перапалі́ць, палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., што.

1. Раздзяліць што‑н. напалам, на часткі агнём, едкім рэчывам. Перапаліць вяроўку. Перапаліць дроцік.

2. Сапсаваць празмерным абпальваннем, награваннем. Перапаліць цэглу. Перапаліць каву. // Пашкодзіць перагрузкай або кароткім замыканнем (пра электрычныя прыборы). Перапаліць электрычную лямпачку.

3. Спаліць усё, многае. Перапаліць усе дровы. □ [Палашка:] — Учора, што вы думаеце, надумаўся [дзед Аўсей] аладкі пячы: колькі мукі перапсаваў, сала перапаліў... Лынькоў.

4. і чаго. Расходаваць вельмі многа або больш, чым трэба (паліва, гаручага). Не так гэта лёгка — з дня на дзень сляпіцца над чужым шытвом (о, гэты страх ускраіннай краўчыхі, што дзяўчаты-памочніцы перапаляць газы!). Мехаў.

5. Спец. Перапрацаваць што‑н. з дапамогай агню; падвергнуць тэрмічнай апрацоўцы. Перапаліць руду. Перапаліць вапняк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папалі́ць 1, палю́, ‑па́ліш, ‑па́ліць; пр. папалі́ў, ‑палі́ла; зак., каго-што.

1. Спаліць, знішчыць агнём, спёкай і пад. усё, многае. У Лядах на Нёмане стаяў партызанскі дазор, а ў зрубе.. — застава. У зрубе, а не ў хаце, таму што ад восені хат у Лядах не было: іх папалілі фашысцкія карнікі. Брыль. [Янка:] — Ты, вось, паглядзі на луг, на груды: папаліла іх сонца з вясны. А прайшлі дажджы, яны пачалі ажываць. Колас.

2. і без дап. Паліць некаторы час.

папалі́ць 2, ‑лью́, ‑лье́ш, ‑лье́; ‑льём, ‑льяце́ і ‑лію́, ‑ліе́ш, ‑ліе́; ‑ліём, ‑ліяце́; пр. папалі́ў, ‑ліла́, ‑ліло́; зак., што і чаго.

Разм. Ліць доўга, неаднаразова; выліць у вялікай колькасці. Папаліць вады на грады. □ [Карызна:] — Каб мне столькі радасці, колькі кожная слёз папаліла за свой век. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распалі́ць, палю, ‑паліш, ‑паліць; зак., каго-што.

1. Прымусіць гарэць агнём, падпаліць (дровы і пад.). Каваля ў кузні сапраўды ўжо не было. Рыгор сам распаліў вугаль. Капусцін. // Раскласці, развесці агонь дзе‑н., у чым‑н. Распаліць печ. Распаліць горан. □ Пасля вячэры распалілі касцёр, паселі кружком пад соснамі. Навуменка. Іван Сяргеевіч прыпомніў, што ў кедрачы, каля сухастояў, ляжала сухое галлё. Пайшоў туды і распаліў агонь. Мяжэвіч.

2. Моцна нагрэць агнём, жарам. — Калі чыгун распаліць, а потым у халодную ваду кінуць — трэсне. Асіпенка.

3. перан. Узмацніць якое‑н. пачуццё, жаданне і пад.; давесці да высокай ступені развіцця. Распаліць цікавасць. Распаліць спрэчкі. □ Відаць .. [немцы] распалілі апетыт іншым, бо неўзабаве прыняліся за яду амаль усе. Шамякін. // Прывесці ў стан узрушэння; запаліць якім‑н. жаданнем. Бацьку гэтыя падказкі [ратнікаў] толькі яшчэ больш, распалілі. Ён хапіўся за Лаўрэнаву стрэльбу, сарваў яе з пляча. Якімовіч.

4. перан. Развязаць, распачаць (барацьбу, вайну). Пра мірныя годы гавару і пра тых, Хто распаліць на прасторах хоча пажары вайны. Смагаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палі́ць 1, палю, паліш, паліць; незак.

