Прыпіна́ць1, незак. тр. да прыпя́ць ’прыхіліць; прымацаваць; зачыніць’ (ТСБМ) < пяць, пну (гл.). Сюды ж прыпіна́нне ’прывязванне’ (Байк. і Некр.), прыпіна́цца ’прыціскацца’ (тамсама). Укр. припи́ночка ’вяроўка, якой прывязваюць жывёлу на пашы’.

Прыпіна́ць2 ’настойваць узяцца за што-небудзь’; ’папракаць, упікаць, рабіць вымовы’ (Нас., Байк. і Некр.; шальч., Сл. ПЗБ), сюды ж назоўнікі прыпіна́нне ’выгаворванне, упіканне’ (Нас., Байк. і Некр.), прыпі́нкі ’папрокі’ (Нас.). Рус. кур. припина́ть ’прыгнятаць, уціскаць’, укр. припина́тися ’чапляцца з чым-небудзь да кагосьці’. Пераноснае значэнне дзеяслова прыпінаць1 (гл. папярэдняе слова); несумненна, паўплывала і семантыка дзеяслова ўпікаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дзяўбці́, дзяўбу́, дзяўбе́ш, дзяўбе́; дзяўбём, дзеўбяце́, дзяўбу́ць; дзёўб, дзяўбла́, -ло́; дзяўбі́; дзяўба́ны; незак., каго-што.

1. Есці, хапаючы дзюбай ежу (пра птушак).

Галубы дзяўблі крупы.

2. Біць дзюбай.

Куры дзяўблі адна адну.

3. Паслядоўнымі частымі ўдарамі паглыбляць, рабіць адтуліну.

Д. мёрзлую зямлю ломам.

Д. долатам паз.

4. перан. Бесперапынна паўтараць адно і тое ж (разм.).

Што каму наўме, той тое і дзяўбе (прыказка).

5. перан. Папракаць, крытыкаваць (разм.).

Яго ўжо даўно дзяўбуць, а ён і вухам не вядзе.

Дзяўбці ў галаву (разм.) — настойліва пераконваць каго-н. у чым-н.

|| зак. прадзяўбці́, -дзяўбу́, -дзяўбе́ш, -дзяўбе́; -дзяўбём, -дзеўбяце́, -дзяўбу́ць; -дзяўба́ны (да 3 знач.) і вы́дзеўбці, -дзеўбу, -дзеўбеш, -дзеўбе; -дзеўбаны (да 3 знач.).

|| наз. дзяўба́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

кало́ць¹, калю́, ко́леш, ко́ле; калі́; незак.

1. каго-што. Датыкаючыся чым-н. вострым, выклікаць боль.

К. іголкай.

Цэлы дзень калола (безас.) пад сэрцам (перан.).

2. каго (што). Рабіць укол, уколы (разм.).

Хвораму калолі антыбіётыкі.

3. каго (што). Забіваць чым-н. вострым.

К. свінню.

4. каго-што. Біць рагамі, бадаць (разм.).

Бедная тая дамова, дзе вала коле карова (прыказка).

5. перан., каго (што) і без дап. Рабіць каму-н. колкія заўвагі, папракаць.

К. дакорамі.

Калоць (у) вочы (разм.) — папікаць, дакараць, сарамаціць.

Праўда вочы коле (прыказка) — пра нежаданне слухаць непрыемную праўду.

|| зак. закало́ць, -калю́, -ко́леш, -ко́ле; -калі́; -ко́латы (да 3 знач.).

|| аднакр. кальну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ (да 1, 2 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ты́каць¹, -аю, -аеш, -ае; -аем, -аеце, -аюць; незак.

1. у каго-што або чым. Поркаць чым-н., пастукваць.

Т. кіем у зямлю.

2. што. Утыкаць, усоўваць, уводзіць куды-н., у што-н.

Т. кнопкі ў сцяну.

Т. ва ўсе камісіі (перан.).

3. што або чым. Падносіць блізка, паказваць на каго-, што-н.

Т. пальцам у кожную літару.

