прыўда́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.
Разм.
1. Пачаць рабіць што‑н. вельмі энергічна, інтэнсіўна. Стопчам [лапаць] — дык атопкам Пыл уздымем хмарай, На ўсю вёску ёмка Свіснем ды прыўдарым! Танк. // Стаць мацнейшым (пра дождж, мароз і пад.). За ноч намяло гурбы снегу. Прыўдарыла, сілу сваю разамкнула сіверная зіма. Баранавых. А дождж, як на тое ліха, прыўдарыў мацней. Хомчанка.
2. за кім. Пачаць заляцацца (да жанчыны). — У такую, як Наталля Максімаўна, нельга не закахацца. Прызнаюся.., што, каб ты не апярздзіў мяне, прыўдарыў бы я за ёю... Дудо.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уры́цца, урыюся, урыешся, урыецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рыючы, пранікнуць у глыб чаго‑н. (пра жывёл).
2. Схавацца ў вырытым паглыбленні або ў чым‑н. сыпкім; зарыцца. «Салавей» урыўся ў вялізны стог сена і адпачываў. Бядуля.
3. З сілай, на хаду урэзацца ў што‑н. [Аляксей:] — Машына з ходу ўрыецца ў гразь, як свіння, узніме цэлы вал твані наперадзе, і сядзі. Мележ. [Косцік] шыўся далей, да гурбы каровак. Нехта штурхнуў яго так, што ён урыўся ў іх носам, яшчэ не ўспеўшы падняцца, пачаў адчыняць каробкі. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заме́рзнуць і замёрзнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. заме́рз, ‑ме́рзла і замёрз, ‑мёрзла; зак.
1. Ператварыцца ў лёд, зацвярдзець ад холаду. Вада ў вёдрах замерзла. □ Усё замерзла пад пялёнкаю Снегу белага, халоднага. Купала. Цяпер, зімою, багна замерзла, і вецер збірае ля кустоў гурбы снегу. Дадзіёмаў. // Пакрыцца лёдам, ледзяной коркай. Рэчка замерзла. Вокны замерзлі. □ Замерзла ноччу шпаркая, крыніца. Багдановіч. // Сапсавацца, выйсці са строю ад холаду. На вадакачцы замерзлі трубы. Матор замёрз.
2. Загінуць, памерці ад холаду. Замерзнуць у полі. □ Галубяняты яшчэ не замерзлі, варушыліся. Брыль. // Моцна азябнуць; прамерзнуць. Шафёр вылез, абышоў машыну, паглядаючы на колы, і загаварыў да Сцяпана: — Замерзлі, дзядзька Лазарук? Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
навярну́ць, ‑вярну, ‑вернеш, ‑верне; зак.
1. каго-што чым. Палажыць што‑н. цяжкае паверх чаго‑н. Навярнуць камень на дошкі. Навярнуць ламачча бервяном.
2. чаго. Налажыць, накідаць многа чаго‑н.; наваліць. Навярнуць гару камення. □ Здорава фрыцы партызан баяліся — зямлі болей як у два метры навярнулі [да сцяны хаты]. Савіцкі.
3. пераважна безас. чаго. Намесці, нагнаць у вялікай колькасці. За ноч навярнула гурбы снегу.
4. што. Нахіліць, схіліць у які‑н. бок. Навярнуць слупы.
5. перан.; каго на што. Разм. Прыахвоціць да чаго‑н. Навярнуць на рыбалоўства.
6. чаго і без дап. Разм. Нагаварыць на каго‑н. няпраўды; наплесці. [Матка:] — Навярнуў [нехта] такога, што страх слухаць! На хлопца, які век птушаняці не зачапіў! Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
снег, ‑у, М снезе; мн. снягі, ‑оў; м.
Атмасферныя ападкі ў выглядзе белых камячкоў, якія складаюцца з крышталікаў, падобных на зорачкі. Падаў першы снег, весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі, усцілалі перад .. [Васілём і Лідай] шлях. Мележ. Засвістаў і загуў у камінах зімовы вецер; камякамі пухкімі, мокрымі снег паваліў. Мурашка. // Суцэльная маса такіх ападкаў, што пакрывае якую‑н. прастору. Як толькі згоніць снег,.. [Самабыль] зараз жа выходзіць у свой гародчык, дзе ста[я]ць сліва, ігруша і дзве яблыні, і тут распачынае работу. Колас. Ногі коўзаліся па сухім спрасаваным снезе. Шамякін. Зімой суровыя завеі намяталі высокія гурбы снегу. В. Вольскі.
•••
Зімой снегу не дастаць гл. дастаць.
Снег саломаю тушыць гл. тушыць.
Як леташні снег (патрэбен) — зусім не патрэбен.
Як снег на галаву — зусім нечакана, раптоўна (з’явіцца, прыбыць і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сне́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да снегу; які з’яўляецца снегам. Снежныя гурбы. Снежныя хмары. □ Дзе-нідзе трэсне ад марозу галінка, сарвецца снежны ком з яловай лапы, і зноў усё ціха, ціха. Лынькоў. Лес, пакрыты снежнай коўдрай, стаяў маўклівы, задумлівы... Шамякін. З галінак асыпаўся бліскучы снежны пыл. Шыцік. // Зроблены з снегу, у снезе, на снезе. Снежны домік. Снежная нара. Снежная дарога.
2. Багаты на снег. Снежная зіма. □ Успамінаюцца марозныя, снежныя ночы, цёплая печ і цягучы голас бабулінай песні. Брыль. Другая палова лютага 1929 года была сцюдзёнай і снежнай. Машара.
3. Пакрыты снегам. Снежнае поле. Снежныя горы. □ Снежная паляна, Снег блішчыць ў імгле. Бядуля.
