шпо́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Спец.

1. Дэталь у якім‑н. механізме, машыне і пад., якая засцерагае ад узаемнага перамяшчэння злучаных ёю частак.

2. У рыбнай прамысловасці — драўляны пруток або палачка, якая засоўваецца ў рыбу праз рот удоўж цела.

[Польск. szponka ад ням. Span.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

батарэ́я, -і, мн. -і, -рэ́й, ж.

1. Артылерыйскае тактычнае падраздзяленне, якое складаецца з некалькіх гармат, а таксама пазіцыя, якую займае такое падраздзяленне.

Мінамётная б.

2. Аб’яднанне некалькіх аднатыпных прылад, прыстасаванняў у адзіную сістэму для эфектыўнага дзеяння.

Б. акумулятараў.

3. Сукупнасць злучаных паміж сабой крыніц току, энергіі.

Сонечная б.

|| памянш. батарэ́йка, -і, ДМэ́йцы, мн. -і, -рэ́ек, ж. (да 3 знач.).

|| прым. батарэ́йны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

зруб, ‑а, м.

Сцены драўлянага збудавання, складзеныя з бярвення або брускоў, злучаных у чатырохвугольныя вянкі. Калодзежны зруб. □ З вуліцы я завярнуў на агарод к новаму зрубу ў чатыры вянкі. Каваль. Адзін зруб быў ужо выведзены аж пад кроквы, відаць, чалавек спяшаўся, каб да зімы ўсяліцца ў новую хату. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фрэ́нзлі, ‑яў; адз. фрэнзаль, ‑зля, м.

Рад нітак ці шнуркоў, злучаных па некалькі разам, якія звісаюць па краях фіранак, хустак і пад. як аздоба. Убачыла Зося праз акно Аўдолю, пакінула на плечы вялікую хустку з фрэнзлямі, выбегла. Крапіва. На другім ложку пад такой жа атласнай коўдрай з фрэнзлямі спіць жонка. Бядуля.

[Польск. frędzla ад ням. Fränsel.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кро́ква, ‑ы, ж.

Два брусы, верхнімі канцамі злучэння пад вуглом, а ніжнімі прымацаваныя да бэлек або да верхняга вянца падоўжных сцен. // толькі мн. (кро́квы, ‑аў) Аснова для страхі, утвораная з раду злучаных такім чынам брусоў. [Зруб] пакрыўся сеткай крокваў і лат. Брыль. Калгасныя цесляры паспелі паставіць толькі зруб і кроквы ды пакласці столь над адным пакоем. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шпунт, -а, М -нце, мн. -ы́, -о́ў, м. (спец.).

1. Падоўжны выступ ці паз для злучэння дошак, брусоў і пад., а таксама злучэнне такога віду, пры якім выступ адной са злучаных частак уваходзіць у паз другой часткі.

2. Дошка, брус, бэлька і пад., на адным канце якой зроблены падоўжны выступ, а на другім — паз.

3. Корак, якім затыкаюць бочку.

Ад усіх бочак шпунт або пад усе бочкі шпунт — пра чалавека, якога калі трэба і калі не трэба пасылаюць выконваць розныя даручэнні, просьбы.

|| прым. шпунтавы́, -а́я, -о́е (да 1 і 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гадзі́ннік, ‑а, м.

Прылада, пры дапамозе якой вызначаецца час у межах сутак. Насценны гадзіннік. Выраб гадзіннікаў.

•••

Вадзяны гадзіннік — гадзіннік у выглядзе мернага сасуда, з якога за нейкі час выцякае пэўны аб’ём вады.

Пясочны гадзіннік — гадзіннік у выглядзе дзвюх мерных шклянак, злучаных тонкай гарлавінай, праз якую перасыпаецца пясок на працягу пэўнага часу (скарыстоўваецца ў медыцыне пры вызначэнні невялікіх адзінак часу).

Сонечны гадзіннік — гадзіннік, які складаецца з цыферблата і вертыкальнага стрыжня, што кідае на цыферблат цень, паказваючы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гармо́нік, ‑а, м.

1. Духавы музычны інструмент, які складаецца з дзвюх дэк, злучаных расцяжнымі рухомымі мяхамі, і клавіятуры. Гармонік усхліпнуў і зноў зайграў — вясёлую прыпевачную мелодыю. Асіпенка.

2. у знач. прысл. гармо́нікам, у гармо́нік. Густымі паралельнымі складкамі (пра паперу, скуру і пад.). Халявы гармонікам. □ Сціснуў [Ігналя] кулакі, насупіў бровы, зморшчыў лоб у гармонік і мармытаў сабе пад нос: — Ліха на мяне! Ліха на мяне! Бядуля.

•••

Губны гармонік — музычны інструмент у выглядзе прадаўгаватай скрыначкі з металічнымі язычкамі і адтулінамі для ўдзімання паветра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Накта́йза ’гальштук’ (воран., Сцяшк.), мікта́йза ’тс’ (гродз., Сцяшк. Сл.), міхта́йка, мыхта́йка ’тс’ (драгіч., Бел.-польск. ізал., З нар. сл.), накта́йза, ната́йза ’тс’ (беласт., Бел.-польск. ізал.), польск. naktajza ’тс’. З англ. necktie ’тс’, якое трапіла ў заходнія раёны Беларусі і ў паўночна-ўсходнюю Полынчу ў пач. XX ст. праз эмігрантаў са Злучаных Штатаў Амерыкі (гл. Стэфэн, JP, 52, 1972, 51–53; Слушкевіч, JP, 1972, 377–378; Глінка, Бел.-польск. ізал., 30). Змяненні ў фанетычным вобліку слова, паводле Лучыца-Федарца, тлумачыцца народнаэтымалагічным збліжэннем з міхтіты (мігтіты) ’мігцець, стракацець’ (БЛ, 9, 1976, 71). Замацаванне слова ў раёне, суседнім з Літвой, тлумачыцца, відаць, блізкасцю да літ. niektauza *пра таго, хто гаворыць глупствы’, што, магчыма, выклікала іранічныя асацыяцыі і садзейнічала экспрэсіўнай маркіроўцы слова, а таксама пераафармленню яго канца; літоўскае слова этымалагізуецца на мясцовай глебе з niekai ’глупства’ і tauzyti, taūzija ’балбатаць, прастарэкаваць’, гл. Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 12.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

фе́рма 1, ‑ы, ж.

1. Гаспадарчае прадпрыемства ў калгасе (саўгасе), якое займаецца той ці іншай галіной жывёлагадоўлі. Малочная ферма. Жывёлагадоўчая ферма. □ Маці Міхасёва, Ганна Навумаўна, працавала на ферме даяркай. Якімовіч. Жывёла наша будзе зімаваць на самай лепшай у раёне ферме. Гілевіч.

2. У капіталістычных краінах — прыватнае сельскагаспадарчае прадпрыемства, заснаванае на ўласнай або арандаванай зямлі. Хутка туман пачаў рассейвацца, і тады насустрач машынам выплывалі будынкі, фермы бюргераў. Шамякін.

[Фр. ferme.]

фе́рма 2, ‑ы, ж.

Спец. Збудаванне, канструкцыя са злучаных між сабой металічных ці драўляных брусоў. Былі мініраваны абедзве фермы маста і асноўны сярэдні бык. Краўчанка.

[Фр. ferme.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)