кве́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Орган размнажэння ў пакрытанасенных раслін, які развіваецца з пупышкі (бутона) і складаецца з кветаножкі, кветаложа, чашачкі, вяночка, звычайна каляровага, тычынак і песціка (песцікаў). Апылкаванне кветак. □ Кветкі, якія згортвалі нанач свае пялёсткі, распусціліся, і вакол іх звінелі пчолы, бомкалі чмялі. Дайліда. // Гэта частка расліны разам са сцяблом. Букет палявых кветак.

2. Травяністая расліна, якая прыгожа і пахуча цвіце. Пакаёвыя кветкі. Садзіць кветкі.

•••

Жывыя кветкі — натуральныя, не штучныя кветкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шматлі́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які складаецца з вялікай колькасці каго‑, чаго‑н. У кожным сяле ёсць два-тры шматлікія, галінастыя роды, якія карыстаюцца ў людзей агульнай павагай. Ракітны. За перагародкай размяшчалася шматлікая сям’я дзядзькі Каленіка. Даніленка.

2. Які праводзіцца, маецца, прысутнічае і пад. у вялікай колькасці. Праводзіць шматлікія гутаркі з насельніцтвам. Прымаць шматлікіх наведвальнікаў. Адказваць на шматлікія пытанні. □ А на піяніна — вялікі букет кветак і шматлікія фатаграфіі славутых акцёраў, пераважна салістаў оперы. Шамякін. З пакояў даносіўся гоман шматлікіх галасоў. Мядзёлка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

закаці́ць, ‑качу, ‑коціш, ‑коціць; зак.

1. што. Коцячы, перамясціць, змясціць куды‑н. Закаціць калёсы ў хлеў. □ Каля магазіна [Вова і Пеця] знайшлі бочку, закацілі яе на самы высокі пагорак. Хомчанка.

2. Разм. Уехаць, заехаць куды‑н. Макара шукалі ўсім калгасам. Але нідзе не знайшлі. Вярнуўся ён толькі назаўтра пад вечар. Закаціў на калясцы ў Язэпаву зямлянку, выцер пот рукавом. Асіпенка.

3. Разм. Учыніць, зрабіць што‑н. надзвычайнае. Закаціць скандал. Закаціць істэрыку. □ Шахцёр спыніўся, падняў угору .. букет і закаціў такую прамову, што ў Міхася міжвольна прайшоўся па спіне халадок. Лупсякоў.

•••

Закаціць (падвесці) вочы — завесці зрэнкі пад верхнія павекі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нарва́ць 1, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., чаго.

1. Сарваць нейкую колькасць чаго‑н. Нарваць кветак. Нарваць яблыкаў. □ Бярозкі ўбраліся такой яркай і прывабнай зелянінай, што толькі б на букет яе нарваць. Кулакоўскі. Ля хаткі .. [Міхалка] парваў жмут высокай травы, спехам перавязаў яе абрыўкам вяровачкі, і атрымаўся ладны венік. Якімовіч.

2. Парваць нейкую колькасць чаго‑н. Нарваць паперы.

3. Нацерабіць нейкую колькасць (лёну, канопляў і пад.). Нарваць ільну.

4. і што. Разм. Нагнаць (пра вецер). Вецер парваў дажджу. □ — [Вятры] нарвуць буру, — прагаварыў Лукаш Гнецька. Гурскі.

нарва́ць 2, ‑рве; зак.

Апухнуць і нагнаіцца. Палец парваў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́жа, ‑ы, ж.

Дэкаратыўная расліна сямейства ружакветных з шырокапялёсткавымі, звычайна пахучымі кветкамі рознай афарбоўкі і са сцяблом, пакрытым калючкамі, а таксама кветка гэтай расліны. У агародчыку перад кожным домам раслі вяргіня, ружа, бэз, мята. Мурашка. Па сваёй каханай сумаваў я дужа, Наламаў букет ёй Самых яркіх ружаў. Свірка.

•••

Ружа вятроў — дыяграма паўтаральнасці вятроў розных напрамкаў у пэўнай мясцовасці, складзеная на аснове шматгадовых сярэдніх паказчыкаў метэаралагічных станцый за месяц, сезон або год.

Чайная ружа — а) ружа, кветкі якой маюць бледна-жоўты колер; б) сорт ружы розных колераў і адценняў з моцным пахам чаю.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́рпкі, ‑ая, ‑ае.

Кіславата-даўкі. Церпкія ягады. Церпкае віно. □ Квас летні, церпкі, падкіслены падгарэлымі хлебнымі скарынкамі, а конаўка медная. Навуменка. Неяк адразу пацяжэлі ад церпкага крывянога соку гронкі каліны. Паслядовіч. — Прысядзь і выпі кубак, брат! Мо’ церпкай здасца гэта брага. Я сам садзіў свой вінаград, Я знаю вартасць спелых ягад. Танк. / Пра пах. Налібока, Налібока... Мімаволі шырыш вока: Цёмна ў засені прытоенай, Церпкім водарам настоенай. Кірэенка. Коля сышоў са сцежкі, наламаў вялізны букет, прыпаў да яго тварам і на поўныя грудзі ўдыхаў церпкі водар. Жычка. Церпкі водар імху казытаў у носе. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

налама́ць, ‑ламлю, ‑ломіш, ‑ломіць; пр. наламаў, ‑мала; заг. наламі; зак.

1. чаго. Зламаць нейкую колькасць чаго‑н. Наламаць букет бэзу. Наламаць галля. □ Нупрэй жыва наклаў агню, наламаў бярэмя яловых лапак, палажыў іх каля агню, заслаў воўчаю шкураю. Колас. // Паламаць, сапсаваць вялікую колькасць чаго‑н. Наламаць цацак.

