ва́дзіць, ‑дзіць; безас. незак. (часцей з адмоўем).

Разм. Шкодзіць, перашкаджаць. [Паўлюк Трус] трохі своеасабліва вымаўляў «р», але гэта не толькі не вадзіла, а рабіла чытанне яшчэ прыемнейшым. Лужанін.

•••

Не вадзіць — так і трэба; не шкодзіць.

вадзі́ць, ваджу́, во́дзіш, во́дзіць; незак.

1. каго. Накіроўваць хаду каго‑н., памагаць ісці. Вадзіць дзіця за руку. Вадзіць хворага. □ Мы вадзілі коней у лес, у такое месца, куды не вельмі хто трапляў. Кулакоўскі. // Хадзіць з кім‑н., паказваючы яму што‑н. [Дзядок:] — Учора зяць з дачкой вадзілі мяне ў тэатр. Корбан. // каго-што. Хадзіць на чале каго‑, чаго‑н., кіраваць; узначальваць. Вадзіць полк у атаку. // Разм. Прыводзіць з сабою каго‑н. Вадзіць сяброў да сябе ў хату. // Даглядаць, ахоўваць (пра птушак, звяроў). Вадзіць куранят. // Прымушаць хадзіць з сабою. Тады цыганы ў горадзе Смаргоні абучалі мядзведзяў розным фокусам, пасля чаго вадзілі іх па гарадах. Бядуля.

2. што. Кіраваць рухам самаходнай машыны. Вадзіць камбайн. Вадзіць цягнікі.

3. чым па чым. Рухаць чым‑н. па паверхні чаго‑н. Вадзіць алоўкам па карце. □ Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Колас. Сеецца, дрыжыць мрок. Здаецца, чуваць, як нехта ўгары водзіць далонню па шурпатым палатне. Пташнікаў. // чым. Рухаць, перамяшчаючы з аднаго боку ў другі. Лаўніцкі, гартаючы кнігу, хутка вадзіў вачыма па старонках, час ад часу спыняўся і нешта запісваў у блакнот. Шахавец. Не хапаючыся, не высільваючыся, ашчадна трацячы сілы, мерным, спрактыкаваным рухам вадзіў.. [Васіль] касою. Мележ.

4. што, з кім. Падтрымліваць (знаёмства, дружбу і пад.). Вадзіць блізкае знаёмства. □ Да яго [земляка] зайшоў на службу, У ягоны кабінет: Як-ніяк — вадзілі дружбу Многа зім і многа лет. Бялевіч.

5. пераважна безас. каго-што. Хістаць у бакі, заносіць пры хадзьбе, яздзе. Машыну пачало вадзіць на мокрай дарозе. □ Ішоў.. [малады чалавек] так павольна і так яго вадзіла ў бакі, што льга было думаць, што ён некалькі тыдняў нічога ў рот не браў. Чорны.

6. Кіраваць гульнямі, танцамі. Вечарынкі-карагоды Пад баян вадзіла ты. А. Александровіч.

•••

Вадзіць дзяды — драмаць, седзячы спаць.

Вадзіць за нос — абяцаць і не выконваць, уводзіць у зман.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уле́зці, улезу, улезеш, улезе; пр. улез, ‑ла; заг. улезь; зак.

