эліксі́р, ‑у, м.

1. Выцяжка з раслін ці моцны настой на спірце, у кіслаце і пад., які ўжываецца ў медыцыне, касметыцы. Зубны эліксір. Мятны эліксір.

2. Жарт. Незвычайны, цудадзейны напітак.

•••

Жыццёвы эліксір — чарадзейны напітак, які імкнуліся атрымаць алхімікі для таго, каб захаваць маладосць, прадоўжыць жыццё.

[Фр. élixir з араб.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́пыт, -у, М -пыце, мн. -ы, -аў, м.

1. Адлюстраванне ў свядомасці людзей законаў аб’ектыўнага свету і грамадскай практыкі, атрыманае ў выніку іх актыўнага практычнага пазнання.

Пачуццёвы в.

2. Сукупнасць ведаў і практычна засвоеных звычак.

Жыццёвы в.

В. будаўніцтва.

3. Узнаўленне якой-н. з’явы эксперыментальным шляхам, стварэнне чаго-н. новага ў пэўных умовах з мэтай даследавання, выпрабавання.

Хімічныя вопыты.

Вопыты калекцыянераў.

4. Спроба ажыццявіць што-н., пробнае ажыццяўленне чаго-н.

Першы в. маладога пісьменніка.

|| прым. во́пытны, -ая, -ае (да 1 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пакаёвы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пакоя. У сэрца папросіш парады — Яно да паслугі гатова: Вядзе з пакаёвай засады Пад лівень, на вецер жыццёвы. Прануза.

2. Які знаходзіцца, жыве, расце ў пакоі. Служанкі вывелі на прагулку пакаёвых сабачак. Карпюк. Толькі ведай: да пары квітнеюць Кветкі пакаёвыя ў цяпле. Ставер.

•••

Пакаёвая тэмпература гл. тэмпература.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

насу́щный надзённы; (неотложный) пі́льны, неадкла́дны; (жизненный) жыццёвы;

насу́щный вопро́с надзённае пыта́нне;

насу́щная потре́бность пі́льная патрэ́ба;

насу́щные интере́сы трудя́щихся жыццёвыя інтарэ́сы працо́ўных;

насу́щный хлеб надзённы хлеб.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

адгруката́ць, ‑качу, ‑кочаш, ‑коча; зак.

Разм. Перастаць грукатаць. Калі адгрукочуць трамваі і самазвалы, Пагаснуць у інтэрнатах запозненыя агні, Па Мінску задумліва крочыць Янка Купала, Радкі ненапісаных вершаў шэпчучы ў цішыні. Бураўкін. // перан. Прайсці, мінуцца. Калі паўвека мерна адгрукоча І ўжо не так бурліць у жылах кроў, І шлях жыццёвы, і сваіх сяброў Хто прыгадаць у цішыні захоча, Няхай жа той ніколі не забудзе Квяцістую дарогу ў родны дом. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́драсць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і якасць мудрага (у 1, 2 знач.). Народная мудрасць. Жыццёвая мудрасць. □ Кніга — казачны скарб чалавечай мудрасці. «Звязда». [Бобрык:] — За касільна трымацца мудрасці вялікай не трэба. Дуброўскі.

2. Мудрыя думкі, выказванні, жыццёвы вопыт. Кажуць людзі: «Гады — не пуды». Гэтай мудрасці я не пярэчу. Прануза.

3. Разм. Што‑н. складанае, цяжкае для разумення. [Якаў] прыглядаўся да [дарожных] знакаў, стараўся ўспомніць усю гэту мудрасць — некалі ж вучыў. Кулакоўскі.

•••

Зуб мудрасці гл. зуб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Наезджаны, гладкі, роўны (пра дарогу, шлях). [Буйскі] шпарка ішоў па торнай дарозе на поўнач. Шамякін. Неўзабаве .. [Туравец і Шашура], выбраўшыся ўжо зноў на горны шлях, пад’ехалі да рэгуліровачнага паста. Мележ. Торная, выгладжаная палазамі санак, .. [дарога] зырка паблісквала перад вачамі, бура-рыжаватай істужкай бегла ў глыбіню лесу. М. Ткачоў.

2. перан. Адкрыты, даступны, шырокі (пра жыццёвы шлях). Свет расчынен вам [дзецям] прасторны, Зняты ўсе парогі, Каб пракласці шлях свой горны. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Наста́ўнік ’выкладчык’ (Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ’настаўнік; натхніцель’ (ТСБМ); яшчэ ў 20‑я гады ўжывалася ў літаратурнай мове побач з русізмам вучы́цель, вучы́целька. Відаць, семантычны наватвор на базе народнага наста́віць ’навучыць’, першапачаткова з наставіць на пуць, параўн. наставіць пуць ’абраць жыццёвы шлях’ (Сл. ПЗБ), настаўля́ць ’павучаць’ (там жа), або праз рус. (ц.-слав.) са ст.-слав. наставьникъ ’кіраўнік, майстар, правадыр’, што атрымала больш вузкае значэнне ’духоўны настаўнік, натхніцель’; параўн. наста́ва ’наглядчык, наглядальнік’ (Сл. ПЗБ). Да ста́віць, стаўля́ць (гл.).

Настаўні́к, настаўні́ч ’талакнянка’ (пух., Жыв. сл.). Таго ж паходжання, што і настаноўнік (гл.); да ставіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шлях, -у, М на шляху́, мн. -і́, -о́ў, м.

1. Тое, што і дарога (у 1 знач.).

Шырокі ш.

Ш. у гарах.

Іх шляхі разышліся (перан.: яны рассталіся).

2. Месца, лінія ў прасторы, дзе адбываецца рух, перамяшчэнне.

Паветраны ш.

Чыгуначны ш.

Шляхі зносін.

3. Падарожжа, перамяшчэнне куды-н.

Небяспечны ш.

Ш. праз балота.

4. Напрамак, маршрут.

Збіцца са шляху.

Правільны ш. развіцця.

Кружным шляхам.

5. перан. Напрамак дзейнасці, развіцця чаго-н., спосаб дзеяння.

Накіраваць на правільны ш.

Мірным шляхам.

Дыхальныя шляхі — орган у выглядзе каналаў, якія забяспечваюць жыццядзейнасць арганізма.

Апошні шлях — пра пахаванне каго-н.

Быць на шляху да чаго-н. — набліжацца да чаго-н.

Жыццёвы шлях — жыццё.

Стаяць на шляху чыім або ў каго — служыць перашкодай каму-н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

п’едэста́л, ‑а, м.

1. Па-мастацку аформленае ўзвышэнне пад помнік, калону і пад.; пастамент. П’едэстал абеліска. □ Словы з палымянай «Варшавянкі» высечаны золатам на п’едэстале помніка. Маўзон. // Спецыяльнае ўзвышэнне, на якое ўзнімаюцца пераможцы ў спартыўных спаборніцтвах, конкурсах і пад. для атрымання ўзнагароды. Паводле традыцыі пераможца ўзняўся на п’едэстал пашаны і пакланіўся ўсім чатыром трыбунам. Шыцік.

2. перан. Высокае грамадскае становішча; аўтарытэт. Іменна такі разумны і бескарыслівы жыццёвы прынцып узвёў Марыю Дубадзелаву на п’едэстал усеагульнай павагі і добрай славы. Данілевіч.

•••

Звесці з п’едэстала гл. звесці.

[Фр. piédestal.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)