ру́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак. і незак.

1. зак. Скрануцца з месца, пачаць рух. Здавалася, што калі не задрэмлеш хоць на адну хвіліну, дык не знойдзеш у сабе сілы рушыцца з месца. Кулакоўскі. Шырокі размашыста рушыўся насустрач гасцям, прычым жывот яго закалыхаўся, як човен на вадзе. Колас.

2. зак. Адправіцца, накіравацца куды‑н.; рушыць, скрануцца. Рушыцца ў паход. Рушыцца ў бой. □ Зыкнуў, бразнуў сталлю-чыгуном цягнік, уздрыгануў ад натугі, рушыўся, і паплылі насустрач поле, лес, хмары, слупы, звязаныя дротам. Галавач. І рушыўся скарб небагаты Ў сяло між зялёных прысад. Панчанка. // перан. Атрымаць далейшае развіццё. За гэтыя тры гады прыкметна рушылася наперад і будаўніцтва Панасюковай хаты. Навуменка.

3. незак. Разм. Тое, што і рухацца. З клуба ніхто не рушыцца, Скончыўся сход, але не сціхлі размовы. Лужанін. На глухім паўстанку Журацца агні, У жалобных сцягах Рушыцца цягнік. Глебка.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); незак. Раздзяляцца, распадацца на часткі пад уздзеяннем якой‑н. сілы; абвальвацца. З грукатам рушыліся, правальваліся абгарэлыя бэлькі. Лынькоў. З цягам часу то адна [спала], то другая падмываюцца і рушацца ў ваду. Маўр.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.); незак., перан. Знікаць, варушацца, разбурацца (пра планы, надзеі, традыцыі і пад.). Старое рушыцца, знікае, уступаючы месца новаму, маладому. Гартны. Па краіне магутным поступам ішла калектывізацыя, усюды рушыліся асновы старасветчыны. Шчарбатаў. Стары свет рушыцца, на змену яму прыходзіць новы. Шматаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

блы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Бязладна пераплятаць (пра ніткі, валасы і пад.). Колы, рытмічна пагруквалі на стыках рэек, ветрык блытаў Люсіны валасы, але дзяўчынка як быццам не заўважала гэтага. Даніленка. Я люблю гэтыя далі, дзе ласкава-прыветнае сонца разлівае свой усмех і так пяшчотна праводзіць мяцёлачкаю праменяў па твары зямлі і лёгкімі ветрыкамі калыша .. зялёнае лісце, расчэсвае і блытае косы кучаравым хвоям. Колас.

2. Не цвёрда засвоіўшы, памыляцца. Запас маіх ведаў зусім небагаты. Гісторыю мне паўтарыць бы ізноў. Прызнацца, страшэнна я блытаю даты, Імёны ўсялякіх цароў, каралёў. Зарыцкі. Цяпер стары сядзеў моўчкі, злаваў на сваю слабую памяць, якая ўсё блытае. Самуйлёнак. // Рабіць не тое, што трэба.

3. Прымаць адно за другое. Дзве шасцігадовыя сястрычкі-блізняткі, Аніта і Лючыя, падобныя адна на адну так, што часам сама маці блытала іх, дапамагалі матцы.. гаспадарыць. Маўр. [Ладымер:] — Цераз цябе [Міхалючку] мяне з Паціеўскім блытаюць. Чорны.

4. Не цвёрда разбірацца ў чым‑н., памыляцца. Доўгі час Лабановіч блытае ў філасофскіх разважаннях, спадзеючыся знайсці агульны адказ на пытанне аб сэнсе жыцця. Пшыркоў. // Гаварыць нязвязна, збіваючыся. Гаварыў [Шмульке], заікаўся, нешта блытаў. Лынькоў. [Марыля] блытала словы, адказвала не тое, што трэба. П. Ткачоў. // Збіваць з панталыку, зводзіць у зман. Пракурор не меў прычын пытаннямі блытаць.. [сведак] і збіваць з панталыку. Машара. [Сцяпан:] — Усё добра было б, каб не блыталі нас з сяўбою розныя разумнікі. Пестрак.

5. Расстройваць, разладжваць. Блытаць планы.

6. Наўмысна ўскладняць, рабіць незразумелым. Ішлі [чужакі] невядома куды, Блыталі шлях, пятлялі. Калачынскі.

7. Умешваць каго‑н. у якую‑н. непрыемную справу. [Цётка Анця:] — Вашы справы вы ўладкоўвайце, як вам хочацца, але блытаць у гэта Зосю — не-э! Карпаў.

•••

Блытаць сляды — старацца адвесці падазрэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)