Вы́рай, вы́рый ’цёплыя краіны, куды птушкі адлятаюць восенню; чарада пералётных птушак (або адна птушка), якія першымі з’яўляюцца вясной’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Гарэц., Мал., Нікольскі, Федароўскі, 1), вы́ріі ’птушкі, якія прылятаюць вясной і адлятаюць восенню’ (КЭС), выро́я (Мядзв.), вы́рья, вы́рія ’тс’ (Яшк.). Рус. и́рей, и́рий, род. скл. и́рья ’паўднёвы цёплы край, куды птушкі адлятаюць на зіму; казачная краіна’, вы́рейжаваранак; усякая птушка, якая адлятае восенню’; ’казачная краіна’, ст.-рус. ирии, род. скл. ирьꙗ ’паўднёвыя краіны’, укр. ви́рей, ви́рій, польск. дыял. wyraj ’тс’. Па традыцыйнай версіі запазычанне з іран. *airyā (dahyu‑) ’арыйская краіна’; параўн. асец. ir ’асеціны’ (Фасмер, 2, 137 і наст.; там жа падрабязна і інш. літаратура). Гіпотэза Брукнера (195) аб прыстаўцы і‑ і сувязі з рай непераканаўчая. Ільінскі (РФВ, 74, 139) зыходзіць з *vyrojь, што тлумачыць укр. ви́рій, але па прычыне існавання ст.-рус. ирии укр. форма, відавочна, — вынік народнай этымалогіі. Паводле Мартынава, БЛ, 1975, 7, 69, крыніцай усходнеслав. слоў (польск. wyraj < бел. вырай) з’яўляецца заходнебалт. pluralia tantum *i̯uriai̯ (ст.-прус. iuriay ’мора’), якое адпавядае рус. ирей (i̯ū > i̯i). Бел. і ўкр. формы ўзніклі ў выніку пераўтварэння фразеалагізма *vъ irejь ’у вырай’. Апрача таго, на сучаснай Гродзеншчыне (старажытная заходнебалтыйская тэрыторыя) існуе паданне пра тое, як птушкі збіваюцца зімой у вялікі шар, які апускаецца ў мора. Аб сувязі славянскіх слоў з балт. формамі гл. таксама Безлай, ССл., 1976, 5, 65 і наст.

Вы́рай2 ’новы населены пункт, новая асобная гаспадарка’ (Яшк., слаўг.). З *vyrojь?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сярэ́браны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да серабра (у 1 знач.), звязаны з апрацоўкай серабра. Сярэбраны промысел. Сярэбраных спраў майстар. // Які мае ў сабе серабро. Сярэбраная руда.

2. Зроблены з серабра, пакрыты серабром. Маці Анатоля неўзабаве прынесла з кухні і паставіла пасярод стала на сярэбраным падносе смажаную качку. Ваданосаў. Хлор выняў з кішэні камізэлькі тоўсты сярэбраны гадзіннік. Гартны. А калі б наліла яму гаспадыня начоўкі цёплай вады, калі б яшчэ паклала туды сярэбраную паўрублёўку, .. то павесялеў бы чалавек ад такога ўжывання і адразу памаладзеў бы. Кулакоўскі. // Вытканы з сярэбраных нітак, вышыты серабром. Мураўскі ўзняў галаву і ўбачыў, што перад ім сядзіць сам пан Здраеўскі. Толькі не ў цывільнай вопратцы, у якой ён запомніў яго, а ў генеральскім мундзіры з сярэбранымі пагонамі на плячах. Машара.

3. Які колерам і бляскам нагадвае серабро. Сярэбраным ланцужком рачулка злучала два аз[я]рцы. Бядуля. // З бліскучым белым адлівам. У глыбокай тоні жыў шчупак сярэбраны З вострымі зубамі, хітры, як купец. Танк. Там на вашых вачах збяруць І матор, і сярэбраны радыятар, Да яго па малому зубру Прыпаяюць старанна дзяўчаты. Панчанка.

