пра якую‑н. важную асобу. Тут быў і начальнік дэпо, і некаторае дарожнае начальства, усе вялікія шышкі на чыгунцы. Лынькоў. — А сам ты хто? У якім жа чыне? — Вартую двор! Вартую сад! — Ці чулі вы?! От гэта шышка!.. Бялевіч.

4. Патаўшчэнне авальнай ці акруглай формы на канцы, вярхушцы якога‑н. прадмета, звычайна для ўпрыгожання. Шлем з шышкай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кале́на1 ’частка нагі, дзе злучаюцца бядровыя і галёначныя косці; месца згібу нагі’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., КЭС; КЭС, лаг., Мат. Гом., Нас., Сержп., Сержп. Грам., Радч., Сл. паўн.-зах., Сцяшк. МГ, ТС, Шат., Яруш.), ’частка адзення, якая прыкрывае гэту частку нагі’ (ТСБМ, Нас.), калені ’нага ад каленнага сустава да таза’ (ТСБМ), ’сустаў пальца рукі’ (Сл. паўн.-зах.), ’вугал згібу, павароту ракі’ (ТСБМ; віц., Нар. сл.; ТС, Яшк.), ’лука’ (Сл. паўн.-зах.; дэфініцыя выклікае сумненне, параўн. ілюстрацыю: «Калена ля ракі, там коні ходзяць», с. 373, відавочна, што тут хутчэй ’паварот’, ’месца на павароце’), ’вір, глыбокае месца на павароце ракі’ (там жа), ’патаўшчэнне на чароціне ці саломіне’ (КЭС, лаг., Мат. Гом., Сцяшк. МГ), каленца ’тс’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), каленка ’тс’ (Нас.), ’сустаў на пальцы рукі’ (рас., Шатал.), калена ’асобная частка, закончаны матыў у музычным творы’ (ТСБМ, Шат.), ’фігура кадрылі’ (ТСБМ, Мат. Гом.), ’пакаленне ў радаслоўнай’ (ТСБМ), ’род, саслоўе’ (Сл. паўн.-зах.). Сюды таксама выразы лысы, як калена (Сл. паўн.-зах.), даць каленца ’ўдарыць каленам ззаду’, сесці на каленцах ’сесці, сагнуўшы ногі ў каленях’ (ТС). Укр. коліно ’каленны сустаў’, ’род’, ’пакаленне’, ’згіб (ракі і да т. п.)’, ’пераход голаса ў песні’, харк. колінцепатаўшчэнне, каленца ў сцябліне’, у лемкаў яшчэ колінця ’суставы пальцаў’, звяртае на сябе ўвагу і колінчити ’біць (каленам?), рус. смал. коленки ’патаўшчэнні саломіны’, арханг. коленко ’каленца, згіб’, літар. і дыял. колено ’каленны сустаў’, ’паварот ракі і да т. п.’, як спецыфічна дыялектныя СРНГ адзначае ’змяненне матыву, пераход (у песні), куплет; асобная частка ў танцы «лайце»’, ’сям’я, род’. Зах.-слав.: польск. kolano ’каленны сустаў’, ’паварот ракі’, ’згіб грубы’, ’каленца ў сцябліне травы’ (звычайна kolanko, з XVI ст.; Слаўскі (2, 342) звяртае ўвагу па дакладны семантычны адпаведнік у лац. мове: geniculum ’тс’, genú ’калена’ і літ.: kelùkas ’каленца’, kelỹs ’калена’), н.-луж. kóleno ’каленны сустаў’, в.-луж. koleno ’тс’, ’згіб’, палаб. tʼülʼón ’каленны сустаў’, чэш. koleno ’каленны сустаў’, ’згіб’, ’каленца (саломіны)’, ’пакаленне, род’, славац. koleno (у падобных значэннях), славен. kolę́no ’каленны сустаў’, ’згіб’, ’пакаленне’, ’каленца (саломіны)’, серб.-харв. ко̀лено ’каленны сустаў’, ’род, пакаленне’, ’парод’, ёсць і значэнне, адэкватнае рус. колено жаночае і мужчынскае ’пол, жаночае і мужчынскае пакаленне’, ’каленца (у саломіне)’ koljence, макед. колено ’каленны сустаў’, ’згіб’, ’род’, ’пакаленне’, коленце ’згіб’, балг. коляно ’каленны сустаў’, ’род’, ’абшчына’, ’патоўшчаная частка сцябліны’, дыял. коленце ’каленца (у саломіне)’. Слав. адпаведнікі дазваляюць рэканструяваць прасл. kolěno, наконт значэння цяжка меркаваць, якія з прыведзеных славянскіх сапраўды даўнія, якія вынік натуральнага развіцця значэння. Даўнія семантычныя паралелі (лац. genu ’каленны сустаў’ і ’род, племя’, адпаведна с.-грэч. γόνυ и γένος) дазваляюць сцвярджаць, што такое значэнне можа быць старым. Што датычыць словаўтварэння, відаць, можна выдзеліць суфікс ‑ěno (Слаўскі, 2, 342, прыводзіць як структурны адпаведнік прасл. polěno і як паралель да kolěno літ. kelénas ’калена’). Аснову слав. лексемы параўноўваюць з літ. kelỹs ’калена’, лат. celis ’тс’. Не выключана, што з іншых і.-е. адпаведнікаў сюды сапраўды адносіцца грэч. κῶλον ’член’, κωλήν ’сцегнавая косць; плечавая косць’, κώληψ ’каленны сустаў’ гл. Слаўскі, там жа; Фасмер, 2, 289. Далей сюды ж адносяць і член (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́га1 ’прылада да паганяння, пужка’ (Нас., Шат., Шпіл., Мал., Бяльк., Сцяшк. Сл., Сл. Брэс., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом., Яруш., Гарэц., ТСБМ), púha ’тс’ (Тарн., Маш.), укр. пу́га ’тс’, ст.-польск. pąga, pęga ’раменны біч’ (з XV ст.); Шымкевіч спасылаецца на “валашска-малдаўскае пꙋ́гъ ’пужка’ (Шымк. Собр., 167). Звычайна звязваюць з пуга́ць < пужа́ць ’палохаць’, так ужо Чачот (“púha: bicz włościański i długi pastuszy. Musi pochodzić od pużać, straszyć”, Чач.) і Насовіч, што сустракае пярэчанне, паколькі названы дзеяслоў вядомы пераважна на рускай тэрыторыі, дзе назоўнік малаўжывальны (Праабражэнскі, 2, 148); аднак больш верагодная сувязь з гукапераймальным пуг(у), параўн.: шугу‑пугу кымару (веліжск., Шлюб.), пу́гаць ’сёрбаць, есці з прысвістам’, што перадае гукавы вобраз сцябання пугай, гл. у Праабражэнскага, 2, 148: “пуга — орудіе, которымъ щелкаютъ, хлопаютъ”, параўн. таксама сцяба́ць ’біць, лупцаваць’ і ’прагна есці, хлябтаць’. Менш верагодна з пу́га ’невялікі круглы прадмет, гузік, шарык’, паколькі такія прадметы прымацоўвалі на канцы (або завязвалі вузел у пугі), параўн. польск. pęga ’kulka ołowiana na rzemieniu do biczowania’, pąga ’coś kulistego’ (Банькоўскі, 2, 537). Страхаў (Балто-слав. этнояз. отнош., 45) следам за Талстым звязвае пу́га ’біч’ і праслав. *pǫga ’вясёлка’, рэканструяванае на падставе польск. сілез. puhga, славен. póga і серб.-харв. кайк. puga ’тс’, і прыводзіць літоўскія паралелі для назваў вясёлкі: diẽvo rykštė ’божы дубец’, orãrykštė, dangaus rýkšte ’нябесны дубец’. Сюды ж, відаць, пу́га ’сцябло без лісцяў’ (Ян.), ’адростак агурка, гарбуза’ (Мат. Гом.), параўн. рус. пле́ти ’сцябліны некаторых раслін’, пу́гавыця ’вяроўка’ (Бес.). Гл. таксама пу́га2.

