празры́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які прасвечваецца, прапускае святло. Празрыстая вадкасць. □ У празрыстай шкляной кабіне, асветленай гарачым майскім сонцам, на фоне чыстага сіняга неба быў відзён сілуэт кранаўшчыка. Грахоўскі. // Тонкі, праз які відаць іншыя прадметы; ажурны. Празрыстая тканіна. // Ясны, чысты, праз які добра відаць іншыя прадметы. Вада каля берага зеленавата-блакітная, чыстая і празрыстая, падобная па колеру на марскую. В. Вольскі. Далі, яркія, празрыстыя, як шкло, пачалі зацягвацца валокнамі шэрай павуціны. Бядуля. Далягляд быў празрысты, і палоска лесу на небасхіле акрэслівалася выразна на чыстым небе. Хадкевіч. // у спалучэнні са словам «вочы». Ясны. Празрыстыя цёмна-шэрыя вочы яшчэ глыбей западалі ў арбіты, абведзеныя чорнымі кругамі фарбы. Гартны. // перан. З тонкай, бледнай скурай. Пасекліся косы за дротам. У ноч успамінаў і мукі Іх запляталі з пяшчотай Празрыстыя, цёплыя рукі. Маляўка. А калі яшчэ [Люся] надзявала белую сукенку — хоць ты яе насі на руках, гэткая яна станавілася лёгкая, празрыстая. Ермаловіч. // перан. Прыемны для слыху, меладычны. — Гэта хто тут пасе каня? — гукнуў празрыстым голасам адзін з хлопцаў. Чарот. // перан. Зразумелы, ясны, выразны. Метафары ў рамане таксама празрыстыя і выразныя, яны не засмечваюць мову, не абцяжарваюць стыль. Хромчанка. [Чорны] любіў празрыстую прозу Чэхава. «Полымя».

2. перан. Які можна лёгка разгадаць; ясны. Празрысты намёк. □ Напісаная мовай паэтычнай алегорыі, паэма вельмі празрыстая сэнсам. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зацягну́цца, ‑цягаўся, ‑цягнешся, ‑цягнецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Уцягнуцца ў сярэдзіну, унутр чаго‑н. Нітка лёгка зацягнулася ў іголку.

2. Глыбока ўдыхнуць у сябе дым пры курэнні. [Кавалёў] дастаў партабак і ў тоўстых пальцах згарнуў тонкую, як запалка, цыгарку, прыпаліў яе і зацягнуўся. Чарнышэвіч. Пратасевіч з прыемнасцю закурыў папяросу, на поўныя грудзі зацягнуўся дымам. Васілевіч.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); чым. Пакрыцца тонкім слоем чаго‑н. На грэблі праламалі калёсамі плыткую лужыну, якая паспела ўжо зацягнуцца трохі лёдам. Чорны. Шкельца гадзінніка запацела ад вільгаці, зацягнулася туманнай, як бяльмо, плёнкаю. Капыловіч. // Загаіцца, зажыць (пра рану). // Завалачыся (дымам, туманам і пад.). І хоць раніцаю неба зацягнулася хмарамі, але па ўсім адчувалася, што дажджу больш не будзе. Шахавец. Зноў замжэў ціхі веснавы дождж, зацягнуўся сіняватаю смугою далягляд. Грахоўскі.

4. Туга завязацца, сцягнуцца. Пятля зацягнулася. Вузел зацягнуўся. Зашмарга туга зацягнулася. // Зацягнуць сябе чым‑н.; перацягнуць. Зацягнуцца рэменем. Зацягнуцца ў гарсэт. □ Мураўёўна нізка звесіла галоўку, Во занадта зацягнулася ў шнуроўку. Багдановіч.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Заняць часу больш, чым меркавалася. Канцэрт зацягнуўся — праграма была вялікая. Шамякін. Восень у гэтым годзе зацягнулася, лістапад быў позні. Карпаў. // Працягнуцца да пэўнага часу. Да позняга вечара зацягнулася народнае гулянне на беразе возера. В. Вольскі. Сход зацягнуўся аж да трэціх пеўняў. Сабаленка.

6. Разм. З цяжкасцю дайсці, дабрацца куды‑н. Зацягнуцца дадому. // Зайсці куды‑н. далёка. Зацягнуцца на край свету.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пала́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Гарэць яркім полымем. Пад разложыстым старым дубам палае вялікі агонь. Пестрак. Палалі вагоны і платформы з цюкалі сена. Карпаў. // Зырка паліцца. Магдалена нясмела і з трывогай адчыніла дзверы з сянец у знаёмую кухеньку. Там палала печ. Чорны. // Павяваць цяплом, жарам. Ах, якая пагода! Ах, пагода якая! Ад усходу да захаду Сонца палае. Танк.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ярка свяціцца. У вітрынах палалі рознакаляровыя агні. Корбан. Палала зарніца над бярэзнікам. Бядуля. // Быць чым‑н. асветленым; свяціцца яркім святлом. Палаў далягляд ад палярнага сонца. Шамякін. А я на Замкавай гары стаю, дзіўлюся, як азёры агнём палаюць на зары. А. Вольскі. // перан. Вылучацца колерам, афарбоўкай (звычайна чырвонай). Востраў, цэлы востраў кустоў барбарысу з чырвонымі ягадамі палаў на сонцы! Хомчанка. Трыбуна! Твой абрус чырвоны Палае сцягам агнявым. Вітка.

3. Станавіцца чырвоным ад прыліву крыві. Літары зліваліся ў адну шэрую пляму, твар палаў, але на душы ў .. [Рыгора] было светла. Ваданосаў.

4. перан. Быць ахопленым якім‑н. пачуццём, быць узбуджаным. Сам.. [Косця] палаў шчасцем і думаў, што шчасцем поўняцца ўсе навокал. Шыцік. Дзяўчынкі так і палалі жаданнем прыступіць да выканання сваіх абавязкаў. Маўр. // Праяўляцца бурна, з вялікай сілай (пра пачуцці). Агонь абурэння ў іх грудзях палаў, Адна толькі песня палёгкай была. Чарнушэвіч. // Выражаць моцнае пачуццё (пра вочы, погляд). Вочы.. [Зосіны] палалі, валасы распушыліся. Мехаў.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Праходзіць бурна (пра паўстанне, барацьбу і пад.). Пасля грамадзянскай вайны на ўсім яшчэ ляжаў водбліск вялікіх, рэвалюцыйных бітваў, яшчэ палаў іх агонь і чулася іх водгулле. Перкін.

пала́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Ачышчаць абмалочанае або абтоўчанае зерне ад мякіны і пылу пры дапамозе маленькіх начовачак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)