4. перан. Меладычна-звонкі, высокага тону (голас, смех і пад.). Дзяўчына вясёлая, многа і часта пяе прыгожыя .. песні, а голас яе — звонкі, сярэбраны. Каваль. Недзе за хвастамі самалётаў няроўнымі штуршкамі ў вышыню ўзнімаўся жаваранак. На зямлю палілася яго сярэбраная песня. Алешка.

•••

Сярэбраны блішчак гл. блішчак.

Сярэбранае вяселле гл. вяселле.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страпяну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Мімаволі ўздрыгнуць, страсянуцца (ад страху, узрушэння і пад.); выйсці са стану нерухомасці, знямення. Нешта было шаснула, калі я нагнуўся ды глядзеў у чорную яму. Я страпянуўся, узняў галаву, .. — Юзіка не было відаць. Баранавых. Толькі тады страпянуўся, як рука лягла мне на плячо і я пачуў басавіты, немалады ўжо голас. Сабаленка. — Горш няма, як ляжаць у засадзе ў такі холад... — ціха сказаў Алег камандзіру ўзвода і страпянуўся: з дарогі далятаў гул машын. «Маладосць». Раптам [дзед Агей] сам страпянуўся ўвесь: — Сынку, лаві! Вуду лаві! Вунь на бервяне паплыла. Крапіва. // Схамянуцца, успомніўшы што‑н. важнае, істотнае. — Слухайце, — страпянуўся Міша. — дагаварыліся мы, і я ледзь не забыўся. Вы [лейтэнант] вось сказалі, што вы гэта не вы, а мой старэйшы брат Іван. Яно б добра было, толькі ж уся вёска ведае, што адзін у мяне брат — Юрка. І не старэйшы, а малодшы. Курто. // Зварухнуцца, уздрыгнуць. Пальцы натыкаюцца на мяккую поўсць .. Націскаю — не страпянуўся, значыць, мёртвы. Жычка. Уздрыгнулі шырокія бровы, Страпянуліся вейкі — крозы. Зазвінелі буйныя слёзы. Глебка. / у перан. ужыв. Страпянуўся лес. Пытае: — У каго бяда якая? Калачынскі. // Забіцца мацней, часцей (пра сэрца). З дзвярэй дыхнула цёплым малаком і салёнымі агуркамі .. Сэрца страпянулася і балюча сціснулася. Дома! Асіпенка. І як страпянулася яго сэрца, калі ў першых радах .. [Джыавані] заўважыў сваю маці. Лынькоў.

2. Разм. Хуткім рухам цела страсянуцца, абтрэсціся. Калі я [Варташэвіч] наблізіўся, кот раптам страпянуўся і так хутка скочыў у кусты, нібы ў паветры хто правёў белую рысачку. Карпюк. Хлапчук ледзь не наступіў на .. [птушку] нагою. Жаваранак страпянуўся і ўзняўся ўгору. Пальчэўскі. Акуньчык спрытна страпянуўся. Колас.

3. перан. Пачаць актыўна дзейнічаць, праявіць сябе. Паны яшчэ страпянуцца. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сачы́ць 1, сачу, сочыш, сочыць; незак.

1. што, за кім-чым і з дадан. сказам. Назіраць за тым, што рухаецца, пераводзячы за ім позірк. Там спіць салдат, які не раз Сачыў кірунак іх палётаў, Хоць воблакаў было ў той час На небе менш, чым самалётаў. Гаўрусёў. Малашкін доўга сачыў за воблачкам, аж пакуль яно не растала ў паветры. Пестрак. Вось і цяпер Грыша прылажыў брылём руку да ілба і сочыць, як жаваранак падае каменем на зямлю. Пальчэўскі. // і без дап. Глядзець на каго‑, што‑н., не адрываючы вачэй. Туравец, які сачыў за полем, убачыў наводдалек постаці. Мележ. [Мірон] пяшчотна падкладаў трэскі і сачыў, як языкі полымя лізалі іх. Маўр. // у што. Пазіраючы куды‑н., падглядваць. Маці прычыніла дзверы і нават у шчылінку не сочыць. Гарбук. — Вартавы не сочыць у шкельца, — пахлопаў [Петруся] па плячы Рыгор. Гартны.

