служы́цель, ‑я, м.

1. Тое, што і слуга (у 1 знач.). У час канцэрта між радоў ходзяць служыцелі з падносамі і частуюць гледачоў чаем з мятай. В. Вольскі.

2. Ніжэйшы служачы ў некаторых установах. Служыцель музея. □ А перад смерцю ёй [Данусі] ўдалося напісаць пісьмо, і адзін паляк — служыцель турмы — яго вынес на волю. Карпюк.

3. Чалавек, які служыць чаму‑н., працуе і прыносіць карысць сваёй працай у якой‑н. галіне (навукі, мастацтва і пад.). Служыцель навукі. Служыцель мастацтва. // Пра духоўных асоб. Служыцель культу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

супрацо́ўнік, ‑а, м.

1. Той, хто працуе разам з кім‑н., дапамагае каму‑н. у выкананні чаго‑н. Працаваць аднаму, без супрацоўнікаў. □ Добра было ў гэтай «Ітацы»: здавалася, што ўсе мы [акцёры] не толькі супрацоўнікі па рабоце, а і блізкая радня сям’і Буйніцкіх. «Полымя».

2. Той, хто працуе ў якой‑н. установе; служачы. Супрацоўнікі музея .. ветліва сустрэлі нас і ахвотна вадзілі па музеі. Пестрак. [Хірурга і хворага] праводзілі ўсе супрацоўнікі шпітал[я] і мясцовыя сяляне. Гурскі. // Асоба, якая прымае ўдзел як аўтар у рабоце перыядычнага або шматтомнага выдання. Супрацоўнік часопіса.

•••

Навуковы супрацоўнік — пасада супрацоўніка навукова-даследчай установы; асоба, якая займае гэтую пасаду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабо́тнік, ‑а, м.

1. Чалавек, заняты работай; працаўнік. І на жніве, і на малацьбе паказаў [старшыня] аднавяскоўцам тое ўмельства хлебароба, якое жыве, не памірае ў сэрцы добрага работніка праз доўгія гады. Бялевіч. Дзед Баўтрук работнік сумленны. Гарачкі ў рабоце не пароў, а рабіў паважна, але гладка і акуратна. Колас. // Той, хто можа выконваць работу, працаваць. «Які з цябе работнік, — гаварылі гаспадары. — Вецер свісне, дык упадзеш». Бядуля.

2. чаго або які. Той, хто пастаянна працуе дзе‑н., прафесійна займаецца якой‑н. дзейнасцю. Партыйны работнік. Работнікі сельскай гаспадаркі. Работнікі друку. □ Работнікі музея любоўна захоўваюць усё, што звязана з жыццём Леніна. «Звязда». Работнік літаратуры і мастацтва нямала і нядрэнна расказалі аб подзвігах і героях фронту і тылу. Брыль.

3. Той, хто абслугоўвае каго‑н. сваёй працай. Наняць работніка. □ [Бародзіч:] — Мы не проста чужыя, панятыя работнікі, мы робім .. самі на сябе. Чорны. Забегаліся вятры — служакі-гаротнікі: Ніхто не ідзе да зімы ў работнікі. Тармола. // Наёмны сельскагаспадарчы рабочы; парабак. — На лішняга работніка грошай у мяне няма, а падсвінкі аж зямлю грызуць ад голаду... Бажко.

•••

Наменклатурны работнік — работнік, які значыцца ў спісе кіруючых асоб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)