1. Пранікнуць, праціснуцца, забрацца ўнутр чаго‑н. Улезці ў склеп. Улезці ў кабіну. □ Лапко ўлез у печ і ўзяўся за работу. Памагала яму Анэтка, спрытная, гнуткая дзяўчына. Падавала гліну. Колас. Толькі падумаю ехаць — А як у аўтобус улезеш? На яго ж у суботу Людзей, нібы сосен у лесе. Карызна. Цяпер ужо льга было чалавеку ўлезці ў млын, вылезці назад і паставіць дошкі на месца. Чорны. // Разм. Увайсці, забрацца куды‑н. Не зважаючы на стрэлы і голле, якое драпала яго па твары, .. [Сотнікаў] бег, пакуль не трапілася імшарына, потым улез у нейкую твань і ўжо не мог з яе выбрацца. Быкаў. Цяжка дыхаючы, у штаб улез двухметровай вышыні шыракагруды чалавек з забінтаванай галавою. Шчарбатаў. [Дзядзька:] — Бабка твая .. улезла ў .. [куст маліны] і давай збіраць ягады ў вядзерца. Ляўданскі. [Ігнат:] — Пільнуй, каб коні, барані бог, у балота не ўлезлі. Мележ. // Разм. Пасяліцца, усяліцца куды‑н. Перабраліся ў зямлянку і жылі ў ёй, пакуль не ўлезлі ў новую хату. Лужанін. [Ганка Мікалаеўна:] — Каб сама не бачыла, не паверыла б, — і, памаўчаўшы, дадала: — Вось улезем у новую хату, першым госцем будзеце. Грахоўскі. // перан. Разм. Старанна ўнікнуць у якую‑н. справу. Эскіз дапамог мне яшчэ глыбей улезці ў вобраз. Сяргейчык. // Разм. Надзець што‑н. Насця .. ўлезла ў андарак і, тэпаючы босымі нагамі па падлозе, пайшла ў сенцы адчыняць. Навуменка.

2. Залезці ў шкоду. — Глядзі ж, каб яшчэ які конь не ўлез, — строга паказала Насця. Мележ. [Лапінка:] — Настуля Кукобіна .. моліцца, а сама ўсё цікуе за рэчку, каб гусі ў шкоду не ўлезлі. Брыль. Трэба было глядзець, каб у грады не ўлезла суседскае парася, сачыць за цялём, якое пасвілася на дзедавым прыгуменні і магло ўбіцца ў шкоду. С. Александровіч. // Пранікнуць куды‑н. тайком. У воласць гэтымі днямі прыдзе дывізія, якая, разумеецца, будзе стаяць па вёсках. Дрэнна толькі тое, што салдат любіць часамі і ў пограб зазірнуць і ў кубелец з салам улезці. Колас. // Захапіўшы чужое, залезці куды‑н. — От які сусед мне папаўся, Андрэй, — гаварыў па дарозе Сымон. — Свінушнік пабудаваў, дык па паўаршына ў маю сядзібу ўлез. Чарнышэвіч. // перан. Пранікнуць куды‑н. хітрасцю, лоўкасцю. [Клеманс] думаў, што старшыня паможа яму ўлезці ў сельсавет. Чорны.

3. Умясціцца, размясціцца ўнутры чаго‑н. Нага не ўлезла ў бот. Кнігі ўлезлі ў чамадан. □ Цётка Насця рэжа бульбу на кавалкі, каб больш улезла ў чыгун, і расказвае. Палтаран. [Юрка:] — Цягні яшчэ бутэльку — колькі ў яе ўлезе той вады, і яна сагрэецца адразу, — да лесу яшчэ не данясеш... Пташнікаў.

4. Уваткнуцца, увайсці ў глыб чаго‑н. Улезла стрэмка ў нагу. □ Тое, што першае трапіла на язык, спадабалася Алесю.. Але далей зубы ўлезлі ў нешта вязкае, — груша і не груша. Караткевіч. / у перан. ужыв. У вушы чамусьці ўлезла і гучыць — ні на хвіліну не змаўкае — дзіцячая песенька. Сачанка. // Асесці, апусціцца, увайсці ў што‑н. Старая хата неяк яшчэ больш улезла ў зямлю, нахінулася набок побач з новым зрубам. Хадановіч.

5. Разм. Умяшацца ў якую‑н. справу. У размову ўлезла цётка Таццяна. Яна спыніла Данілу, мабыць, на самым цікавым месцы. Асіпенка. Стары падла, як кажа жонка, а ўлез у кашу, звязаўся з гэтымі зладзеямі! Дамашэвіч.

•••

Колькі ўлезе — уволю, колькі хочаш. [Мужчынскі голас:] — Знайшоў дзе месца чытаць. Бяры дахаты ды там і чытай, колькі ўлезе. Пальчэўскі.

Улезці ў даўгі (у доўг) — тое, што і залезці ў даўгі (у доўг) (гл. залезці).

Улезці ў душу — тое, што і залезці ў душу (гл. залезці).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)