2. за чым і з дадан. сказам. Цікавячыся чым‑н., назіраць за развіццём, станам, ходам чаго‑н. З неаслабнай увагай.. [дзяўчаты] сачылі за ўсім ходам такой урачыстасці. Дубоўка. Чытач увесь час напружана сочыць, як Леапольд Гушка ажыццяўляе сваю мару аб зямлі і свабодзе. Луфераў. Наста цвёрда вяла падлік святам і строга сачыла за квадрамі месяца. Колас. // Цікавячыся ўсім, што адбываецца ў якой‑н. галіне, быць у курсе справы. Асабліва сачыў.. [Алесь] адзін час за падзеямі ў Грэцыі. Паслядовіч. // перан. Уважліва ўглядвацца, услухвацца ў што‑н., каб правільна зразумець, не ўпусціць чаго‑н. Сачыць за размовай. □ — Пракоп, унурыўшыся, слухае, а потым перастае сачыць за словамі Чыкілевіча, разважаючы над пытаннем, ці пойдзе ён у калгас, ці не пойдзе. Колас. Падпёршы шчаку далоняй, Алесь сачыў за выразам яе [Варвары] твару і чакаў адказу. Васілевіч.

3. за кім-чым, што, са злучн. «каб». Назіраць, наглядаць за кім‑, чым‑н. (з мэтай кантролю, аховы і пад.). Сачыць за паказаннямі прыбораў. □ Толькі ходзяць вартавыя, За спакоем лесу сочаць. Кірэенка. Парадак сочыць сыч-глушак і клопату багата мае. Дубоўка. [Якуб Андрэевіч:] — Вы тут сачыце, каб ноччу ніхто святла не паліў. Жычка. // Апекаваць каго‑н., клапаціцца аб кім‑, чым‑н., пра што‑н. Маці дзеда прасіла, каб сачыў ён за ўнукам. Лынькоў. Кожнаму ўспаміналася родная сястра або маці, што заўсёды сачыла, каб на ім была чыстая кашуля, адпрасаваны каўнерык, каб ён меў беленькую насоўку. Грахоўскі.

4. за кім-чым, што. Устанавіць пастаянны нагляд за кім‑, чым‑н. з тым, каб выкрыць, выявіць што‑н., злавіць каго‑н. на чым‑н. Андрон добра ведаў, што за ім сочыць стараста Макей — хітры багаты мужык, і даносіць гэта ўрадніку. Каваль. [Ліда] кожны дзень выязджала машынай з мястэчка.., што давала ёй магчымасць сачыць за рухам аўтатранспарту на шашы. Брыль. Многа дзён сачыў.. [Багданёнак] са сваім атрадам за бандыцкім гняздом. Чарнышэвіч.

5. што. З нецярплівасцю чакаць. Рукою маткі На ўслон шпурляліся аладкі, А дзеці іх даўно сачылі І на ляту блінцы лавілі, Заядла мазалі іх здорам. Колас.

6. каго-што. Падпільноўваць, асочваць. Ой, гуляй жа, Бандароўна, З вечара да ранку! Цябе вораг ужо сочыць, Сочыць на каханку. Купала.

7. каго-што. У мове паляўнічых — адшукваць па следу, высочваць. Ды ў той жа дзень наказ быў даны Ісці Міхалу пад буданы Сачыць ваўкоў. Колас.

сачы́ць 2, сачу, сочыш, сочыць; незак.

1. Выцякаць па кроплі, струменьчыкамі, цячы (пра вадкасць). // Выдзяляць (пах і пад.). А сосны сочаць і струменяць Густы, духмяны пах смалы. Колас.

2. Здабываць што‑н. з чаго‑н. Сачыць мёд з сотаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)