зара́, ‑ы; мн. зо́ры, зор і зо́раў; ж.
1. Яркая афарбоўка гарызонта пры захадзе і ўсходзе сонца. Вячэрняя зара дагарала на захадзе, і водбліскі яе адлюстроўваліся на воднай роўнядзі далёкіх сажалак. Чарнышэвіч. Шуст спяшаўся, бо на ўсходзе ўжо разлівала ружовасць ранішняя зара. Шчарбатаў. // Час перад усходам або захадам сонца, калі гарызонт набывае такую афарбоўку. Ён выедзе досвіткам сінім Араць свой загон на зары. Панчанка.
2. перан.; чаго. Пачатак, зараджэнне чаго‑н. (новага, радаснага і пад.). На зары цывілізацыі. □ Я цяпер без багацця багаты на зары квітнеючых дзён. Дудар.
3. звычайна мн. (зо́ры, зор і зо́раў). Зорка. Першыя зоры ўжо замігацелі то там, то сям у бяздонным небе. Колас.
•••
Ад зары (і) да зары; з зары да зары — а) увесь дзень, з раніцы да вечара. — Няма часу, каторы дзень ад зары да зары за касой на сенакосе. Машара; б) усю ноч, з вечара да раніцы. У кожнага салаўя, Ад зары да зары, Песня непаўторная. Танк.
Ні свет ні зара гл. свет.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыглушы́цца, ‑глушыцца; зак.
1. Стаць менш чутным, гучным. Каля залітага вадой мастка пачалі нечым драўляным стукаць, і раптам вадзяны шум прыглушыўся і ўпаў на ніжэйшыя тоны. Чорны.
2. перан. Аслабець, зменшыцца (пра адчуванне, пачуццё). Недзе прыглушыўся боль, калі яго вочы глянулі на зоры. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
партыза́н, ‑а, м.
Удзельнік узброенай барацьбы, якая вядзецца атрадамі народных мас на акупіраванай тэрыторыі. Усе віталі Міколку, слаўнага машыніста браняпоезда, слаўнага партызана, смелага сына бальшавіка. Лынькоў. Як ішлі ў лясы партызаны На заклятага ворага-пана, — Расступаліся долы і горы, Шляхі значылі сонца і зоры. Купала.
[Фр. partisan.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бязгу́чны, ‑ая, ‑ае.
Які не суправаджаецца гукам, бясшумны. Пад раніцу з захаду паднялася цёмная хмара. Цяжкая, шырокая, яна павольна ўздымалася ў неба, гасячы зоры. Аб ёй дагадаліся па водблісках далёкіх бязгучных маланак. Галавач. На маладой асінцы лісце дрыжала, але дрыжанне гэтае зусім было бязгучнае. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нязга́сны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, што гарыць увесь час, які ніколі не гасне. Вялікія зоры высыпалі ў неб[е], як бы на які ўрачысты парад, і мігцяць, гараць нязгасным жывым святлом. Лупсякоў.
2. перан. Які не страчвае з часам сваёй сілы; неаслабны. Па-над зямлёй успыхнулі сцягі, Авеяныя славаю нязгаснай. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няспы́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, што адбываецца бесперастанку, без перарыву; які не спыняецца. Няспынныя грымоты разлягаліся над горадам... Якімовіч. Люблю раку за рух няспынны, А зоры — за іх вечны бляск. Прануза.
2. Які рухаецца суцэльнай паласой. Няспыннаю ракою цёк па-святочнаму ўбраны натоўп. Паслядовіч. Калона ўсё лілася, Няспынны быў паток. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
небасхі́л, ‑у, м.
Частка неба над лініяй гарызонта; небакрай. З парадзелай цемры выступалі няясныя абрысы лясоў, раскінутых на далёкім небасхіле. Колас. Бляднелі зоры, і на празрыста-сінім небасхіле збіраліся кашлатыя воблакі. Чарнышэвіч. // Гарызонт. Адзін за адным, адзін за адным выплываюць з-за небасхілу караблі, усё роўна як з дна марскога. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прамяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Свяціцца праменямі. Ясна зоры твае [Масква] прамянеюць, Поўна дум пра цябе галава. Броўка. // перан. Блішчаць, ззяць (пра вочы). Па .. [Люсіным] твары палалі падобныя на вяснянкі крапінкі, вочы прамянелі ціхім сарамлівым шчасцем. Карпюк. // перан. Выяўляць сваім знешнім выглядам задавальненне, радасць, шчасце (пра чалавека). [Пецька] увесь прамянеў ад радасці, што сядзіць.. разам з усімі. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расі́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Пакрыты вялікай расой. Расістая трава. □ След бліскучы, слуп агністы, Лёг ад месяца ў вадзе. Дол вільготны і расісты... Колас. Па расістай сцяжынцы Мікітка спяшаецца да возера. П. Ткачоў.
2. Які суправаджаецца вялікімі росамі. А вясна зелянее лугамі У расістае ранне, І смяюцца русалак вачамі Зоры ночкаю ў шэрым тумане. Тарас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́лер, ‑у, м.
1. Светлавы тон чаго‑н.; афарбоўка. Чырвоны колер. Светлы колер. □ У хмызняку віднеліся распятыя палаткі, зялёна-рабыя, пад колер лісця. М. Ткачоў. А квяцістыя зоры, бы дыяменты, усыпаюць усё неба, дрыжаць, пераліваюцца колерамі вясёлкі. Колас.
2. У жывапісе — адценне фарбы, густата, ступень яркасці яе.
3. Спец. Падрыхтаваны для афарбоўкі чаго‑н. састаў фарбы.
[Ад лац. color.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)