філасо́фстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.

1. Разважаць на філасофскія тэмы. [Прафесар:] — Ведаеце, Міхаіл Палікарпавіч, мне хочацца сёння філасофстваваць аб мудрай складанасць быцця і ягоных законах. Галавач.

2. Разм. Разважаць на абстрактныя тэмы, мудраваць. — Усё вясною ажывае, — філасофстваваў дзед Мікалай. — Скажам, той жа галавасцік. Вывеўся ён з ікрынкі, глядзіш, праз колькі дзён у яго лапкі з’явяцца, а пасля і жабай зробіцца... Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

*Ла́патка, ла́по̂тка ’паглыбленне на галёнцы задняй лапкі пчалы, акружанае цвёрдымі і кароткімі шчацінкамі, якое служыць для пераноскі пылку’ (Анох.). Магчыма, сюды ж рус. лапотки ’пупышкі на лапах мядзведзя’, зах.-укр. лапоть ’абрэзак, шматок, лапік’, славен. lapet ’кавалак зямлі’, серб.-харв. ла̀пат ’тс’, ’кавалак, абрэзак, акравак, лапік’, ц.-слав. лапътъ ’кавалак’. Прасл. lapъtъ роднаснае з літ. lõpas ’акравак’, лат. lãps ’лапік’, алб. lapë ’тс’, ст.-грэч. λώπη ’адзенне’. Гл. лапаць. Суф. ‑ъtь, як у слове (паз)ногаць. У палес. ла́по̂тка па аналогіі да лапка, ножка, абношка даданы яшчэ суф. ‑к‑а.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

падпаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; зак.

1. Паўзком наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Жанчына падпаўзла да сцяны і, сабраўшы апошнія сілы, устала. Кулакоўскі. Да варожага дота Два байцы падпаўзлі. Смагаровіч. // перан. Разм. Вельмі павольна наблізіцца, падысці (пра машыну, поезд і пад.). Уначы .. доўгі эшалон цяплушачных цялятнікаў падпоўз да дзівоснага і нязграбнага зборышча чорных рыштункаў. Чорны.

2. Паўзком забрацца пад што‑н. Непадалёк убачыў [Міша] густую елку, падпоўз пад яе лапкі. Жычка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кальцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак., каго-што.

1. Надзяваць мечаныя кольцы на лапкі птушак або хвасты рыб для даследавання напрамку і скорасці іх перамяшчэння, працягласці жыцця і інш. Кальцаваць пералётных птушак.

2. Рабіць кругавы зрэз кары або надзяваць на ствол дрэва драцяныя кольцы з мэтай запаволіць рост і павялічыць плоданашэнне, надаць пэўную форму кроне і інш.

3. Абмазваць укругавую ствол дрэва смалой для аховы яго ад шкодных насякомых, чарвей і інш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уго́ру, прысл.

Увышыню, уверх; увысь; проціл. уніз. Спрадвечныя дубы лёгка ўзнімаюць угору на сваіх гранітных ствалах цяжкія кроны. Паслядовіч. Сухое вецце хвоі патрэсквала ў полымі і сыпала ўгору снапы іскраў. Лынькоў. Хлопцы стралялі ўсё, больш угору, бо і наперадзе, і з бакоў — усюды свае. Ваданосаў. // У напрамку да верху, на больш высокае месца; вышэй. Вуліца падымалася ўгору. Мележ. Усе ўтраіх падняліся ўгору і прайшлі да Петрусёвага пакоя. Гартны. // Уверх, дыбам. Звер глуха рычыць,.. ягоная кароткая пярэстая шэрсць узнімаецца ўгору і ападае. Самуйлёнак.

•••

Ісці ўгору гл. ісці.

Лапкі ўгору гл. лапка.

Рукі ўгору! гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. Спыняць існаванне, разбураючыся, знішчаючыся; знікаць, прападаць. Высока ляцелі іскры, гінула чалавечая праца цэлых пакаленняў, нішчыліся нацыянальныя багацці, скарбніцы культуры. Гурскі. Клубочкі дыму, працэджваючыся праз яловыя лапкі, выбіваюцца на прастор і гінуць у зімнім паветры. Колас. // Паміраць. Гінуць ад кулі. □ Без каманды войска гіне. З нар. / Пра жывёлу, расліны. На галіне Пры даліне Ліст на дрэве марна гіне: Ліст зялёны, ды ўмірае. Колас. Не узыходзіць, А чэзне і гіне насенне, Калі кідае сейбіт яго На каменне. Макаль.

