селяні́н, ‑а; мн. сяляне, ‑лян; м.

Жыхар сельскай мясцовасці, асноўным заняткам якога з’яўляецца апрацоўка зямлі. Бацькі Ціхона Піменавіча Бумажкова былі бедныя сяляне з вёскі Пудоўля на Магілёўшчыне. Чорны. // Да рэвалюцыі — прадстаўнік ніжэйшага падатковага саслоўя.

•••

Асадныя сяляне — сяляне ў Вялікім княстве Літоўскім, асноўнай павіннасцю якіх быў грашовы чынш.

Беглы селянін — селянін, які збег ад памешчыка.

Дзяржаўны селянін — у 18–19 стст. селянін, які знаходзіўся на дзяржаўнай зямлі і, акрамя падаткаў, плаціў аброк казне.

Прыгонны селянін — селянін, які з’яўляўся ўласнасцю памешчыка.

Прыпісныя сяляне — у Расіі 18–19 стст. дзяржаўныя сяляне, якія валодалі казённымі землямі і былі прыпісанымі цэлымі паселішчамі да казённых і прыватных прамысловых прадпрыемстваў для выканання дапаможных работ.

Часоваабавязаныя сяляне — былыя памешчыцкія сяляне ў Расіі, якія паводле рэформы 1861 г. вызвалены ад прыгону, але асталіся абавязанымі ў адносінах да памешчыкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здабы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак., што.

1. Дастаць, знайсці, атрымаць. Настаўніца перадала .. каштоўныя звесткі аб нямецкім гарнізоне ў мястэчку, якія здабыла па заданню партызанскага камандавання. Шчарбатаў. Пагутарыў [дзед Талаш] трохі з бабкаю Настаю, а потым у самоце думаў аб Панасе, аб яго вызвалены з панскай няволі і яшчэ аб тым, як здабыць сабе добрую стрэльбу. Колас. // Упаляваць. Здабыць выдру.

2. Дастаць з нетраў зямлі (карысныя выкапні). Здабыць нафту. Здабыць каменны вугаль. // перан. Выбраць з чаго‑н., знайсці. Мы не ведаем, з якой крыніцы Канчэўскі здабыў гэтыя словы, якія ён прыпісвае Скарыне, і наколькі яны адпавядаюць сапраўднасці. Алексютовіч. // Атрымаць што‑н. пры дапамозе доследаў, шляхам вытворчых працэсаў. Здабыць новы прэпарат.

3. перан. Дабіцца чаго‑н. шляхам барацьбы, настойлівасці, працы і пад. Здабыць волю. Здабыць славу. □ Мы ў баях перамогу здабудзем, Праз баі мы праб’ёмся назад. Астрэйка. Шматгадовай работай здабыў чалавек права на такі адпачынак. Бялевіч.

•••

Здабыць кроўю — дабіцца чаго‑н. у барацьбе цаною вялікіх ахвяр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свабо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ведае прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення, які карыстаецца свабодай (у 2 знач.). Пачуцці і мыслі народаў свабодных Лунаюць на Ўсходзе Далёкім. Колас. // Уласцівы краіне, народу, якія не ведаюць прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення. У свабоднай працы, у адпачынку, у весялосці, у чаканні новых радасцей дні і тыдні ляцелі незаўважна. Шамякін.

2. Які валодае дзяржаўнай незалежнасцю, суверэнны. Саюз непарушны рэспублік свабодных З’яднала навекі Вялікая Русь. Гімн СССР.

3. Які не з’яўляецца рабом, прыгонным. Свабодны селянін. □ Зярняты свабодны сявец З сяўні сее ў пульхны загон. Махае касою касец, Пазбыўшы галодны прыгон. Купала.

4. Які мае права, магчымасць распараджацца сабою па ўласнаму жаданню; незалежны, не звязаны ні з кім якім‑н. абавязкамі, адносінамі. Свабодны мастак. // Які адбываецца па сваёй волі, жаданню, без прымусу. За кожнай саюзнай рэспублікай захоўваецца права свабоднага выхаду з СССР.

5. Які не ведае перашкод, абмежаванняў. [Лукавіцып].. быў патайным прыхільнікам «свабоднай любві». Крапіва. Толькі ж ім [ворагам] свабодны рух Не стрымаць ніколі! Колас. // Не абмежаваны пэўнымі нормамі, правіламі, формамі. Канструкцыя свабоднай формы.

6. Бесперашкодны, неабмежаваны законам. Свабодныя выбары. Свабодны гандаль. Свабодны абмен думкамі. □ Свабоднае слова, ты, роднае слова! Зайграй ты смялей, весялей! Купала.

7. Які адбываецца, працякае лёгка, без перашкод, цяжкасцей. Свабоднае дыханне. Свабоднае валоданне французскай мовай. // Не напружаны (пра позу, рухі і пад.). Свабодная пасадка ў сядле.

8. Нікім, нічым не заняты; пусты, вольны. У аўтобусе былі свабодныя заднія месцы, і селі ўсе трое. Пташнікаў. Калі сенцы ад лучыны асвятліліся, ён [салдат] агледзеў свабодную лаву і прысеў. Лобан. // Нічым не заняты (пра рукі і інш.). Першы коннік, маёр, ловіць свабоднай рукой галлё, пад якое нельга нагнуцца. Брыль. // Нікім не замешчаны, вакантны. Свабодная адзінка.

9. Разм. Які не знаходзіцца ў дадзены момант у карыстанні. Свабодныя грошы. Тэлефон свабодны.

10. Больш чым дастатковы па велічыні; раскошны. Свабодны касцюм. Паліто свабоднага крою.

11. Які ні да чаго не прымацаваны, ні з чым не злучаны. Свабодны канец вяроўкі.

12. Які не перадае руху іншым часткам механізма, вызвалены ад счаплення, ад нагрузкі. Свабоднае кола. Свабодная шасцярня.

13. Які не знаходзіцца ў хімічным злучэнні з чым‑н. Свабодны кісларод.

•••

Свабоднае падзенне цела — падзенне цела пад уплывам сілы цяжару.

Свабодны ўдар гл. удар.

Свабодныя электроны гл. электрон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)