2. што. Зламаць не да канца, надламаць. Наламаць галіну.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан.; каго. Разм. Схіліць да чаго‑н., угаварыць заняцца чым‑н. У Лаўрэна былі тры сыны. Ён таксама хацеў іх наламаць на краўцоўства, але яны ні блізка. Сабаленка.

•••

Наламаць дроў — нарабіць памылак пры выкананні чаго‑н.

Наламаць руку — тое, што і набіць руку (гл. набіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страка́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, паверхня якога пакрыта ўзорамі, палосамі, плямамі розных колераў; рознакаляровы. Стракатая тканіна. Стракаты букет. □ Навокал рассцілалася поле, яшчэ даволі стракатае: за жаўтлявым спелым, жытам зелянела бульба, з другога боку — сінеў лубін. Шамякін. Цяпер будынак школы быў стракаты, у зялёных плямах. Адамчык. [Прузыніна] стракатая хустка мільгацела ў розных кутках сядзібы, зычны голас гучна разносіўся ў прыціхлым вячэрнім паветры. Стаховіч.

2. перан. Які складаецца з розных элементаў; вылучаецца неаднароднасцю. Стракаты склад насельніцтва. □ Увесь гэты стракаты натоўп [рабфакаўцаў], як жывы этнаграфічны музей, рассыпаўся па ўсходах, ка[лі]дорах і аўдыторыях. Колас.

3. Разнашэрсны, плямісты (пра масць жывёл); рознага апярэння (пра птушак). У царстве лясным сустракаю кантрасты, Якіх зразумець не магу аніяк: Прыгожанькі звер — а драпежнік ікласты. Стракатая птушка — ды дрэнны спявак. Жычка. / У назвах жывёл і раслін. Пачаў абстукваць дрэвы стракаты дзяцел. П. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабра́ць, збяру́, збярэ́ш, збярэ́; збяро́м, збераце́, збяру́ць; збяры́; сабра́ны; зак.

1. каго-што. Сканцэнтраваць у адным месцы, запрасіўшы або прымусіўшы прыехаць, прыйсці куды-н.

С. студэнтаў.

2. што і чаго. Назапасіць дзе-н., паступова збіраючы, адшукваючы.

С. многа значкоў.

С. грошы на мэблю.

3. што. Размясціць блізка адно ля аднаго; злучыць што-н.

С. кветкі ў букет.

4. што. Зняць пасля паспявання ўраджай.

С. ягады з кустоў парэчак.

С. добры ўраджай пшаніцы.

5. што і чаго. Пазбіраць, падбіраючы з зямлі рассыпанае, раскіданае; прывесці ў парадак.

С. шчаўя ў суп.

С. бульбу пасля бараны.

С. інструмент са стала.

6. што. Узяўшы з розных крыніц, сканцэнтраваць, змясціць у адным месцы.

С. звесткі.

С. прапановы і заўвагі.

7. што. Пры галасаванні атрымаць пэўную колькасць галасоў за сябе, за сваю кандыдатуру.

С. большасць галасоў.

8. што. Склаўшы ў адно месца. падрыхтаваць, нагатаваць.

С. сумку ў дарогу.

9. каго (што). Падрыхтаваць у дарогу таго, хто ад’язджае.

С. сына ў паездку.

10. што. Злучыўшы асобныя часткі, дэталі. атрымаць што-н. цэлае.

С. матацыкл.

С. будзільнік.

11. перан., што. Мабілізаваць свае сілы, волю, энергію і пад., прывесці сябе ў актыўны стан.

С. волю.

12. што і без дап. Зрабіць зборкі на чым-н.

С. сукенку ў поясе.

13. што. Паставіць, прыгатаваць на стол усё неабходнае для яды.

Тое-сёе можна с. на стол.

С. абед.

|| незак. збіра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. збор, -у, м. і збіра́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

нарэ́заць, ‑рэжу, ‑рэжаш, ‑рэжа; зак.

1. чаго. Разрэзаць чым‑н. вострым на часткі, кавалкі; накроіць. Нарэзаць хлеба. Нарэзаць сыру. □ Бабка Параска нарэзала сала — і для закускі і для яечні. Колас. Маці лячыла лейтэнанта сваімі, хатнімі сродкамі. Узамен бінтоў яна нарэзала з прасціны доўгіх стужак, а для прамыўкі ран .. ужывала адвар з пахучых траў. Курто.

2. чаго. Зрэзаўшы або разрэзаўшы, нагатаваць у нейкай колькасці. Нарэзаць дроў. Нарэзаць сечкі. □ Чакаючы змроку, каб непрыкметна перабегчы ў вёску, Грышка нарэзаў бярозавых дубцоў і пачаў вязаць венік, каб не было ніякага падазрэння. Чарот. // Зрэзаўшы, прыгатаваць, зрабіць. Нарэзаць букет ружаў.

3. каго. Зарэзаць у нейкай колькасці. Нарэзаць гусей.

4. што і чаго. Падзяліць шляхам межавання або выдзеліць у час межавання. Нарэзаць зямлі. □ [Сузон:] — Мне на панскім [полі] хутар нарэзалі, толькі ж куды мне з такімі будынкамі перасяляцца? Галавач.

5. што. Зрабіць нарэзы. Нарэзаць гайку.

6. што. Зрабіць разьбу на чым‑н. Нарэзаць гравюру.

7. што. Спец. Падрыхтаваць участак для выемкі ў шахце. Нарэзаць лаву.

8. што. Зрабіць надрэз на чым‑н.

9. што. Нарабіць зубцоў на піле, назубіць.

10. што. Намуляць чым‑н. Нарэзаць плячо лямкой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)