4. Падобны на снег (колерам, выглядам). Снежнае палатно. Снежныя зубы. □ Снежная белізна была такой яркай, што ажно балюча стала вачам. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак., што і чаго.
1. Сыплючы, пакрыць паверхню чаго‑н., высыпаць на што‑н.; нацерушыць, рассыпаць. Насыпаць пяску на сцежку. □ Кася ставіла пусты саган на падлогу, на ражок ручніка насыпала солі. Арабей. У паветры мітусілася [машкара]; яе тут, як хто насыпаў, не дыхнуць. Пташнікаў. // Тое ж, але ў нейкай колькасці. [Снег] ападаў на зямлю белай і пухкай коўдрай, дзе-нідзе між кустоў насыпаў гурбы. Гроднеў.
2. Напоўніць што‑н. чым‑н. сыпкім. Насыпаць мяхі жытам. □ Насыпаў дзед поўныя засекі збожжа. Якімовіч. // Усыпаць якую‑н. колькасць. Насыпаць аўса коням.
3. Зрабіць, пабудаваць насып з якога‑н. сыпкага матэрыялу. Насыпаць плаціну. Насыпаць прызбу. □ Каля дашчанай заставы насыпалі хлопцы курганок зямлі. Колас.
•••
Насыпаць солі на хвост — зрабіць непрыемнасць, моцна дапячы каму‑н.
Цераз верх насыпаць — тое, што і цераз верх валіць (гл. наліць).
насыпа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑ае.
Незак. да насы́паць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хму́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Пахмурны, воблачны (пра неба, пагоду, пару года, частку сутак). Дзень па-асенняму хмурны, таму пад шатамі елак амаль вячэрні паўзмрок, і немагчыма разгледзець зубравы вочы: што ў іх? Шамякін. Была хмурная, гразкая восень. Скрыган. Потым узышоў месяц. Ён паволі падымаўся па хмурным небе. Асіпенка. // Такі, дзе змрочна. Прыгрэе цёплае сонца, растопіць гурбы снегу, зазеляніць жоўтыя паплавы, у бярэ хмурныя лясы. Гартны.
2. перан. Сумны, пануры (пра чалавека). [Элінора] зразумела, чаму Сузан вельмі часта ўставаў з-за хатняга стала хмурны, нездаволены. Лынькоў. Паглядзела дачка, стала хмурная: Знаць, не прыйдзе ён [любы] гэткай бураю. Панчанка. Архіпцоў сядзеў моўчкі, схіліўшы галаву, нейкі хмурны ці, можа, разгублены. Кухараў. — Ты нейкая хмурная сёння? — адразу заўважыў.. [Антось] жончын настрой. Васілевіч. // Які выражае суровасць, панурасць, заклапочанасць. Выйшаў на ганак.. хлопец з хмурнымі заспанымі вачыма. Мележ. Слёзы ў мяне праступаюць з-пад хмурных павек. Багдановіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
віля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.
1. чым. Хістаць, паварочваць з боку ў бок. Віляць хвастом. // без дап. Хістацца, рухацца з боку ў бок. Кола віляе ў бакі.
2. Рухацца па звілістай лініі. Коні вілялі паўз гурбы, выбіралі лаўчэйшыя праходы, хрыпелі ад натугі. М. Ткачоў. // Рабіць крутыя павароты. Дарога віляла то ўправа, то ўлева. Пестрак. Мяжа нібы знарок старалася не адыходзіць далёка ад берага, віляла найбольш усцяж яго. Мележ.
3. перан. Разм. Ухіляцца ад прамога адказу, абавязку. Я ніяк не мог зразумець, што чалавек хоча сказаць, і ён віляў, нібы хадзіў па канаце і толькі пад канец сказаў тое, што хацеў. Сабаленка.
•••
Віляць хвастом — а) ліслівіць, падлізвацца. Змяніўся і выгляд іх [рускіх эмігрантаў] хлёсткі, Слухмяна віляюць хвастом, Японскай чакаючы косткі Пад бедным маньчжурскім сталом. Куляшоў; б) хітраваць. — А ты, стары, не віляў бы хвастом, а адразу сказаў, калі не хочаш, калі табе не даспадобы ў нас... Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пацяру́ха, ‑і, ДМ ‑русе, ж.
1. Пацёртае сена, салома, тытунь і пад. Каля варот сакаталі куры, пераграбаючы канюшынную пацяруху. Чорны. Лявон сярдзіта варушыцца ў сене: сухая пацяруха сыплецца за шыю. Сачанка. На дашчанай падлозе каля сцен .. паслана салома. Праўда, гэтая падсцілка была некалі саломаю. Цяпер гэта звычайная пацяруха. Якімовіч. Вецер выдзьмухваў з паперкі махорачную пацяруху. Быкаў. // Дробныя сыпкія рэшткі чаго‑н. Жаласна звінелі шыбы ў высокіх вокнах, і з люстры, з-пад столі, пасыпаліся струменьчыкі не то пылу, не то нейкай пацярухі. Лынькоў. // Пра сухі дробны снег. Шархаціць сухая снежная пацяруха на разгалістых елках, сцелецца злой пазёмкай па зямлі. Лынькоў. Вецер збірае ля кустоў гурбы снегу, б’е ў твар снежнай пацярухай. Дадзіёмаў.
2. перан. Разм. Што‑н. дробязнае, не вартае ўвагі. Кожны вечар я крукам праседжваю над арыгіналамі, выграбаючы з іх, як той дворнік, розную пацяруху. Сабаленка. [Кузьма:] — А тваё бандарства, браток, — драбяза, пацяруха адна. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)