4. перан., каго-што або кім-чым. Пастаянна напамінаць, гаварыць аб кім-, чым-н., упікаць чым-н., папракаць (разм., неадабр.).

Тыкаць носам (разм., неадабр.) — звяртаць чыю-н. увагу на што-н. (віну, учынак і пад.; звычайна ў грубай форме).

|| зак. ткнуць, ткну, ткнеш, ткне; ткнём, ткняце́, ткнуць; ткні́ і ты́кнуць, ты́кну, ты́кнеш, ты́кне; ты́кні.

|| наз. ты́канне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Пярэ́чыць ’выказваць нязгоду; спрачацца; быць неадпаведным’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Бяльк.), ’забараняць, перашкаджаць’ (Нас., чэрв., Сл. ПЗБ), ’працівіцца, супрацьпастаўляць’ (Варл.), перачы́ць ’выказваць нязгоду’ (Воўк-Лев., Татарк.). Дзеяслоў да пе́рак (гл.), зыходным можна лічыць адно са значэнняў дзеяслова пярэ́чыць ’перасякаць дарогу’ (Нас.), параўн. укр. пере́чити ’выказваць нязгоду, супярэчыць’, рус. пере́чить ’перасякаць папярок; супярэчыць’, польск. przeczyć ’перашкаджаць, выказваць нязгоду’, чэш. přičiti ’супрацьстаяць’, славен. prẹ́čiti ’пярэчыць’, серб.-харв. пре́чити ’перашкаджаць, ствараць перашкоды’, балг. преча ’тс’, макед. пречи ’тс’, што ўзыходзяць да прасл. *perčiti, вытворнага ад *perkъ, першапачаткова ’паставіць папярок’, далей ’працівіцца’ (Сной₂, 562; БЕР, 5, 685; Банькоўскі, 2, 823). Таго ж паходжання царкоўнаславянізм папрака́ць, параўн. папро́к і папяро́к (гл.), параўн. Фідроўская, Зб. Багародзіцкаму, 145.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

на́валач, ‑ы, ж.

Разм.

1. Хмары, туман, смуга. На момант святлее, а пасля навалач насоўваецца ізноў. Пестрак. Ноч пацямнела, у змрочнай навалачы зусім знік месяц. Быкаў.

2. Груб. Той, хто прыйшоў, з’явіўся аднекуль, не тутэйшы. — Нейкая навалач з усяго свету сядзіць у Наносах, як скула, і адважваецца папракаць яго, Сцяпана Івашкевіча! Чарнышэвіч.

3. зб. Пагард. Зброд, варожыя людзі. Фронт штодзённа патрабаваў як мага больш паравозаў, баявой тэхнікі для барацьбы з фашысцкай навалаччу. Сабаленка.

4. Тое, што і напасць. «І што гэта за навалач такая,.. — не гараць дровы, хоць ты трэсні». Сіпакоў. «Што за навалач?» Боль, уеўшыся ў спіну, дзіўным водгуллем чуўся то ў баку, то ў жываце. Вышынскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак., на каго-што.

1. Кінуўшыся, напасці на каго‑н. Сабака накінуўся на чалавека. □ Паліцыя пакінула падворкі, з нагайкамі накінулася на людзей. Пестрак. Аднекуль зверху на буслоў накінуліся два буйныя драпежнікі. Самусенка.

2. Пачаць раптам папракаць, лаяць каго‑н. — Вечна ты не верыш! — накінулася на.. [Ахметку] Люся. — І не сорамна табе? Даніленка. — А вы што стаіце. .. Годзе абіваць бокі, — накінулася раптам на ўсіх разгневана Малання. Мележ.

3. Пачаць з азартам, прагнасцю што‑н. рабіць. Накінуцца на кнігі. Накінуцца на ежу. □ Андрэй з нейкай лютасцю накінуўся на работу. Шахавец. Вёска хадзіла цяпер па ягады, а на грыбы яна накінецца пазней, калі баравікі пойдуць. М. Стральцоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упіка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго, каму, з дадан. сказам і без дап.