2. перан. Знікаць, рушыцца (пра планы, надзеі і пад.). Надзеі гінуць. □ Гінулі і туманіліся думкі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хваёвы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да хвоі, з’яўляецца хвояй. Хваёвая шышка. Хваёвыя лапкі. Хваёвая смала. □ На дол хваёвыя ігліцы Раняе бор. Пустэча скрозь. Прыходзька. Кастусь нагледзеў.. добрую хваёвую сухастоіну. Чорны. Пазняк, кінуўшы: «Ну, добра», павярнуў лыжы назад і згубіўся між тоўстых хваёвых камлёў. Дуброўскі. // Які складаецца з хвой. Хваёвы лес. Хваёвы бор. □ Трохі не дайшлі [Міколка з дзедам] да самай палянкі, як спыніліся, схаваўшыся ў хваёвым гушчарніку. Лынькоў. // Уласцівы хвоі. Хваёвы пах. // Зроблены з хвоі. Хваёвы крыж. □ Пастух вучыў.. [хлопчыка] граць на хваёвай жалейцы. Краўчанка. // Атрыманы, здабыты з хвоі. Хваёвы экстракт. // Прыгатаваны з экстрактам хвоі. Хваёвыя вапны.

2. у знач. наз. хваёвыя, ‑ых. Сямейства голанасенных дрэў і кустоў, пераважна вечназялёных.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

затрашча́ць и затрашчэ́ць сов., в разн. знач. затреща́ть;

~шча́лі до́шкі памо́ста — затреща́ли до́ски помо́ста;

пінжа́к ~шча́ў па швах — пиджа́к затреща́л по швам;

~шча́лі на агні́ яло́выя ла́пкі — затреща́ли на огне́ ело́вые ла́пки;

~шча́лі ко́нікі ў траве́ — затреща́ли кузне́чики в траве́;

~шча́лі аўтама́ты — затреща́ли автома́ты;

ну, чаго́ ~шча́ў? — ну, чего́ затреща́л?

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

усміха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Выражаць усмешкай радасць, задаволенасць, іронію, пагарду і пад. Маці дабрадушна ўсміхаецца і ледзь наспявае адказваць.. [жанчыне]. Васілевіч. Галя ўсміхалася жыццярадасна і шчыра, яна расчырванелася, нібы маладуха. Марціновіч. Заўсёды ён усміхаўся, і яго вочы іскрыліся такой радасцю, што Новікаў таксама не мог стрымацца, і ён смяяўся разам з Ільічом. Мяжэвіч. // Усмешкай выражаць свае адносіны да каго‑, чаго‑н., адказваць на што‑н. [Зося] ўсміхалася Галене і з замілаваннем глядзела, як тая вітаецца з бацькам яе. Чорны. / у перан. ужыв. Я адзін пайшоў дарогай І, не гледзячы на месяц, Што халодна ўсміхаўся, Пра яе [дзяўчыну] з тугой нязвыклай Думаў так і думаў гэтак... Панчанка. Зводдаль светла ўсміхаецца хата, І, расхрыстаны, юны, без шапкі, У прадчуванні вялікага свята Я прыношу яловыя лапкі. Гаўрусёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хваста́ць, хвашчу, хвошчаш, хвошча; незак.

1. каго-што і па чым. Біць чым‑н. гнуткім; сцёбаць. [Адаму] здавалася, што конь ледзь рухаецца, і ён раз-поразу хвастаў яго пугай. Чарнышэвіч. Са жмутамі аеру [хлопцы і дзяўчаты] заняліся адно за адным, хвасталі па нагах, шчасліва смяяліся. Карпаў. // Разм. Біць, наносячы звонкія ўдары па твары, целе. Палкоўнік крычаў, як вар’ят, сарваў з шыі капітана крыж, а ў клубнага афіцэра — пагоны. І пачаў хвастаць таго, з клуба, па твары. Місько. // Наносіць удары каму‑н. у час руху. І вось той ельнік... Густыя лапкі хвошчуць па твары, па спіне, колюць рукі. Паўлаў. Голле хвастала па кабіне, пакідаючы на шкле зялёныя плямкі. Радкевіч.

2. каго-што і па чым. Сячы, біць (пра вецер, дождж, снег і пад.). [Лабановіч] павярнуў назад, насустрач ветру, які забіваў дыханне, хвастаў снегам па твары, як венікам. Колас. Дробныя калючыя сняжынкі, гнаныя з поля ветрам, хвасталі, балюча секлі твар [Агаты]. Сабаленка. // і без дап. Ліцца з сілаю. Хвастаў праліўны дождж, і халодныя струменьчыкі прасочваліся на спіну. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)