Пу́га2 ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, камент., 809), ’журавель у калодзежы’: стаіш стовп, а на ставпу пуга лежыт, а до пугы прывязан ключ (бяроз., Шатал.). Хутчэй за ўсё, да пуга1 з-за знешняга падабенства, параўн. рус. хлыст ’тонкая жэрдка, шост’ і ’пуга, бізун’; менш верагодна да пу́га ’круглы прадмет, патаўшчэнне’ для абазначэння груза на канцы жураўля, гл. пуга3.

Пу́га3 ’божая кароўка’ (брэсц., Цыхун, вусн. паведамл.), сюды ж, магчыма, экспр. пу́га ’той, хто непакоіць, перашкаджае (аб дзецях, малых свойскіх жывёлах)’: чого гэта пуга малая мышае? (драг., Сл. Брэс., З нар. сл.). Узыходзіць да прасл. *pǫgy ’невялікі круглы прадмет, шарык, гузік, патаўшчэнне, вузел’, да семантыкі параўн. вузёл (пра малога хлопчыка) (гл.), балг. въ́зил ’вузел’; жарт. ’малы чалавечак’ і пад. Звычайна параўноўваюць з лат. puőga, puogs ’гузік’, ст.-інд. puñjas ’камяк, маса’ (Фасмер, 3, 400).

Пу́га4 ’жанчына, якая любіць хадзіць па сяле’ (кобр., ЛА, 3). Няясна, магчыма, да наступнага слова.

Пу́га5 ’маланка, разрад’: у буру вялікая пу́га была на небе (брагін., Мат. Гом.). Геаграфічна блізкае бранск. пу́га ’мяцеліца’ (гл. Bałto-słow. zw. jęz., 29) дазваляе звязаць названае слова з лат. pűga ’парыў ветру, віхор’, літ. pugà ’мяцеліца, буран’ і асабліва з выразам versti pugàs ’утвараць шум, мітусіцца’, іншыя паралелі: ст.-ісл. fok: ’мяцеліца, завея’ ад fjúka ’гнаць, мясці’, с.-в.-ням. vochen ’дуць’ (Фасмер, 3, 399); пры гэтым нельга выключыць зрокавую і гукавую асацыятыўную сувязь з пу́га1 (гл.). Паводле Страхава (Балтослав. этнояз. отнош., 45), пу́га ’біч’ — атрыбут славянскага “громовержца” Іллі ў беларускіх і ўкраінскіх калядках: Дзе пугаю махне — там жыта расце.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

на́ціск, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. націскаць — націснуць (у 1 знач.).

