панабіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. чаго. Убіць, наўбіваць куды‑н. многа чаго‑н. Панабіваць гваздоў у сцяну.

2. каго-што. Набіць, напоўніць усё, многае. Панабіваць матрацы саломай. □ А сёння зноў закруціла мяцеліца, пазасыпала праталіны снегам, панабівала яго ва ўсе шчыліны. Дуброўскі. // Разм. Сабраць куды‑н. у вялікай колькасці. Камеры ў .. [астрозе] вялікія і людзей туды панабівалі, як запалак у пачак. Сабаленка.

3. што. Разм. Натрудзіць, стаміць працай. [Сяргей Аляксандравіч:] — Няхай робяць, няхай! Яны рукі свае панабіваюць. Дубоўка.

4. што. Набіваючы, насадзіць усё, многае. Панабіваць абручы на бочку.

5. каго. Набіць, адлупцаваць усіх, многіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падбі́ць, падаб’ю, падаб’еш, падаб’е; падаб’ём, падаб’яце; заг. падбі; зак., каго-што.

1. Прыбіць што‑н. да чаго‑н. знізу. Падбіць планку да дзвярэй. // Падрамантаваць, прыбіваючы што‑н. знізу. [Антон] добра трымаў у руках сякеру, мог пашыць кажух, зваляць валёнкі, падбіць у ботах падэшву. Ракітны. — Падбіў бы хлопцу боты, а то зусім скрывіць ногі, — не раз гаварыла бацьку маці. «ЛіМ».

2. Разм. Прышыць знізу, спадыспаду ў якасці падкладкі. Падбіць паліто футрам.

3. Убіць, забіць глыбей. Падбіць цвікі.

4. і чаго. Разм. Падсунуць, падапхнуць што‑н. пад што‑н. Падбіць пад бок сена.

5. Лёгкімі ўдарамі зрабіць мякчэйшым, узбіць. Спрытна [маці] сарвала пакрывала з падушак, капу, падбіла падушкі і адгарнула коўдру. Карпаў. // Падняць уверх, узбіць (аб валасах, барадзе і пад.). Усміхнуўшыся, .. [Федзя] падбіў рукою свой чорны чуб і падняўся на ногі. Ваданосаў. Поп кашлянуў раз-другі, пальцамі падбіў уверх вусы, якія закрывалі яму рот, і, разгарнуўшы кніжку, пачаў чытаць нараспеў. Якімовіч.

6. Ударам пашкодзіць, параніць. Падбіць вока. Падбіць губу. // Ударам, штуршком паваліць, збіць з ног, прымусіць упасці. Машына падбіла чалавека. // Стрэлам, выбухам пашкодзіць, параніць. Падбіць танк. Падбіць зайца. □ Міхась з Тышкевічам не зводзілі вачэй са свайго самалёта, сачылі за ім, затаіўшы дыханне. Уцякай, хутчэй уцякай! Ну, яшчэ аднаго падбі!.. Асіпенка. // Натрудзіць ногі ад доўгай хады. [Волька] за дарогу натамілася, падбіла ногі. Мележ.

7. Разм. Падгаварыць, схіліць на што‑н. Камбінацыя трох прыяцеляў заключалася ў тым, каб падбіць Саўку за пэўную ўзнагароду звязацца з тулягамі, паўстаўшымі супроць багацеяў, і даваць аб іх інфармацыю. Колас.

8. Падсумаваць, падвесці вынікі. Падбіць баланс. □ Падбілі калонкі, праверылі наперакрыж — зарплата сышлася адразу як мае быць. Скрыган.

•••

Падбіць бабкі (канцы) — закончыць, завяршыць якую‑н. работу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́та, ‑ы, ДМ хаце, ж.

1. Жылая сялянская пабудова, зрубленая з бярвення. Дзе была адна пустыня — Елкі ды бярозкі. — Поле будзе, пушча згіне, Стануць хаты, вёскі. Купала. Прасторная хата-пяцісценка, хляўчук, пуня. Верхавінне гонкіх сосен гойдаецца над гонтавым дахам. Хадкевіч.

2. Унутраная частка такой жыллёвай пабудовы; жылое памяшканне. На гэты дзень і сама хата Была прыбрана зухавата: Памыты лавы, стол, падлога. Колас. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. У печы патрэсквалі і стралялі на хату чырвонымі вугельчыкамі дровы. Адамчык. // Падлога (з дошак або глінабітная). А месяцы праз два так хата зарасла, Што і зайсці ў яе агідна стала. Корбан. Не хітруе і лісіца, Ёй таксама не ляжыцца: Як мятлой, хвастом пушыстым Падмятае хату чыста. Муравейка. Дзе багата гаспадыняў, там хата не мецена. Прыказка. // Птушынае гняздо. Ластаўка ўецца віхураю — Над хатаю новай клапоча. Чарот. Натрудзіць дзяцел сваю дзюбу, збудуе сабе хату, і не паспеў яшчэ ў ёй асталявацца, як, глядзіш, ужо і кватарант з’явіўся: рыжая белка ці сама.. драпежніца-сава. Якімовіч.

3. Асобны сялянскі двор, гаспадарка; асобная сям’я. Вёска на пяцьдзесят хат. □ Тады, у тую восень, і нарабілі зямлянкі пад Курачовымі Цянямі. Збіраліся хатамі — і рабілі. Пташнікаў.

4. У назвах некаторых сельскіх устаноў. Хата-чытальня. Хата-лабараторыя.

•••

Адбіцца ад хаты — не быць дома, не глядзець гаспадаркі.

Выносіць смецце з хаты гл. выносіць.

Мая хата з краю — мяне гэта не датычыцца; гэта не мая справа.

На ўсю хату — а) вельмі моцна плакаць, гаварыць, крычаць. [Агапа] моцна заплакала на ўсю хату. Мурашка; б) займаць многа месца.

Чужую хату пільнаваць гл. пільнаваць.

Чым хата багата — форма ветлівага запрашэння.

Як у сваёй хаце — тое, што і як дома (гл. дома).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)