набрыня́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. незал. пр. ад набрыняць.

2. у знач. прым. Які павялічыўся ў аб’ёме ад вільгаці, вадкасці. Стэпы дыхалі гаркавата-п’яным чадам вясны і вільгаццю набрынялай зямлі. Грахоўскі. У ярах, на ўзлесках сям-там ляжалі лапіны набрынялага бурага снегу. Алешка.

3. у знач. прым. Які павялічыўся ў аб’ёме, стаў гатовым да таго, каб распусціцца. Набрынялыя пупышкі, Што яшчэ драмалі ўчора, Ахінаюць голле пышна, Вабяць яркасцю ўбораў. Гілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спадні́зу, прысл.

Знізу, з-пад чаго‑н. Тут Дняпро як загуў, як падняўся да стром.. Сам б’е ў бераг спаднізу, а зверху б’е гром. Лужанін. Помню нясмелую зелень рэдкае травы, першы плач кнігаўкі, узмах спаднізу белага крыла, першую кветку .. на сыпкім пяску ля рэчкі. Адамчык. // Знізу, у ніжняй частцы. Дагледжаны быў і сад — камялькі спаднізу падбелены, голле дзе падпёрта калкамі, а дзе і падвязана за таўсцейшае, больш трывалае. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́жыць 1, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; зак.

Застацца жывым пасля цяжкай хваробы, ранення і пад. Хворы выжыў. □ Таполі абламала [бура] голле, паздзірала кару, але таполя выжыла — шуміць во і шуміць. М. Стральцоў. Марылін Манро нейкім цудам пашанцавала выжыць у гэтым пекле эксплуатацыі, нажывы і бізнесу. Новікаў.

•••

Выжыць з розуму — страціць памяць, здольнасць усведамляць.

вы́жыць 2, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; зак., каго-што.

Прымусіць пакінуць свой дом, месца працы і пад.; выгнаць адкуль‑н. Выжыць з хаты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парке́т, ‑у, М ‑кеце, м.

1. зб. Невялікія гладкія, пераважна з цвёрдых народ дрэў, дошчачкі, якімі насцілаюць падлогу. Да ліфта трэба было прабегчы цераз нізкі, прасторны, вылажаны жоўтым блішчастым паркетам хол. Скрыган.

2. Падлога, зробленая з такіх дошчачак у форме розных геаметрычных фігур. Голле гэтага старога бору ўжо цяпер калышацца пад вокнамі трохпавярховых дамоў, з паркетам і паравым ацяпленнем, з халадзільнікамі і ваннамі. Грахоўскі. Увайшла я ў залу з бліскучым і светлым паркетам. Мядзёлка.

[Фр. parquet.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лу́скаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што. Раскусваць, разгрызаць, есці з трэскам, хрустам (гарбузікі, сланечнік і пад.). Дзяўчаты лускаюць сланечнік, шэпчуцца, перамаўляюцца, як заўсёды. Лупсякоў.

2. Распаўсюджваць кароткі, сухі гук пры ламанні, лопанні чаго‑н. сухога; патрэскваць. Лускае запалка, ломіцца ў пальцах, але ўспыхвае і гарыць. Пташнікаў. Трымаючыся за голле, Язэп сяк-так дабраўся да ручая. Пайшоў па лузе, які зрэдку лускаў пад ботамі. Асіпенка. / Пра зімовае надвор’е. Мароз бярэцца, націскае, Па лесе лускае, гуляе. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

плаку́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае доўгія, звешаныя ўніз галіны (пра некаторыя дрэвы і кусты). Паводкай мост стары падмыты, Бяроз плакучых сумны рад. Купала. Чучаны былі аддзелены ад Сёмкава Гарадка поплавам, праз які перакінута грэбля, абсаджаная плакучымі вербамі. Новікаў. // Які звісае ўніз, апушчаны ўніз (пра галіны такіх дрэў). Мне раптам уяўляецца, што ўсе гэтыя бярозы сталі ў паўабхвата таўшчынёю, голле на іх густое, плакучае... Кулакоўскі.

2. Уст. Тое, што і плаксівы. Пры гасцінцы, у прарытай канаўцы крумкалі жабы, а зверху кідаўся рэдкі плакучы піск кані. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самле́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які страціў прытомнасць. Дзверцы кабіны былі расчынены, дробненька ўздрыгваў капот, а на сядзенні ляжаў самлелы вадзіцель. Нядзведскі.

2. Здранцвелы, сшэрхлы. У наплыўшых кроўю вачах агонь пагас, і самлелы язык не мог больш вымавіць ні слова. Пестрак. / у вобразным ужыв. І чаплялася сена на голле самлелых бяроз. Вялюгін.

3. Знясілены працаю, спёкай і пад. Лабановіч узяў самлелую птушынку і вынес на свежае паветра. Колас. Сеў [хлопец] за кнігу, — не бачыць літар: вее полымем ад яе. І рукою самлелай выцер губы высахшыя свае. Таўлай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

параскіда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Раскідаць усё, многае або ўсіх, многіх; раскінуць усё, многае. Цяпер гэтыя лістоўкі трэба было параскідаць нам па горадзе. Карпюк. Чарнявы сын Параскідае цацкі, На рукі просіцца, Ну, і пайшла гульня. Чарот. [Маці:] — Вайна нямногім так мінулася. І ў кожнага сваё гора. Можа, і яго гняздо параскідала. Чыгрынаў. [Міхаіл Фёдаравіч:] — Калі братоў лёс параскідаў па свеце — адзін служыў на Сахаліне, другі быў у ссылцы, трэці ўцёк у Турцыю, то ў іх была яшчэ сястра... «Полымя». Дрэвы выраслі, параскідалі ўбакі голле, закрылі дарогу пад сабою. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лама́цца, ламлю́ся, ло́мішся, ло́міцца; ламіся; незак.

1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Раздзяляцца, распадацца на часткі ад уздзеяння якой-н. сілы.

Ломяцца, як шкло, ільдзіны.

2. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Псавацца, станавіцца непрыгодным.

Машына паламалася.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Парушацца, разбурацца (пра што-н. прывычнае, запланаванае).

Часта мае планы ламаліся.

4. Быць перапоўненым мноствам чаго-н., гнуцца пад цяжарам.

Стол ламаўся ад яды.

Голле ломіцца ад сліў.

Калёсы ломяцца ад грузу.

5. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Пра мужчынскі голас у пераходным узросце: змяняць свой тэмбр і дыяпазон.

6. Ісці напралом, імкнуцца сілай пранікнуць куды-н. (разм.).

Ламацца ў дзверы.

Ламацца ў адчыненыя дзверы — даводзіць тое, што ўсім вядома.

|| зак. злама́цца, 1 і 2 ас. звычайна не ўжыв., зло́міцца (да 1—5 знач.) і палама́цца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -ло́міцца (да 1—4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дра́паць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Скрэбці па якой‑н. паверхні чым‑н. вострым, цвёрдым; рабіць драпіны. Голле хвастала па твары, драпала рукі, чаплялася за кашулю. Хомчанка. [Фрося] пачала ногцямі драпаць леснікоў твар, рваць яго за доўгія вусы. Бядуля. // Разм. Чухаць цела. Маўчала і цямнела прыгожае веснавое неба, і дзядок драпаў свае худыя валасатыя грудзі. Гарэцкі. Каму свярбіць, той драпае. З нар.

дра́паць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. пагард. Паспешліва адступаць, уцякаць. — Немец драпае, даганяць трэба, — адным духам выпаліў танкіст. Якімовіч. Калі ж здаралася наскочыць на лясную варту або на міліцыю, Анатоль драпаў у кусты. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)