патае́мны, ‑ая, ‑ае.
Скрыты ад іншых, схаваны. Атрад пераходзіў на новае месца, а ў старым лагеры пакідаў або вопытных праваднікоў, або ў патаемным месцы запіску, у якой паведамлялася, дзе цяпер атрад. Няхай. У лесе Коля ўзлезе на любое дрэва, ён умее падрабіць голас кожнай птушкі, умее знайсці самае патаемнае гняздзечка. Васілевіч. // Тайны, сакрэтны. У малой зале замкавы суд збіраўся толькі на асабліва патаемныя працэсы. Караткевіч. Піліпка гаварыў ціха, стрымліваючы хваляванне. Яму даручаюць нейкую патаемную справу. П. Ткачоў. Ужо ідзе патаемная размова паміж дзецьмі — каб употай ад маці гадаваць .. [кацянят]. Карпюк. // Які тоіцца глыбока ў душы, запаветны, дарагі. Аднак калі дружба наша стала такой, што можна было даверыць адзін аднаму самыя патаемныя думкі, я адкрыў сваю мару. Шамякін. Ігнась зноў, як і летась, выказаў мацеры сваю патаемную думку: ён пойдзе ў школу. Мурашка. // Загадкавы, таямнічы. Нешта трывожнае і патаемнае рабілася ў вёсцы. Мужыкі збіраліся ў кучкі, спрачаліся між сабой і талкавалі. Як толькі з’яўляўся старшыня ў гэтую кучку, яны змаўкалі або пачыналі гаварыць аб чым-небудзь другім. Колас. Усё навокал было зімовае, золкае, але па-свойму прыгожае і крыху патаемнае. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
экземпля́р, ‑а, м.
Асобная адзінка, узор з ліку аднародных рэчаў (звычайна пра друкаваны ці рукапісны тэкст). У той вечар газету сапраўды чыталі ўсе, экземпляры яе пераходзілі з хаты ў хату, і людзі, якія не выпісвалі абласную газету, упершыню пашкадавалі. Шамякін. Стасік Кудрэвіч збірае паштовыя маркі. Яго калекцыі настолькі багатыя рэдкімі экземплярамі, што дарослыя філатэлісты ахвотна з ім мяняюцца сваімі набыткамі. Мяжэвіч. // Асобны прадстаўнік якой‑н. пароды, віду, разнавіднасці (пра жывёл, расліны). — А я злавіў цікавы экземпляр... — сказаў Дзіма. Затым адкрыў баначку і выняў чорна-бархацістага з чырвонымі палоскамі пасярод крыльцаў матыля. Сіняўскі. — Хіба зрабіць з яе [змяі] чучала для нашага тэхнікума, экземпляр добры, — згадзіўся Віктар. Маўр. // Пра чалавека як прадстаўніка якой‑н. групы людзей, якім уласцівы пэўныя характэрныя рысы, прыкметы. Незнаёмы сустрэўся з Алесем вачыма і, відаць, зразумеў, што той разглядае яго як цікавы і загадкавы экземпляр роду чалавечага. Караткевіч. // Разм. Пра чалавека, які адрозніваецца незвычайнымі ці адмоўнымі ўласцівасцямі. — Вылюдак, — сказаў Міхал. — Трапляюцца экземпляры, — пакруціў галавою і Сасноўскі. Карпаў.
•••
Сігнальны экземпляр — першы друкаваны экземпляр, які з’яўляецца ўзорам для ўсіх іншых экземпляраў пэўнага выдання.
[Ад лац. exemplar — узор.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
таямні́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Поўны таямніцы (у 1 знач.), загадкава-незразумелы. Наўкола ляжалі абшары лесу, заўсёды такія ваб[н]ыя і таямнічыя. Шчарбатаў. Я думаў і думаю часта пра яшчэ адну таямнічую недарэчнасць жыцця: ну, дзе ён ходзіць і што ён марудзіць — той, каму так радасна было б назаўсёды, на ўсё жыццё падзяліцца шчасцем з гэтай харошай, яшчэ ўсё самотнай дзяўчынай?.. Брыль. // Незразумелы, загадкавы (пра чалавека). Вясковы каваль Сымон Кушнер здаваўся Васілю нейкім таямнічым чалавекам, траха што не чарадзеем. Кулакоўскі.
2. Які стаіць па-за мяжой пазнання чалавекам; недасягальны, незвычайны. У нас сустракаюцца яшчэ людзі, якія вераць у «таямнічыя сілы». «Маладосць». // Які мае цудадзейную сілу. Калісьці цёмны чалавек верыў у таямнічую сілу слова-праклёну, слова-малітвы. Юрэвіч.
3. Які сведчыць пра наяўнасць таямніцы; які заключае ў сабе таямніцу (у 2 знач.). — А потым [Сцёпка] скаваў паміж рэчкаю і Гнілым балотам! — бабка Агапа гаварыла гэта таямнічым голасам. Колас. Чуліся нейкія таямнічыя, прыглушаныя гукі летняга вечара. Новікаў. Пры сустрэчы з калегам .. [Запольскі] надаваў свайму твару таямнічы выгляд і ціхенька апраўдваўся. Пальчэўскі. Таямнічая ўсмешка з хітрынкай застыла на твары [Малашкіна]. Пестрак.
4. Тайны, сакрэтны, што хаваецца ад іншых. Для [хлопцаў] гэта была таямнічая гульня, пра якую ніхто не павінен ведаць. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)