1. каго-што. Знішчаць агнём, спальваць. Гарадок, што быў райцэнтрам, гарэў у сорак першым годзе, палілі яго немцы і пры адступленне. Шахавец. Мы ўсе пахлі дымам, смалою — мы сцягвалі і палілі галлё, і рукі ў мяне млява шчымелі і нылі. Адамчык. // Вымушаць гарэць, загарацца (часцей з мэтай асвятлення або ацяплення). Адзін паліў запалкі, другі растапырыў на сабе шынель, каб і не тухла і каб заўважыць агонь нельга было чужому воку. Чорны. Слухае Міколка... Бацька яшчэ раскажа і пра нафту, якую таксама паляць на паравозе... Ён раскажа і пра паравоз, і пра чыгуначныя рэйкі, і пра розныя сігналы. Лынькоў. // Разм. Запальваць cвятло. У хаце яшчэ не палілі агню. Быў вечар-шчэдрык. Была такая часіна, калі і агонь паліць яшчэ рана. Баранавых. Карызна доўга не паліў святла. Ён сядзеў цішком, стуліўшыся па канапе. Зарэцкі. // Разм. Курыць папяросы, люльку і пад. У цяньку прысеў на лаву, Паліць люльку дзед. Зарыцкі.

2. у чым, што. Распальваць і падтрымліваць агонь у печы, пліце і пад. Гаспадыні паляць у печы — гатуюць снеданне мужчынам, што збіраюцца ў лес. Мяжэвіч. Васіль памагаў машыністу, паліў топку, — качагар з яго быў вельмі ўвішны і неспакойны. Мележ. // Абаграваць, награваць памяшканне, раскладваючы агонь у печы, пліце і пад. У бібліятэцы, відаць, яшчэ не палілі, і Наташа амаль не валодала пасінелымі ад холаду рукамі. Ракітны. Пакуль мужчыны палілі лазні, дзяўчаты і жанчыны мылі ў хатах падлогу, прыбіралі ў сенцах. Асіпенка.

3. што. Разм. Апрацоўваць агнём, жарам; абпальваць. Абрам па-старому цэглу паліць, толькі ўжо на добра абсталяваным заводзе арцелі. Лынькоў.

4. каго-што і без дап. Моцна пячы, абдаваць жарам, прыпякаць (пра сонца, полымя і пад.). Полымя [топкі] паліць твар, горача. Барашка. Сонца па-ранейшаму паліць нясцерпна. Рэдка ў пачатку лета бываюць такія гарачыя дні. Навуменка. // перан. Выклікаць адчуванне апёку; апякаць. Холад роснай дарогі Паліць босыя ногі. Жычка. [Дзеці] ўпокат ляжалі на палку. І не было каму падаць ім нават вады. Смага паліла іх маленькія грудзі. Краўчанка. / у безас. ужыв. Гарэлі шчокі, у грудзях паліла нібы агнём. Хомчанка.

5. Разм. Страляць (звычайна часта або залпамі). Чорная на фоне снегу варожая лава, бязладна паляць па лесе з вінтовак і аўтаматаў, пагрозна набліжалася ўсё бліжэй да замаскіраваных партызанскіх акопаў і завалаў. Казлоў. Тах! — коратка бухае карабін. Скурай на плячах і патыліцай адчуваю, што паляць па мне. Карпюк.

6. перан.; каго-што. Хваляваць, трывожыць, мучыць. Жаль і смутак чорны Паляць мне душу. Бядуля. Мяне, як агнём, паліла страшнае пачуццё, якому назвы я не знаходжу цяпер. Чорны. Гора, цяжкае, нясцерпнае гора паліла ў той час сэрца Івана Кабушкіна. Новікаў.

палі́ць 2, ‑лью, ‑льеш, ‑лье; ‑льём, ‑льяце і ‑лію, ‑ліеш, ‑ліе; ‑ліём, ‑ліяце; пр. паліў, ‑ліла, ‑ліло; заг. палі; зак.

1. каго-што. Зрабіць мокрым каго‑, што‑н.; намачыць. Паліць вуліцу вадою. □ Надзежда Іванаўна паліла мне на рукі з конаўкі і падала новенькі ручнік, якім, напэўна, ніхто яшчэ не выціраўся. Шамякін. // Увільгатніць, арасіць глебу для лепшага росту чаго‑н. Паліць грады. Паліць кветкі. □ Пакуль [Лена] прыбрала ў клубе, у бібліятэцы, пакуль змяніла фіранкі, паліла вазоны.. — звечарэла. Ваданосаў. [Пазняк], бадай, не горш другога агранома ведаў, дзе трэба [участкі] прапалоць, дзе паліць, дзе падкарміць. Дуброўскі.

2. Пачаць ліць (у 2 знач.). Да поўначы разам з другімі.. [маці] хадзіла па бары, па кустах ля ракі, пакуль не паліў буйны дождж. Якімовіч. Ударыў пярун, дождж паліў як з вядра. Ляпёшкін.

3. што. Спец. Пакрыць палівай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)