Папракаць каго‑н., выказваць неадабрэнне, нездавальненне за што‑н. Глядзеў [Звераў] на трапяткі сонечны зайчык.. і ўпікаў сябе за тое, што схлусіў урачу. Алешка. Так, так, Паліна больш за ўсіх будзе ўпікаць.. [Ніне], што ў апошні час не пісала і нават у час канікулаў не наведалася дамоў. Сіўцоў. І хоць дзеду Мікалаю ўжо ішоў восьмы дзесятак — .. ён, і не думаў пакідаць працу і вельмі злаваўся, калі бабка Вікця ўпікала, што ён цэлымі днямі прападае на ферме. Даніленка. [Яраш:] — Я расказаў Галі пра гэтую жанчыну яшчэ да таго, як мы пажаніліся. Тады яна змаўчала і сказала, што ўсё разумее... А цяпер упікае. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прымаўля́ць, прымоўля́ць ’прыгаворваць; угаворваць; папракаць; прыгаворваць пры варажбе; прыварожваць’ (Шпіл., Нас., ТСБМ, ТС), ’ужываць прымаўкі, прыказкі’, ’галасіць’, ’наймаць’ (шчуч., віл., в.-дзв., Сл. ПЗБ). Сюды ж вытворныя: пры́маўка, прымо́ўка ’ўстойлівы выраз; прыгаворка; папрокі; лаянка; словы, якія выкарыстоўваюцца пры чараванні, варажбе’ (Шпіл., Гарб., Нас., Байк. і Некр., Касп., Растарг., Яруш., ТСБМ; глыб., ганц., Сл. ПЗБ; ТС), ’нагавор; заклінанне’ (Ян.), ’урокі’ (кіраў., ЛА, 3), прымо́ўны ’хвароба, якая лечыцца замовамі, прымаўленнем’ (Нар. Гом.), ст.-бел. примолвяти ’заклінаць’, примолвение ’замова, заклінанне’ (Сл. Скарыны). Ад мо́віць (гл.). Падобна на тое, што значэнне ’прыгаворваць пры варажбе; замаўляць’ было першасным, параўн. стараж.-рус. примълвление, примолвление ’замова, заклінанне’, примълва, примолва ’прыгавор’, рус. дыял. прима́вливать, примо́влить ’запрашаць (у госці)’, укр. примовля́ти ’прыгаворваць, прымаўляць; гаварыць, казаць, умешвацца ў размову’, при́мівка, при́мовка, примо́вля ’прыказка, прымаўка’, примо́ва ’замова’, примовля́ння ’прыгаворка; замова’, примі́вник ’чараўнік, які лечыць замовамі, шаптун’. Гл. таксама ЕСУМ, 3, 491–492.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

уссе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; пр. уссеў, ‑села; заг. уссядзь; зак.

Разм.

1. Наваліцца ўсім сваім цяжарам. Урэшце Кастусь заламаў Віцю рукі і ўссеў яму на спіну. Марціновіч.

2. Сесці куды‑н., на што‑н. у вялікай колькасці. Яны беглі падскокваючы. Зазяваешся — мурашкі адразу ўссядуць на ногі і пачнуць шчыпаць. Ваданосаў.

3. З лютасцю напасці. Вось тут на мяне і ўссела зграя раз’юшаных вясковых сабак і давай калашмаціць. Сяргейчык.

4. перан. Неўзлюбіўшы каго‑н. або раззлаваўшыся на каго‑н., папракаць, чапляцца да каго‑н. [Зорын:] — Вы будзеце ў мяне рабіць, як міленькі!.. Я вас прымушу!.. Гэта ж трэба, першакласны слесар, на кране адседжваецца... Ганьба!.. — Дарэмна вы на яго ўсселі, — спагадліва гаварыў Мюлер. — Стары чалавек... Гурскі.

•••

Уссесці па карак (шыю) каму — тое, што і сесці на карак (шыю) каму (гл. сесці).

Чорт уссеў на каго гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)