2. Моцны напор. У гушчары, на скрыжаванні торных Лясных дарог, — вышэй сваіх сяброў Узрос магутны граб. І непакорна Стаіць пад гулкім націскам вятроў. Кірэенка.

3. Рашучае, энергічнае дзеянне, імклівы папад на каго‑, што‑н. Перад будынкам суда.. сабраўся велізарны натоўп. Паліцэйскія ледзь стрымлівалі яго націск. Машара. Брыгада несла цяжкія страты пад націскам у дзесяць разоў мацнейшага праціўніка. Шамякін. // перан. Моцнае ўздзеянне на каго‑н. Над націскам аргументаў, якія прывёў падсудны Яўген Скурко, суд вымушаны быў апраўдаць яго. У. Калеснік.

4. Патаўшчэнне штрыха пры пісьме пяром. Пісаць з націскам.

5. Вылучэнне складу ў слове сілай голасу або павышэннем тону, а таксама значок над літарай, які паказвае яе вылучэнне. — Між іншым, — сказаў настаўнік, — мясцовыя людзі вымаўляюць назву нашага горада не «Лунінец», як гаворыце вы і наогул усе прыезджыя, а «Лунінец» з націскам на першым складзе. В. Вольскі. // Вылучэнне голасам слова ў размове для таго, каб падкрэсліць яго лагічную значнасць. Лагічны націск. □ [Кірыл:] — Цяпер я не злачынец, як мяне тут доўга лічылі. Цяпер я проста рабочы чалавек. Ён зрабіў націск на слове «рабочы». Кавалёў.

6. перан. Вылучэнне чаго‑н. у якасці асноўнага. [Дзімін:] — Нам на культуру і эканамічнасць вытворчасці націск рабіць ужо трэба... Карпаў. Ніхто не будзе распытваць, колькі там было таго зерня. Юхневіч згнаіў збожжа. Вось на чым зробяць націск, вось пра што будуць казаць. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мазольпатаўшчэнне скуры ці пухір з вадкасцю на руках або нагах’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), мазуль ’тс’ (Шат.; карэліц., Шатал., Нар. лекс.; жлоб., Мат. Гом.), мозу͡оль ’язва, рана’ (Бес.), кам. мозы́ль (Шатал.). Укр. мозі́ль, мозо́ля, м́озуль; рус. мозо́ль, мозго́ль, музо́ль; польск. mozół ’цяжкая праца’, mozoła, modzel; н.-луж. mózol, в.-луж. mozl; чэш. mozol, mozoul, mozour, усх.-чэш. hlomouz; славац. mozoľ, славен. mozólj ’пухір ад апёку’, серб.-харв. шток. мозо̏л ’мазоль’, макед. мозол, балг. мазол, ст.-слав. мозоль ’сіняк’. Прасл. mozolь. Цупіца (KZ, 37, 398); Сольмсен (IF, 13, 137) параўноўваюць прасл. mozolь са ст.-в.-ням. masar ’нарасць на дрэве’, mâsa ’рубец, шрам’, грэч. μώλωψ (< mōsl‑) ’мазоль, шышка’. Матцэнаўэр (LF, 10, 334) і Младэнаў (302) набліжаюць mozolь да новав.-ням. Maser ’пражылак, узор на дрэве’ і літ. mãzgas ’вузел’, mezgù, mégsti ’вязаць’. Ільінскі (RS, 6, 222) параўноўвае са ст.-інд. mahánt‑, авест. mazant‑, алб. math, madhi, грэч. μέγας, лац. magaus, гоц. mikils ’вялікі’. Брукнер (346) дадае да літ. яшчэ ст.-в.-ням. masca, ням. Masche ’пятля’ (< і.-е. *mezg‑ ’плесці, вязаць’), гаворачы аб чаргаванні зычнай кораня ‑з‑ > ‑zg‑, ‑zd‑, ‑dz‑. Махэк₂ (377) сыходнай формай лічыць дзеяслоў mozgoliti ’ціснуць, рабіць мазалі’ (параўн. бел. мазголіць), якое ў выніку метатэзы паходзіць ад glomoziti (бел. гламаздзі́ць ’біць па галаве’ і інш.). Ад яго glomoz, glomuz (параўн. усх.-чэш. hlomouz, якое пасля адпадзення g‑ (> h‑) і метатэзы пераўтварылася ў mozol‑. Сюды ж бел. мазольны, мазолісты, мазалёвы ’набыты працай, намаганнямі’, ’які вымагае цяжкой працы’, ’які мае мазалі’ (Нас., ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)